Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўныя спонсары Брэксыту выказалі сумнеў, што ён адбудзецца


Двое буйных бізнэсоўцаў, якія лічацца галоўнымі спонсарамі кампаніі за выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу, засумняваліся ў тым, што Брэксыт адбудзецца.

Пра гэта яны заявілі агенцтву Reuters. Мільярдэр Пітэр Гарґрыўз і буйны фінансіст Крысьпін Оўдзі лічаць, што Брэксыт можа быць сарваны праз, нібыта, стомленасьць выбаршчыкаў ад палітычных спрэчак вакол выхаду каралеўства з ЭЗ.

Оўдзі заявіў, што прыняў рашэньне арыентаваць свае фінансавыя апэрацыі на верагоднае, на яго думку, захаваньне сяброўства Вялікабрытаніі ў складзе Эўразьвязу. Бізнэсмэн патлумачыў, што ён больш ня верыць у Брэксыт.


«Я знаходжуся ў поўным адчаі, я цалкам здаўся. Думаю, што Брэксыт зусім не адбудзецца», — заявіў у сваю чаргу Гарґрыўз, які падтрымліваў прыхільнікаў Брэксыта і перавёў на іх рахункі больш за тры мільёны фунтаў.


Пра тое, што Злучанае каралеўства ў рэшце рэшт можа застацца ў ЭЗ у пятніцу таксама загаварыў міністар замежных справаў Вялікабрытаніі. Джэрэмі Гант лічыць, што такі зыход падзей магчымы праз заплянаванае на 15 студзеня галасаваньне дэпутатаў супраць пагадненьня з ЭЗ, прапанаванае прэм’ер-міністрам Тэрэзай Мэй.

Тэрэза Мэй працягвае настойваць, што выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ адбудзецца, як і было заплянавана, 29 траўня 2019 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG