У наступныя гады Расея і Кітай паспрабуюць кінуць выклік Злучаным Штатам, скарыстаўшыся паслабленьнем міжнароднага парадку, створанага пасьля Другой сусьветнай вайны, сыстэмы, у якой дамінавалі заходнія дэмакратычныя ідэалы. Такі тэзіс зьмяшчаецца ў новай выведнай стратэгіі ЗША, апублікаванай у Вашынгтоне ў аўторак.
Глябальныя тэндэнцыі, сярод якіх зьніжэньне ролі міжнародных інстытуцый, атакі на дэмакратыю і ізаляцыянізм у дзяржаўных структурах заходніх дзяржаў, будуць дамінаваць у агляднай будучыні, лічаць амэрыканскія аналітыкі.
«Працяг Расеяй спробаў павялічыць свой уплыў і ўладу ў розных рэгіёнах сьвету, хутчэй за ўсё, уступіць у супярэчнасьці з мэтамі і інтарэсамі Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў дакумэнце.
«Вайсковая мадэрнізацыя ў Кітаі і яго спробы дамагчыся эканамічнага і тэрытарыяльнага дамінаваньня ў ціхаакіянскім рэгіёне і за яго межамі застаецца падставай для непакою, хоць існуюць магчымасьці сумеснай працы з Пэкінам у пытаньнях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс», — адзначаецца ў выведнай стратэгіі.
Гэты дакумэнт абнаўляецца кожныя чатыры гады. Пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня 2001 году амэрыканская выведка называла міжнародны тэрарызм галоўнай пагрозай для Злучаных Штатаў. Цяпер акцэнт пераносіцца на геапалітычную нестабільнасьць, нэўтралізацыя наступстваў якой можа ўяўляць галоўны выклік Злучаным Штатам.
У дакумэнце таксама гаворыцца пра неабходнасьць знайсьці адказ на зьяўленьне ў руках патэнцыйных праціўнікаў новых тэхналёгій, напрыклад касьмічнай зброі, кібэртэхналёгій, якія дазваляюць падрываць веру грамадзтва ў дэмакратычныя інстытуты, і супэркампутараў, здольных дапамагчы сапернікам ЗША дамагчыся вайсковай перавагі.