Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ абвясьціла год беларускай мовы, заклікае падтрымаць беларускамоўнае навучаньне


1 верасьня ў беларускамоўнай 23-й гімназіі, Менск
1 верасьня ў беларускамоўнай 23-й гімназіі, Менск

«Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве, прынятай 12 студзеня на паседжаньні партыйнага сойма, перадае БелаПАН.

Падставай для заявы сталі заявы расейскіх палітыкаў пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі.

«Пакуль існуе „саюзная дзяржава“, існуе пагроза аншлюсу, ліквідацыі беларускай дзяржавы і яе інкарпарацыі ў склад Расеі», — перакананыя ў Партыі БНФ.

Найважнейшым элемэнтам дзяржаваўтвараючага падмурка зьяўляецца беларуская мова, лічаць у партыі.

«Выбар на карысьць беларускай мовы — гэта выбар на карысьць нацыянальнай дзяржавы і, у рэшце рэшт, адзіны магчымы выбар для сапраўднага беларускага патрыёта», — гаворыцца ў заяве сойма.

Прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных нападаў супраць Беларусі і беларусаў, Партыя БНФ абвяшчае 2019 год годам беларускай мовы, а таксама заклікае ўсіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валоданьня беларускай мовай, карыстацца ім ва ўсіх жыцьцёвых выпадках, ініцыяваць стварэньне беларускамоўных груп і рухаў у навучальных установах.

Аўтары заявы таксама заклікаюць усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва ўказваць беларускую мову ў якасьці роднай мовы.

Беларускі бізнэс, усіх вытворцаў тавараў і паслуг заклікаюць карыстацца беларускай мовай у рэклямных кампаніях, афармленьні тавараў, камунікацыі з пакупнікамі.

Акрамя гэтага, аўтары заявы патрабуюць дзяржаўнай праграмы разьвіцьця і падтрымкі беларускамоўнага навучаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG