Дачыненьні Беларусі і Расеі з новага году сталі адной з дамінуючых тэмаў ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы. Танальнасьць дыскусій закранае практычна ўвесь спэктар эмоцый — ад «Лукашэнка здаў Беларусь» да «Трэба чакаць наступу Расеі зь беларускай тэрыторыі».
Нягледзячы на тое, што ва Ўкраіне транслююцца два каналы, «Беларусь 24» і беларускамоўны «Белсат», пераважная большасьць украінцаў дагэтуль выкарыстоўваюць для свайго аналізу сытуацыі ў Беларусі інфармацыю з расейскіх крыніц і вельмі рэдка — зь беларускіх ці польскіх мэдыя.
Менавіта гэтым, напэўна, і можна патлумачыць часам даволі катэгарычныя ацэнкі, якія грунтуюцца не заўсёды на праўдзівай інфармацыі. Але тое, што Расея ня спыніцца на анэксіі часткі тэрыторыі толькі Ўкраіны, — адзінае, з чым пагаджаецца большасьць кіеўскі экспэртаў.
Дэпутат прапануе Ўкраіне рыхтавацца да анэксіі Беларусі Расеяй
Народны дэпутат Украіны Ігар Гузь, які прадстаўляе ў парлямэнце фракцыю «Народны фронт» і зьяўляецца намесьнікам кіраўніка камітэту Вярхоўнай Рады ў замежных справах, заклікаў прэзыдэнта Пятра Парашэнку, урад і Міністэрства замежных спраў Украіны тэрмінова распрацаваць новую стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю. Ён перакананы, што ўкраінскія ўлады мусяць адрэагаваць на выклікі, зьвязаныя з новым этапам ціску Крамля на Беларусь і магчымым яе далучэньнем да Расеі.
«У любы момант сытуацыя можа абвастрыцца, у тым ліку праз зьмяшчэньне Лукашэнкі або ягоную ліквідацыю, і можа адбыцца атака Крамля на суседнюю дзяржаву. Больш як тысяча кілямэтраў украінска-беларускай мяжы, будзем казаць шчыра, амаль неабароненыя. Адпаведна гэта можа пагражаць нам інтэрвэнцыяй з поўначы на тэрыторыю нашай краіны. Ці ёсьць нейкія дзеяньні ўраду ды Міністэрства замежных спраў для папярэджаньня такой сытуацыі? На мой погляд, іх няма», — заявіў Ігар Гузь у парлямэнце.
Больш як тысяча кілямэтраў украінска-беларускай мяжы, будзем казаць шчыра, амаль неабароненыя.
Найперш дэпутат прапануе кадрамі і фінансамі ўзмацніць працу ўкраінскай амбасады ў Беларусі і актывізаваць супрацоўніцтва ў такіх сфэрах, як папулярызацыя агульных старонак нацыянальный гісторыі (у якасьці прыкладу Ігар Гузь назваў такую гістарычную постаць, як Канстанцін Астроскі), правядзеньне супольных зь беларускімі журналістамі трэнінгаў, каб супрацьстаяць інфармацыйнай вайне Расеі, а таксама павелічэньне прысутнасьці Ўкраіны ў інфармацыйнай прасторы Беларусі.
Адначасова, паводле яго, Украіна мусіць распрацаваць дзеяньні на выпадак анэксіі Беларусі Расеяй.
«У такім выпадку расейскія войскі бесьперашкодна і вельмі хутка могуць быць у Луцку, Роўне, Жытоміры і ў Чарнігаве. Таму пытаньні тэрытарыяльнай абароны, фартыфікацыйных збудаваньняў, мадэляваньня мабілізацыі найперш у гэтых абласьцях мусяць быць распрацаваныя, і мы павінны працаваць на апярэджваньне. Але гэтага ня робяць зараз, не рабілі гэтага і ў часе ваеннага становішча», — заявіў Ігар Гузь.
Беларусь для Расеі — як Аўстрыя для Нямеччыны
Кіраўнік Асацыяцыі палітычных навук (г. Крапіўніцкі) Дзьмітры Сінчанка параўноўвае становішча сучаснай Беларусі з Аўстрыяй у 30-я гады мінулага стагодзьдзя:
«Масква лічыць беларусаў часткай расейскага этнасу. Дзьвюма краінамі гэтак жа кіруюць два аўтарытарныя рэжымы, яны гэтаксама маюць агульную мяжу, „агульную мову“ (бо беларуская практычна выйшла з ужытку), міт аб агульнай гісторыі...
Крэмль гэтак жа, як і нацысты ў Аўстрыі, падтрымліваў апазыцыйныя рухі ў Беларусі, якія Лукашэнка, як і аўстрыйскі канцлер, пасьпяхова прыдушваў. Пуціну, як і Гітлеру, удалося ўзяць пад свой кантроль беларускіх сілавікоў і зьвязаць свайго калегу саюзнымі дамовамі. Цяпер засталося толькі атрымаць подпіс Лукашэнкі пад дамовай аб „добраахвотным“ далучэньні ягонай краіны да Расейскай Фэдэрацыі або аддаць каманду на правядзеньне апэрацыі дзеля канчатковай акупацыі Беларусі».
Паводле экспэрта, Беларусь знаходзіцца ў яшчэ горшым замежнапалітычным становішчы, чым тагачасная Аўстрыя, у адрозьненьне ад якой у Лукашэнкі няма гаранта-хаўрусьніка ў выглядзе фашысцкай Італіі. «А ў тым, што гарантыі ядзерных дзяржаў паводле Будапэшцкім мэмарандуме не працуюць, Беларусь магла пераканацца на прыкладзе Ўкраіны».
Адзіны шанец для Беларусі захаваць сваю незалежнасьць — ваяваць.
«Адзіны шанец для Беларусі захаваць сваю незалежнасьць — ваяваць. Не дазваляць маскоўскім захопнікам ажыцьцяўляць бесьперашкодную акупацыю. З Лукашэнкам на чале або безь яго, афіцыйнымі ўзброенымі сіламі або народным рухам супраціву.
Беларусы мусяць разумець, што, нягледзячы ні на што, яны ўсё ж маюць хаўрусьніка — Украіну. І нашы ўзброеныя сілы ўжо сёньня павінны мець плян абароны Беларусі — ня толькі таму, што мы маем значна больш падстаў лічыць беларусаў сапраўды братэрскім народам, у адрозьненьне ад расейцаў; ня толькі таму, што ў нас агульная гісторыя; ня толькі таму, што гэта наш эканамічны партнэр, а найперш таму, што маем 1084 кілямэтры агульнае мяжы. Калі не адстаяць незалежнасьць суседняй краіны, гэтыя тысячы кілямэтраў могуць стаць яшчэ адным фронтам вайны з Крамлём», — мяркуе Дзьмітры Сінчанка.
«Беларусь не васал Расеі»
Палітоляг Антон Фянько, якога зьвязваюць зь Віктарам Медзьведчуком, адным зь лідэраў створанага перад прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне апазыцыйнага блёку «За жыцьцё» (укр. «За життя»), перакананы, што Беларусь ня ёсьць сатэлітам Расеі:
Сёньня сапраўды склалася вельмі няпростая сытуацыя, якая патрабуе такіх міратворчых пасярэдніцкіх намаганьняў.
«Беларусь — хаўрусьніца і партнэр Расеі. У іх дачыненьнях часам іскрыць. Гэта абсалютна прыродныя канфлікты, зьвязаныя з пастаўкамі нафты, газу, з коштам на іх, з пазыцыяй расейскіх фінансава-прамысловых групаў. Гэтыя трэньні часам абвастраюцца, потым мы назіраем дээскаляцыю, але сёньня сапраўды склалася вельмі няпростая сытуацыя, якая патрабуе такіх міратворчых пасярэдніцкіх намаганьняў.
Але ў гэтай сытуацыі ёсьць ня толькі беларуска-расейскі кантэкст, таму што дагэтуль, падабаецца нам гэта ці не, але эўрапейскія партнэры Ўкраіны не прадэманстравалі эфэктыўнасьці ва ўрэгуляваньні крызісу на Данбасе», — заявіў Антон Фянько ў эфіры тэлеканалу «112 Україна».
Палітоляг таксама ня выключыў, што Віктар Медзьвядчук, зь якім нядаўна сустракаўся Аляксандар Лукашэнка, можа выконваць функцыі пасярэдніка між Крамлём і Менскам:
«Дачыненьні між трыма ўсходнеславянскімі краінамі сёньня патрабуюць сур’ёзных перамоў і вельмі сур’ёзнага дыялёгу. Безумоўна, пры ўсёй важнасьці (менскай) трохбаковай кантактнай групы — гэта перамовы паводле вельмі вузкага парадку дня, а патрэбен шырокі дыялёг, у якім важная роля мусіць быць адведзеная эфэктыўным мэдыятарам, пасярэднікам; тым людзям, якія ўжо маюць рэпутацыю на міратворчай ніве».