Мэсэнджар працуе, а Дураў зьнік з публічнага поля.
Заснавальнік мэсэнджара Telegram Павел Дураў 19 сьнежня 2018 году падаў заяву аб ліквідацыі кампаніі Telegram Messenger LLP, зьвярнула ўвагу расейскае ведамства РБК.
Пры гэтым сам мэсэнджар Telegram не спыніў дзейнасьці, працуе амаль безь перабояў — калі не лічыць краіны, дзе спрабуюць блякаваць праграму.
Сам Павел Дураў не адказвае на пытаньні расейскіх СМІ. Больш за тое, ягоная актыўнасьць у сацсетках зьнізілася да нуля зь леташняга кастрычніка.
Гэта не канец
Структура кампаніяў Дурава невядомая, але Telegram Messenger LLP, відавочна, не адзіная.
Менавіта LLP (што расшыфроўваецца як таварыства з абмежаванай адказнасьцю) некалі значылася выдаўцом праграмы Telegram на Android, цяпер значыцца выдаўцом Telegram для Windows Phone і альтэрнатыўнага кліента Telegram X для iOS.
Але LLP найбольш вядомая тым, што пагадзілася перадаць зьвесткі для ўнясеньня ў рэестар распаўсюднікаў інфармацыі расейскага ведамства «Роскомнадзор», якое займаецца ў тым ліку цэнзурай у інтэрнэце. Дакладней, не пагадзіўся, а апублікаваў спасылку на агульнадаступныя зьвесткі пра LLP у брытанскім рэестры.
Расейскія ўлады патрабуюць, каб «распаўсюднікі інфармацыі» давалі Фэдэральнай службе бясьпекі зьвесткі для дэшыфроўкі перапіскі карыстальнікаў і захоўвалі зьвесткі карыстальнікаў на расейскіх сэрвэрах. Гэтых патрабаваньняў кампанія ня выканала, і расейскія ўлады пачалі спробы заблякаваць мэсэнджар у Расеі (як паказала практыка, марныя: расейская аўдыторыя Telegram толькі вырасла).
Акрамя ліквідаванай LLP, ёсьць яшчэ кампанія Telegram LLC, якая ёсьць выдаўцом Telegram для iOS і альтэрнатыўнага Android-кліента Telegram X, пэўны час значылася выдаўцом праграмы Telegram для Android. Цяпер выдаўцом проста Telegram для Android значыцца кампанія Telegram FZ-LLC.
Таксама ў камісію па каштоўных паперах ЗША падаваліся зьвесткі пра кампаніі братоў Паўла і Мікалая Дуравых Telegram Group Inc. і TON Issuer Inc. — гэта было тады, калі яны зьбіралі грошы на блёкчэйн-плятформу (магчыма, для запуску крыптавалюты Gram) і прыцягнулі 1,7 млрд даляраў.
Перадапошні на момант публікацыі пост Паўла Дурава ў Instagram
Расейскія экспэрты схіляюцца да таго, што яе ліквідавалі проста ў межах рэструктурызацыі бізнэсаў. Магчыма, LLP проста лёгка было зарэгістраваць у Брытаніі, але праз такую форму цяжка працаваць, калі пачынаецца актыўная апэрацыйная дзейнасьць і сплата падаткаў.
Або ліквідацыя неяк зьвязаная з плянамі Брытаніі на выхад з Эўразьвязу. Або са зьменамі ў заканадаўстве Брытанскіх Віргінскіх Астравоў — адтуль, а таксама з Бэлізу, паходзілі юрыдычныя асобы, якія засноўвалі LLP (сам Дураў ня з тых краінаў, ён набыў грамадзянства Сэнт-Кітс і Нэвіс). Дакладнай прычыны ніхто са зьвязаных з Telegram публічна не называў.