Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага


Кадр з тэлефоннага відэазапісу Насьці Рыбкі на яхце Дзерыпаскі. На фота: Алег Дзерыпаска і намесьнік кіраўніка ўраду Расеі Сяргей Прыходзька.
Кадр з тэлефоннага відэазапісу Насьці Рыбкі на яхце Дзерыпаскі. На фота: Алег Дзерыпаска і намесьнік кіраўніка ўраду Расеі Сяргей Прыходзька.

Фонд барацьбы з карупцыяй, які ўзначальвае расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, сьцьвярджае, што расейскі мільярдэр Алег Дзерыпаска асабіста замовіў арышт і пасадку Анастасіі Вашукевіч у тайскай турме.

«Усе тыя незаконныя і досыць жудасныя рэчы, якія адбываюцца з Насьцяй Рыбкай цяпер, — справа рук асабіста Алега Дзерыпаскі», — гаворыцца на сайце Аляксея Навальнага.

ФБК спасылаецца на запісы праслухоўваньня тэлефонных размоваў Дзерыпаскі і ягоных прадстаўнікоў. Аўдыёфайлы разьмешчаныя ў адкрытым доступе ў ютубе. Паводле Навальнага, іх маглі апублікаваць непрыхільныя расейскаму алігарху супрацоўнікі спэцслужбаў.

Усе тры аўдыёзапісы размоў тут.​

Адна з размоваў, як сьцьвярджае ў сваім расьсьледаваеньні ФБК, ідзе паміж Тацьцянай Монэгэн, галоўнай сакратаркай «Міжнароднай гандлёвай палаты», якую сузасноўваў Дзерыпаска, Георгіем Аганавым, дарадцам Дзерыпаскі, і замежным юрыстам. Менавіта юрыст Ўільям, як лічыць Навальны, меў задачу дамагчыся таго, каб грамадзянку Беларусі пасадзілі ў турму.

Юрыст шматкроць кажа, што Рыбку і яе сяброў проста вышлюць з Тайлянду і выпішуць штраф. Калі ня ўцягнутыя наркотыкі, паводле Ўільяма, ніякіх радыкальных захадаў ня будзе.


Прадстаўнікі Дзерыпаскі настойваюць на тым, што Рыбку трэба пасадзіць.

Георгі Аганаў: «​Калі людзей абвінавачваюць у незаконнай фінансавай дзейнасьці і, ну, зарабляньні грошай бяз выплаты падаткаў у Тайляндзе, то звычайна паводле закону гэта каля двух гадоў турмы або пэўны штраф. Могуць спыніцца як на адным, так і на другім. Мы разумеем, што рашэньне павінна быць заснавана на нейкім прынцыпе, і прынцып гэты — тое, што іх трэба пасадзіць».

Пазьней дарадца Дзерыпаскі працягуў: «Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя людзі заставаліся ў турме, а потым суд прысудзіў бы ім адпаведныя турэмныя тэрміны, адпаведне пакараньне паводле мясцовых тайскіх законаў».

Навальны сьцьвярджае, што на карысьць таго, што гэтыя перамовы сапраўдныя, гаворыць той факт, што суд у Краснадарскім краі прыняў рашэньне пра блякіроўку гэтых файлаў у інтэрнэце, гэтак як і блякіроўку расьсьледаваньня Аляксея Навальнага пра Дзерыпаску.

У расьследаваньні ФБК прысутнічае і фрагмэнт размовы самога Дзерыпаскі зь іншым бізнэсоўцам, падчас якога яны абмяркоўваюць Насьцю Рыбку.

Навальны заявіў, што за ўцягваньне ў прастытуцыю павінна адказваць ня Насьця Рыбка, а сам Дзерыпаска, які адабраў беларуску, як «і дзясяткі іншых дзяўчат, у тым ліку непаўналетніх», праз кастынгі, і плаціў ім за сэкс.

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG