Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі дыплямат, які сустрэўся з Лукашэнкам і хваліў Беларусь, пакідае адміністрацыю Трампа


Аляксандар Лукашэнка і Ўэс Мітчэл
Аляксандар Лукашэнка і Ўэс Мітчэл

Памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Ўэс Мітчэл пакідае адміністрацыю Дональда Трампа. Пра гэта ў сваім твітэры паведаміў намесьнік прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту Робэрт Палядына.

41-гадовы Мітчэл, як піша Washington Post, спаслаўся на асабістыя і прафэсійныя прычыны ў лісьце аб адстаўцы ад 4 студзеня.

Робэрт Палядына назваў Мітчэла «каштоўным і эфэктыўным» лідэрам у Дзяржаўным дэпартамэнце і «добрым сябрам саюзьнікаў і партнэраў у Эўропе». Выконваць свае абавязкі Мітчэл спыніць 15 лютага 2019 году. Яго пасаду зойме намесьніца памочніка дзяржаўнага сакратара Элізабэт Мілярд.


Выданьне Washington Post называе Мітчэла галоўным дыпляматам Трампа ў эўрапейскіх справах. У кастрычніку летась ён наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Раней Мітчэл назваў Беларусь часткай антыімпэрскага муру.

Гэта яму Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што «беларусы будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнэрамі» ЗША, калі Менск і Вашынгтон прасунуцца ў двухбаковых адносінах.

Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, памочнік дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл падкрэсьліў значэньне, якое ЗША надаюць пытаньню незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі.

«Мы выдатна разумеем глыбокія і блізкія ўзаемаадносіны вашай краіны і Расейскай Фэдэрацыі, якія склаліся гістарычна. І мы выдатна разумеем той посьпех, якога вы дамагліся ў справе забесьпячэньня стабільнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці. У першую чаргу палітычнай стабільнасьці ў Беларусі», — сказаў ён.

Мітчэл запэўніў, што ЗША бачаць вялікі патэнцыял у разьвіцьці як дыпляматычных, так і эканамічных сувязяў зь Беларусьсю.

Падчас візыту ў Менск Уэс Мітчэл сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, а таксама ўсклаў кветкі да помніка Янку Купалу.

Падчас выступу ў кастрычніку ў Вашынгтоне Ўэс Мітчэл заявіў, што стратэгія ЗША ў адносінах да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы заснаваная на наступных прынцыпах:

  • Вашынгтон, па-першае, будзе дамагацца «пазытыўнага ўплыву» за мяжой з дапамогай свайго іміджу. «Амэрыка — магутная дэмакратыя, яркі маяк волі, чыё сьвятло прыцягвае іншых», — патлумачыў Мітчэл.
  • Другі прынцып — ЗША чакаюць, што краіны, якім Амэрыка дапамагае, «ня будуць патураць супернікам». «Заходняя Эўропа ня можа працягваць узмацняць сваю энэргетычную залежнасьць ад той самай Расеі, ад якой яе абараняе Амэрыка», — прывёў прыклад дыплямат. Непрымальна, што саюзьнікі ЗША ў Цэнтральнай Эўропе падтрымліваюць энэргетычныя праекты накшталт «Паўночнага патоку-2», дадаў ён. Гэта робіць увесь рэгіён больш уразьлівым перад Расеяй.
  • Трэці прынцып: ЗША будуць паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт саюзьнікаў — Украіны, Грузіі «і нават Беларусі», «муру супраць расейскага нэаімпэрыялізму».

14 студзеня кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пацьвердзіў інфармацыю аб перамовах з ЗША наконт зьняцьця абмежаваньняў на колькасьць дыпляматаў абедзьвюх дзяржаваў. Ён дадаў, што Міністэрства замежных справаў Беларусі вядзе перамовы зь Дзярждэпартамэнтам ЗША аб шэрагу пытаньняў:

«Гэтыя перамовы ўключаюць і зьняцьце абмежаваньняў на колькасьць дыпляматаў, якія будуць працаваць у амбасадах абедзьвюх краін. Мы разумеем, што нам трэба вярнуць нашы стасункі на ўзровень амбасадараў, а не часовых павераных».

Санкцыі, паводле Макея, гэта перажытак мінулага:

«Абедзьве краіны зразумелі, што трэба браць курс на супрацоўніцтва і перагледзець тыя рашэньні, якія прымаліся дзесяць і болей гадоў таму.

Мы разумеем ролю Злучаных Штатаў Амэрыкі, і мы зацікаўленыя ў паляпшэньні стасункаў з гэтай вялікай краінай, асабліва гандлёва-эканамічных. Таму мы прыйшлі да высновы, што трэба перагледзець некаторыя аспэкты беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў».

Што азначае звальненьне Мітчэла

Адстаўку Ўэса Мітчэла камэнтуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

«Сыход з пасады Ўэса Мітчэла кепскі для Беларусі найперш няпэўнасьцю, нявызначанасьцю далейшага разьвіцьця падзеяў. Дамоўленасьць пра аднаўленьне поўнай дыпляматычнай прысутнасьці ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША была дасягнутая ў значнай ступені дзякуючы Мітчэлу, ён вёў перамовы па гэтым пытаньні і быў абазнаны ў іх дэталях.

Менавіта ён зрабіў гучную заяву пра тое, што Ўкраіна, Грузія і нават Беларусь — аплот супраць расейскага нэаімпэрыялізму.

Зразумела, ён ня быў асобай, якая вызначае палітыку ЗША адносна Беларусі. Але ён валодаў пытаньнем, у яго выпрацаваліся падыходы да яго. Новы чалавек — гэта новы чалавек. Ён можа быць лепшым, можа горшым, але гэта невядома. Яму спатрэбіцца вялікі час, каб увайсьці ў курс справаў, а беларускія справы будуць сярод іх далёка ня першымі. Таму нармалізацыя дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю проста з гэтай прычыны можа адбыцца пазьней, чым калі б спадар Мітчэл застаўся на пасадзе».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG