Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НТВ: у Беларусі падымаюць галовы русафобы, а гэта ж Расея дала беларусам дзяржаву


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскі тэлеканал НТВ прысьвяціў некалькі хвілінаў эфірнага часу, каб паведаміць сваім гледачам пра рост нацыяналізму ў Беларусі і адсутнасьць беларускай дзяржаўнасьці ў мінуўшчыне.

У эфіры інфармацыйнай перадачы «Сегодня» вядучыя згадалі пра заклік Партыі БНФ да ўладаў Беларусі абмежаваць трансьляцыю расейскіх каналаў.

«Яна (партыя. — РС) абвінаваціла расейскія каналы ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, заявіўшы, што яны вядуць інфармацыйную вайну супраць Беларусі», — анансавала тэму вядоўца.

Затым другі вядоўца анансаваў матэрыял, дзе, паводле яго, аналізуецца, хто і чаму спрабуе прымусіць жыхароў Беларусі ненавідзець Расею.

«Хто ў страшным сьне мог прадказаць, што ў сталіцы Беларусі, у Менску, будуць нападаць на людзей толькі таму, што яны расейцы», — пачаў апавядаць дыктар.

Далей быў паказаны эпізод здарэньня ў менскім мэтро, калі, як мяркуецца, адзін з пасажыраў выгнаў мужчыну ў казацкай шапцы з вагона са словамі «Чумадан, вакзал, Расея».

Далей закадравы голас пытаецца:

«Што рабіць беларускім уладам, якія працягваюць адбіваць атакі нацыяналістаў у Інтэрнэце».

У якасьці экспэрта, які пацьвердзіў існаваньне атак нацыяналістаў у сеціве, выступіў блізкі да прарасейскіх колаў у Беларусі публіцыст Аляксей Дзерман. Ён заявіў, што тое, што адбываецца ў сеціве, зьяўляецца «працуючай сыстэмай, з пастаянным падсілкоўваньнем — арганізацыйным, фінансавым, мэтадалягічным».

Далей дыктар агучыў заяву пра тое, што да пачатку ХХ стагодзьдзя на мапе сьвету не існавала дзяржавы Ўкраіны. Тое самае было паўторана і пра Беларусь. Пра гісторыю абвяшчэньня БНР і намаганьні бальшавікоў яе зьнішчыць згадак не было.

«...Таксама як і Беларусь, якая была часткаю Расейскай імпэрыі. Савецкая ўлада зьмяніла расклад, намаляваўшы новыя межы, зрабіўшы дзьве ўтвораныя рэспублікі прывілеяванай часткай Саюзу».

Дыктар працягваў: маўляў, навукоўцы выявілі ня толькі агульную шматвяковую гісторыю, культуру і традыцыі беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, але нават тое, што «генэтычны код трох народаў практычна супадае».

«Цяперашнія палітыкі на Захадзе і іхныя сатэліты ва Ўкраіне разрываюць на часткі адзіны этнас», — дадаў дыктар.

Як ілюстрацыя сумнеўнай будучыні Ўкраіны і Беларусі была прыведзеная Сэрбія, якая, на думку журналістаў НТВ, нават падзяліўшыся, так і ня стала часткай ЭЗ.


«Таму лепш трымацца разам», — канстатуе аўтар сюжэту.

Учора ў падобным тоне выказаўся прапагандыст тэлеканалу «Россия 1» Дзьмітрый Кісялёў. Ён заявіў, што «калі і ў Менску вырашаць застацца без Расеі, то будучыня Беларусі — прывідная. Расея, вядома ж, аслабее, але Беларусі проста ня будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG