У Заводзскім раённым судзе Менску пачаўся працэс над Сяргеем Карыцькам, былым галоўным урачом Рэспубліканскага цэнтру мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэньня.
Паводле абвінавачаньня, Сяргей Карыцька атрымаў 2 тысячы даляраў хабару за спрыяньне фірме «МэдыкалЮніт» у пастаўцы абсталяваньня для цэнтру.
Сьледзтва даводзіць, што грошы Карыцька атрымаў у красавіку 2018 году ад бізнэсоўца Ўладзімера Ладуцькі.
«Хабар браў, але толькі раз»
Сяргей Карыцька сказаў на судзе, што прызнае віну цалкам. Аднак судзьдзя, выслухаўшы ягоныя паказаньні, палічыла, што падсудны недагаворвае.
«Вы кажаце, што цалкам прызнаеце сябе вінаватым, але паводле абвінавачаньня вы ня толькі незаконна атрымалі 2 тысячы даляраў, але і спрыялі ў пастаўках. У паказаньнях вы гэтага не прызналі. Патлумачце, чаму?» — перапытала судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.
Сапраўды, паводле матэрыялаў справы, Сяргей Карыцька спрыяў Ўладзімеру Ладуцьку ў пастаўках у цэнтар рознага мэдыцынскага абсталяваньня празь фірму «МэдыкалЮніт». Шмат разоў зь ім сустракаўся, дзяліўся зьвесткамі, думкамі, у тым ліку хабар атрымаў у офісе фірмы.
«У нас толькі дзелавыя адносіны, сустракаліся толькі па справах» — адказаў падсудны.
Прагучалі ў судзе сумненьні і адносна таго, ці толькі 2 тысячы даляраў атрымаў ад Ладуцькі былы галоўны ўрач водагразелячэбніцы Карыцька. Але Карыцька настойваў: «Хабар браў толькі раз».
Карыцька кажа, што яму сорамна:
«Не хацелася б заканчваць вось так, але, на жаль, назад жыцьцё не адматаеш: што ёсьць, тое ёсьць».
Наконт прычыны, чаму ўзяў грошы, ён сказаў: «Чорт спакусіў, па дурасьці ўзяў».
Што спрыяла хабару?
Сяргей Карыцька паведаміў пра сытуацыю, якая склалася ў аддзяленьні гінэкалёгіі цэнтру ў канцы 2017 году. Тады адразу сапсаваліся 3 з 10 апаратаў УГД, і ён паклапаціўся пра тэрміновую закупку новых, бо рамантаваць старыя не было сэнсу.
«Ім па 15 гадоў, гэта ва ўсіх сэнсах мінулае стагодзьдзе».
Раней апараты УГД ужо пастаўляла ў цэнтар фірма «МэдыкалЮніт», і таму ён распарадзіўся рыхтаваць дакумэнты на новую закупку ад гэтай фірмы, якую зьбіраліся аплаціць праз пазабюджэтны фонд.
«Частку грошай мы зарабляем самі праз платныя паслугі і можам імі распараджацца», — патлумачыў падсудны. Паводле матэрыялаў справы, апарат УГД урэшце набылі: кітайскі, танны, але іншага вытворцы і празь іншага пастаўшчыка. Тое, што ня фірма «МэдыкалЮніт» выйграла гэты тэндэр, паводле сьледзтва, адбылося «па незалежных ад падсуднага прычынах»; ён жа, мяркуюць сьледчыя, працягваў спрыяць бізнэсоўцу Ўладзімеру Ладуцьку. Аднак Карыцька адмаўляе, што стала садзейнічаў бізнэсоўцу і атрымліваў ад яго грошы ня раз.
Чаму не вярнуў грошы, калі тэндэр прайгралі?
Паводле пракурора, 2 тысячы даляраў хабару Сяргей Карыцька не пасьпеў патраціць, яны былі знойдзеныя падчас ператрусу ў ягоным загарадным доме ў Аксакаўшчыне пад Менскам.
«А іншыя грошы, якія там знайшлі, гэта ня хабар?» — пацікавілася ў падсуднага судзьдзя Сьвятлана Чарапанава.
Сяргей Карыцька настойвае, што іншыя грошы да карупцыі дачыненьня ня маюць. Пры гэтым ён уцямна не патлумачыў суду, чаму не вярнуў 2 тысячы даляраў хабару бізнэсоўцу Ладуцьку, хоць тэндэр на пастаўку апарата УГД ягоная фірма ня выйграла. На думку падсуднага, такім было жаданьне Ладуцькі, якое ён ня можа патлумачыць, а сам ён «толькі спакусіўся на лёгкія грошы».
Сьведка Ірына Шастакова, якая займаецца афармленьнем закупак прэпаратаў і абсталяваньня, згадала, што праз фірму «МэдыкалЮніт» Цэнтар мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэньня закупляў ня толькі апараты УГД, але і іншае абсталяваньне, у прыватнасьці машыны для мыцьця ў 2014 годзе.
Сяргей Карыцька знаходзіцца пад пад хатнім арыштам, піша вершы, час ад часу дае кансультацыі. Пра гэта ён сам расказаў журналістам перад пачаткам працэсу.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.