Загад Аляксандра Лукашэнкі заняцца вызваленьнем Насьці Рыбкі пераводзіць крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру, піша палітоляг Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
- Цікавасьць найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі да гэтага сюжэту выглядае вельмі дзіўнай.
- Жэст Лукашэнкі трэба разглядаць на тле цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту.
- Лукашэнка чарговы раз прэзэнтуе вобраз зацятага змагара з расейскімі алігархамі.
- Лукашэнка спрабуе паказаць расейцам, хто вінаваты ў іхных сацыяльных праблемах.
Сэксуальнае пытаньне стала палітычным
Скандал зь вядомай сваімі сэксуальнымі прыгодамі Насьцяй Рыбкай (Вашукевіч), яе затрыманьнем, потым вызваленьнем у Маскве мог бы застацца сюжэтам сьвецкай хронікі (які сьвет, такая і хроніка) ці прадметам цікавасьці жоўтай прэсы, калі б ня дзьве акалічнасьці.
Па-першае, расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны сьцьвярджае, што мільярдэр Алег Дзерыпаска асабіста замовіў арышт і пасадку Анастасіі Вашукевіч.
Па-другое, гэтым скандальным сюжэтам зацікавіўся сам Аляксандар Лукашэнка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла kp.by, што кіраўнік дзяржавы «тэрмінова загадаў» заняцца вызваленьнем затрыманай у Расеі Анастасіі Вашукевіч. Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей, адклаўшы ўсе справы, кінуўся вызваляць Насьцю Рыбку, і ўрэшце беларуская дыпляматыя атрымала выдатную перамогу. Кіраўнік МЗС апавядаў парталу Tut.by, як спрытна і хутка ён выканаў даручэньне прэзыдэнта, дамогшыся вызваленьня гэтай скандальнай пэрсоны.
Усё гэта адразу пераводзіць згаданую крымінальна-сэксуальную гісторыю ў палітычную сфэру.
Абарона Насьці Рыбкі выглядае нечаканай
Цікавасьць да гэтага сюжэту вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі выглядае даволі дзіўнай. Беларусь рэдка публічна абараняе сваіх грамадзян, якія зазнаюць крымінальны перасьлед у іншых краінах. А тут раптам.
Да таго ж Насьця Рыбка — асоба, як цяпер прынята далікатна казаць, з «паніжанай сацыяльнай адказнасьцю». Беларусь даўно прэтэндуе на тое, каб ісьці ў авангардзе сусьветнай барацьбы супраць прастытуцыі і гандлю людзьмі. На беларускую ініцыятыву прымаліся нават рэзалюцыі ААН на гэтую тэму. У Беларусі паперасаджалі ў турму гаспадароў мадэльных агенцтваў паводле крымінальнага артыкулу аб гандлі людзьмі.
Беларускі афіцыйны канструкт прапаведуе вельмі кансэрватыўны погляд на пытаньні сэксуальных стасункаў. Лібэральнае стаўленьне да правоў чалавека — гэта не пра Беларусь. І на гэтым тле выступ у абарону правоў жанчыны з маральна сумнеўнымі паводзінамі выглядае нечакана. І патрабуе нейкага тлумачэньня.
Лукашэнка ў вобразе змагара з алігархамі
Думаю, гэты жэст Лукашэнкі трэба разглядаць на тле цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту. І тут варта нагадаць тую гісторыю, дзякуючы якой Насьця Рыбка стала скандальна вядомай.
У пачатку 2018 году расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны абнародаваў расьсьледаваньне пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
Скандал меў значны рэзананс у расейскім грамадзтве. Фільм Навальнага на YouTube праглядзелі звыш 8 млн чалавек, 29% расейцаў чулі пра гэтую гісторыю.
Зь Сяргеем Прыходзькам у Аляксандра Лукашэнкі даўнія непрыемныя рахункі. У 2003 годзе кіраўнік Беларусі абвінаваціў расейскага чыноўніка, які тады займаў пасаду намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, у супрацьдзеяньні беларуска-расейскай інтэграцыі. У 2010 годзе Сяргей Прыходзька ў статусе памочніка прэзыдэнта Расеі абвінаваціў кіраўніка Беларусі ў тым, што той абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і не прызнаў.
Лукашэнка шмат гадоў выступае ў вобразе зацятага змагара з расейскімі алігархамі. Неаднаразова ён даводзіў, што ўсе праблемы Расеі, у прыватнасьці маштабная карупцыя, беларуска-расейскія канфлікты, зьяўляюцца вынікам уплыву сквапных і падступных багацеяў.
Арышт у Менску ў 2013 годзе генэральнага дырэктара расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра выклікаў авацыі ў значнай часткі расейскага грамадзтва. Маўляў, нарэшце знайшоўся палітык, які дасьць рады алігархам. Лукашэнка даўно супрацьпастаўляе расейскаму алігархічнаму капіталізму беларускую сацыяльную мадэль, пабудаваную, як ён даказвае, на аснове справядлівасьці.
Кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка
Цяпер у Расеі абвастраюцца сацыяльныя праблемы, рэйтынг Пуціна ўпаў да рэкордна нізкіх 33%. На гэтым тле, як лічыць Лукашэнка, вельмі на часе паказаць расейцам, хто вінаваты. А заадно патлумачыць і прычыны ціску Крамля на Беларусь.
І калі, паводле інфармацыі Навальнага, арышт Рыбкі замовіў Дзерыпаска, то выглядае, што Лукашэнка выступіў у абарону ахвяры расейскіх алігархаў. То бок кіраўнік Беларусі пераносіць канфлікт на тэрыторыю праціўніка, спрабуе апэляваць да расейскага грамадзтва, абараніць жанчыну, якую перасьледуюць алігархі і карумпаваныя чыноўнікі за тое, што яна расказала праўду пра іх брудныя справункі. Такім чынам Насьця Рыбка нечакана выступае ў якасьці лёгкай фігуры ў шахматнай партыі Масквы і Менску.
Схема прыгожая, але ёсьць вялікі сумнеў, што яна дасьць вынік. Дасьціпныя беларусы могуць прыгадаць, што сам Лукашэнка рэгулярна зьяўляецца на публіцы ў атачэньні прыгожых дзяўчат.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.