Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не для нас ананас — 2019. Як за 2 гады ў Беларусі вырасьлі цэны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За 2017–2018 гады «кошык» тавараў і паслуг, якія Свабода выкарыстоўвала ў якасьці індыкатараў у праекце «Не для нас ананас», падаражэў на 8,56%, што не нашмат адрозьніваецца ад афіцыйных зьвестак наконт інфляцыі.

У студзені 2017 году на Свабодзе стартаваў праект «Не для нас ананас» — мы адсочвалі як кожны месяц мяняліся цэны на 10 тавараў і паслуг. Прайшло два гады, і мы параўналі цэны студзеня 2017 году з цэнамі ў студзені 2019 году.

Паводле падлікаў Свабоды, у сярэднім «кошык» з 10 тавараў і паслуг за 2 гады падаражэў на 8,56%.

Зьмяненьне цэнаў на адны і тыя ж прадукты мы адсочвалі ў адной і той жа сетцы супэрмаркетаў «Суседзі».

Сьвініна (шыя) падаражэла менш за ўсё — на 4,1%. У студзені 2017 году кіляграм каштаваў 11 рублёў 99 капеек, у студзені 2019 году — 12 рублёў 49 капеек.

Найбольш істотна падаражэў «другі хлеб» беларусаў — бульба: амаль удвая. Кіляграм звычайнай беларускай бульбы 2 гады таму каштаваў 38 капеек, сёньня — 75 капеек (рост 97%). Для параўнаньня: 1 кіляграм мытай бульбы ў «Суседзях» каштуе 1 рубель 32 капейкі).

Хлеб падаражэў на 11,5%. За паўкілё нарэзанага хлеба «Добры» ў студзені 2017 году трэба было заплаціць 91 капейку, сёньня — 1 рубель 4 капейкі.

На столькі ж — 11,5% — падаражэў 1 літар 2,5% малака «Савушкін» (1 рубель 30 капеек 2 гады таму супраць 1 рубля 49 капеек зараз).

Амаль на траціну падаражэлі яйкі (2 рублі 55 капеек сёньня, 1 рубель 99 капеек — 2 гады таму). Але сёньня ў продажы ёсьць і салігорскія яйкі «Чыстыя» коштам 3 рублі 15 капеек за дзясятак.

Не зьмянілася цана на алей — 1 літар алею «Золотая семечка» па-ранейшаму каштуе 2 рублі 99 капеек.

Патаньнеў толькі цукар — на 9% (1 рубель 69 капеек у студзені 2017 году, 1 рубель 55 капеек у студзені 2019 году).

На 5 капеек падаражэў праезд у грамадзкім транспарце (10%).

Бэнзін АІ-95 падаражэў на 12% (у студзені 2017 году літар каштаваў 1 рубель 19 капеек, сёлета ў студзені — 1 рубель 52 капейкі).

Прыкладна на столькі ж — на 12,7% — падняліся цэны на квіткі ў кіно.

Паводле афіцыйных зьвестак Белстату, інфляцыя ў Беларусі за 2017 год склала 4,6%, за 2018 год — 5,6%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG