Беларусь зьняла абмежаваньні на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску, паведаміў часопіс Foreign Policy са спасылкай на ўласныя крыніцы. Свабода спыталася ў беларускіх палітолягаў і палітыкаў, што адбываецца.
Foreign Policy расцэньвае гэта як «вялікі крок», «пачатак адлігі» і зьвязвае рашэньне з канфліктам Аляксандра Лукашэнкі з Расеяй.
У МЗС Свабодзе пацьвердзілі факт перамоваў Менску і Вашынгтону, але не пацьвердзілі і не абверглі зьняцьце абмежаваньняў.
У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Пазьней кіраўніцтва дыппрадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў, таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску, было зьніжанае з узроўню амбасадараў да ўзроўню часовых павераных.
«Адбываецца даволі звычайная рэч»
Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік Tut.by
«Адбываецца даволі звычайная рэч у беларуска-заходніх дачыненьнях. Як толькі абвастраюцца стасункі з Расеяй (а за апошнія гады яны абвастрыліся да максымуму), Беларусь робіць крокі на Захад. Гэта будзе адзін з самых заўважаных і гістарычных крокаў афіцыйнага Менску на амэрыканскім кірунку. Мы бачым поўную нармалізацыю беларуска-амэрыканскіх стасункаў. Выхад з працяглага дыпляматычнага крызісу».
«Можа быць вернуты амэрыканскі амбасадар»
Дзяніс Мельянцоў, палітоляг, каардынатар праграмы «Зьнешняя палітыка Беларусі» ініцыятывы «Менскі дыялёг»
«Гэта азначае, што паскорыцца працэс вяртаньня паўнавартасных дыпляматычных стасункаў. Самы аптымістычны прагноз, што недзе зь верасьня-кастрычніка можа быць вернуты амэрыканскі амбасадар. А больш рэалістычны, улічваючы бюракратычныя перашкоды, амбасадарскі ўзровень можа вярнуцца ў наступным годзе. Магчыма, Вашынгтон паглядзіць, як пройдуць наступныя прэзыдэнцкія выбары, і тады ўжо зробіць канчатковы крок».
«Гэта паступовае наладжваньне стасункаў з ЗША»
Андрэй Ягораў, палітоляг, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі
«Ідзе паступовае наладжваньне стасункаў з ЗША пасьля крызісу 2008 году і скарачэньня дыпкорпусу. З агульным пацяпленьнем з Захадам у 2015 годзе гэтыя стасункі сталі наладжвацца. Мы бачым, што гэта наступны крок. Ён адбываецца ў кантэксьце значнага пагаршэньня стасункаў з Расеяй, зьявіліся чуткі пра магчымае паглынаньне Беларусі Расеяй. Гэты крок будзе інтэрпрэтавацца нашымі ўсходнімі суседзямі як рух Беларусі на Захад. Хоць нічога значнага ў гэтым сэнсе не адбываецца».
«Каб гэта ня стала чарговай маніпуляцыяй»
Тацяна Караткевіч, сустаршыня грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду»
«Гэта добрая навіна, бо нам патрэбны нармальныя, партнэрскія дачыненьні. Я ня думаю, што адбываецца нешта рэзкае. Гэта паступовае, даўно чаканае рашэньне. Беларусь прэтэндуе называцца дэмакратычнай, адкрытай краінай, і ў такім рэчышчы павінны разьвівацца дачыненьні з ЗША. Галоўнае, каб гэта не было чарговай маніпуляцыяй. Бо ў нашай гісторыі былі розныя факты: то мы пашыраем супрацоўніцтва з ЗША ў розных кірунках, то ліквідуем гэтую магчымасьць. Калі вырашылі разьвіваць партнэрскія, устойлівыя стасункі, то трэба над гэтым працаваць. Толькі наперад, ні кроку назад».
«„Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“ будзе цяжка адмяніць»
Раман Якаўлеўскі, палітычны аглядальнік
«Безумоўна, гэта здаровы крок. Гэта шлях нармалізацыі ненармальных на сёньня стасункаў паміж дзьвюма краінамі. Калі гаворка насамрэч ідзе аб зьняцьці абмежаваньняў, то гэта, безумоўна, пазытыўны крок.
Але калі ўсё ж зьявіцца амбасадар ЗША? Дагэтуль была інфармацыя, што гэта хутка не адбудзецца. Няма амбасадараў, няма нармальных стасункаў. Трамп ужо трэці прэзыдэнт, які пралянгуе „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“. Яго будзе вельмі цяжка адмяніць».
«Проста надышоў час»
Валерыя Касьцюгова, палітоляг, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение»
«Гэта працэс нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх стасункаў, які пачаўся даўно, ён ідзе доўга. У мінулым годзе было некалькі важных візытаў, якія давалі надзею, што нармалізацыя працягнецца. Былі абмежаваньні, цяпер яны здымаюцца. Проста надышоў час. Гэта паступальны крок, але ён не выключае ходу назад у выпадку, калі будуць нейкія непрымальныя ўмовы для далейшай нармалізацыі».
«Гэта крок у піку ціску Расеі»
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі
«Зацяжны канфлікт з ЗША нічога, акрамя шкоды, Беларусі ў міжнароднай палітыцы і ў эканоміцы не прынёс. Шкада, што гэты крок зроблены не зыходзячы са зьмены нацыянальнай палітыкі, а толькі ў піку ціску Расеі — пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным.
Пакуль ніякіх кардынальных зьменаў у падыходах ні ў міжнароднай палітыцы, ні ва ўнутранай няма. Трэба праводзіць свабодныя выбары, захоўваць правы чалавека, рабіць рэальныя крокі ад дыктатуры да дэмакратыі. Лукашэнка да гэтага абсалютна не гатовы».