Усясьветныя мэдыі пішуць, што рэжым Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле аганізуе. Ужо каторы раз. Цалкам верагодна, што цяпер сапраўды ён ня выжыве і зваліцца, ня вытрымаўшы народных пратэстаў і вонкавага ціску.
Сьцісла
- Незвычайная жывучасьць абсалютна неэфэктыўнага рэжыму Мадура.
- Геапалітыка як вонкавы чыньнік падзей у Вэнэсуэле.
- Нэўтральная пазыцыя афіцыйнага Менску як праява здаровага сэнсу.
- Расея жорстка рэагуе, толькі калі ў выніку рэвалюцый у саюзнай дзяржаве адбываецца геапалітычны разварот.
Народныя рэвалюцыі — не такая ўжо рэдкая зьява ў сьвеце. Падзеі ў Вэнэсуэле даюць падставу паразважаць пра вельмі розныя шляхі і пакручасты лёс рэвалюцыйных зьменаў.
Розныя мадэлі рэвалюцый
Лютаўская рэвалюцыя ў Расеі ў 1917 годзе зрынула царскае самаўладзьдзе фактычна за пяць дзён. У момант, калі гаспадар магутнай імпэрыі Мікалай ІІ адрокся ад трона, у вялізнай краіне не знайшлося ніводнага чалавека, які б выступіў у яго абарону. Камандаваньне войска адмежавалася адразу. Вялікая колькасьць розных манархічных чарнасоценных арганізацый раптам зьнікла. Нават вялікія князі начапілі чырвоныя банты. Па той жа схеме разгортваліся рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне, Румыніі ў 1989 годзе.
І наадварот, фэномэн Вэнэсуэлы выяўляецца ў неверагоднай трываласьці, надзвычайнай жывучасьці абсалютна недзеяздольнага рэжыму, які ня ў стане выконваць элемэнтарныя дзяржаўныя функцыі па падтрыманьні жыцьцядзейнасьці грамадзтва. Пасьля сьмерці Уга Чавэса ў 2013 годзе рэжым ягонага пераемніка Нікаляса Мадура адразу апынуўся ў крызісе. За пяць гадоў ён давёў краіну да поўнага краху. У краіне з найбольшымі ў сьвеце запасамі нафты — развал эканомікі, інфляцыя ў мільён працэнтаў, дэфіцыт тавараў першай неабходнасьці, голад, вялізныя чэргі ў крамах, картачная сыстэма, рэгулярныя рабункі і маштабная злачыннасьць. Звыш 3 мільёнаў чалавек, ратуючыся, зьбеглі з краіны.
Усе апошнія гады народ пратэстуе, выходзіць на вуліцы. У сутыкненьнях з паліцыяй загінулі дзясяткі людзей. Апазыцыя кантралюе парлямэнт, некаторыя штаты краіны. Тым ня менш рэжым трымаецца.
Фэномэн трываласьці рэжыму Мадура
Важны чыньнік жывучасьці рэжыму Мадура — падтрымка з боку войска, сілавых структур. Але ня толькі. Ідэі чавэсаўскага сацыялізму даволі папулярныя ў Вэнэсуэле. У пэўным сэнсе яны пасуюць лацінаамэрыканскаму мэнталітэту, тамтэйшай культуры, сыстэме каштоўнасьцяў, у межах якой у людзей існуе вялікая спакуса перадаверыць дзяржаве клопат пра ўласны дабрабыт. Дарэчы, менавіта гэтым тлумачыцца ўстойлівасьць рэжыму братоў Кастра на Кубе, нягледзячы на ягоную відавочную сацыяльна-эканамічную неэфэктыўнасьць.
У асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці не сканчаюцца спрэчкі пра магчымыя пэрспэктывы рэвалюцыйных пераменаў у Беларусі. Па якім варыянце яны могуць пайсьці — па мадэлі расейскай Лютаўскай рэвалюцыі ці па схеме Вэнэсуэлы? Наколькі лукашызм укаранёны ў беларускі мэнталітэт? На гэтыя абстрактныя пытаньні сёньня немагчыма даць пераканаўчы адказ.
Некалі Лукашэнка казаў расейскім журналістам, што калі б у Беларусі было столькі нафты, то ён бы тут пабудаваў Эміраты. Досьвед Вэнэсуэлы сьведчыць, што справа не ў прыродным багацьці.
Вонкавы чыньнік падзей у Вэнэсуэле
Сёньня Вэнэсуэла існуе фактычна ва ўмовах дваяўладзьдзя. ЗША, большасьць краін Лацінскай Амэрыкі падтрымалі лідэра апазыцыі, старшыню вэнэсуэльскага парлямэнту Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам.
Расея падтрымала Нікаляса Мадура. Ня толькі таму, што Масква паўсюль выступае супраць рэвалюцый. Так, мінулым годам Крэмль фактычна нэўтральна паставіўся да народнай рэвалюцыі ў Армэніі. Бо бурлівыя падзеі ў гэтай краіне ня тычыліся геапалітычнай арыентацыі.
А вось у Вэнэсуэле вонкавы чыньнік адыгрывае важную ролю. Нікаляс Мадура абвясьціў народныя пратэсты спробай ЗША ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот і запатрабаваў ад амэрыканскіх дыпляматаў цягам 72 гадзін пакінуць краіну.
На гэтым тле Расея рашуча выступіла ў абарону «законнага прэзыдэнта». Хоць якраз законнасьць улады Мадура выклікае вялікія сумненьні.
Падаецца, выснова, якую можна з гэтага зрабіць, важная і для беларускай сытуацыі. Расея жорстка рэагуе толькі ў выпадку, калі ў выніку рэвалюцыйных зьменаў у саюзнай дзяржаве адбываецца геапалітычны разварот.
Пазыцыя афіцыйнага Менску
У афіцыйнага Менску хапіла здаровага сэнсу заняць у вэнэсуэльскім пытаньні нэўтральную пазыцыю. Прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь выступае за мірны дыялёг «у межах прававога поля і Канстытуцыі» Вэнэсуэлы.
Гэта разумна, бо Вэнэсуэла павінна вярнуць Беларусі немалыя даўгі. Таму ня варта сварыцца з магчымым новым кіраўніцтвам. Але, здаецца, спадзевы на вяртаньне грошай ня вельмі вялікія. Бо грошай у краіне няма. Вэнэсуэльская авантура афіцыйнага Менску дорага каштуе. Дарэчы, Лукашэнка плянаваў у 2018 годзе наведаць Вэнэсуэлу, пра што абвяшчаў публічна. Але, мусіць, зразумеў, што ў краіне, якая цярпіць эканамічны крах, няма чаго лавіць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле
- 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.
Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам
- Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
- Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
- 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура.
- 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
- У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
- 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
- Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
- Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
- У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
- У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.