Беларусаў ашчасьлівілі на Стары новы год — у Астраўцы прыдумалі грамадзкае абмеркаваньне: што потым рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам?
Сутнасьць прапанаванага пытаньня простая: ці вазіць ў Расею на перапрацоўку, а затым вяртаць назад у Астравец, ці адразу закопваць на месцы?
І каб адразу прыдушыць «здрадніцкую думку», начальства наперад стукнула кулаком: не запусьціць АЭС немагчыма!
Але гэта мана: няма нічога немагчымага. Хіба немагчыма было не будаваць АЭС? Яшчэ як магчыма!
А нам прапануюць нібы абмеркаваньне, зьмест якога — «і так дрэнна, і так кепска». Што тут абмяркоўваць? Каму гэта трэба? Вочы Эўропе каб затуманіць?
Ня трэба думаць, што памяць у яе зусім кароткая. Як можна забыць словы кіраўніка РБ, што будучая АЭС мае быць «косткай у горле Эўропы»? Што гэта значыць? Першы сэнс: што Эўропа падавіцца косткай ад «апошняй дыктатуры», якой мела нахабства сінявокую рэспубліку абазваць. Другі: што будзе купляць за эўра электрычнасьць з АЭС, як купляе прадукты нафтаперапрацоўкі і ня крывіцца.
Навошта Лукашэнку такія неабачлівыя рэчы былі патрэбныя? Навошта рызыкаваць? З гэтым таксама ніякага сакрэту: для стварэньня ўласнай міталёгіі патрэбныя перамогі. Ня толькі ўнутраныя, але і зьнешнія.
Але ўсё цячэ, усё зьмяняецца. Цяпер ён і сам ня супраць што-небудзь з гіганцкай будоўляй зрабіць, тым больш ня ведаючы, як яе ўбудаваць у родную эканоміку.
І хацелася б, зразумелая рэч, з той Эўропай дамовіцца нейк, але пакуль не выходзіць. Хаця ўсё зноў жа проста. Літоўцы бяруць пастаянна на закрыцьцё Ігналінскай АЭС? Ну дык і вы бярыце! Галоўнае — граматна складзены «бізнэс-плян». Вучыцеся ў суседзяў. Галоўнае без амбіцый.
Лепшай нагоды не прыдумаць — каб «падрэтушаваць» у вачах Эўропы невыгоднае ўражаньне ад абяцанай ёй косткі ў горле. І заўважце: на яе ж грошы.
І апошняе пытаньне: што на практыцы рабіць з самой АЭС, у якую мы ня будзем загружаць небясьпечнае ядзернае паліва? Дык што заўгодна. Варыянтаў тысячы.
Першае, ад чаго трэба таньчыць: гэта цяпер сучасны «цуд сьвету», якія былі некалі ў антычныя часы. Самае элемэнтарнае: зрабіць яго турыстычнай Мекай. Нашай, беларускай.
У Горадню тысячамі едуць сёньня літоўцы ды палякі (і ня толькі яны). Пакажам ім пад Астраўцом гіганцкія пабудовы. Гэта будуць нашы вежы «дружбы народаў», на гару будуць падымацца турыстычныя групы, каб праз оптыку паглядзець на прыгожы Нарачанскі край, каб убачыць тую славутую прыгажуню Вільню і каб глянуць на Ігналінскую АЭС, якая ўсё закрываецца на эўрапейскія грошы і ніяк ня можа закрыцца. (Пра вырошчваньне шампіньёнаў ужо нават не кажу).
Мне скажуць: літоўцы не пагодзяцца! Калі ім паабяцаць, што за 50 км ад сталіцы Вільні ня будзе атамнага дамоклавага мяча «made in Russia», яны толькі пралябіруюць у брусэлях і страсбурах, каб Рэспубліцы Беларусь конча далі на тое грошы.
Я нават уяўляю: як натоўпы японцаў, немцаў ды іншых турыстаў назіраюць зьверху, як мацуецца беларуска-літоўскае супрацоўніцтва — нехта пракладвае празь мяжу сьпіртаправод, а нехта пускае па рацэ цыгарэтныя плыты з GPS. А там, глядзіш, «афраазіяты» ляснымі сьцежкамі прабіраюцца да лепшага жыцьця. Дзе турыстам замежным яшчэ змогуць такое прапанаваць? Нідзе. Ну дык бярыце хутчэй паперу і асадкі, Эўропа нам дапаможа! Толькі ня трэба да яе з косткай сваёй лезьці. Трэба вочы добрыя зрабіць і загрудкі не хапацца. Яна гэта любіць, яна такая, наіўная і даволі лагодная. Прынамсі, бывае.
Не ўпусьціце моманту! Не змарнуйце шанец!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.