Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня «грыўка», а «кропелька» ці «дзірачка»: якімі будуць смартфоны ў 2019 годзе


Смартфоны ў 2016–2019 гадах, ілюстрацыйная выява
Смартфоны ў 2016–2019 гадах, ілюстрацыйная выява

Стандартны новы смартфон 2018 году мае падвойную асноўную камэру і дысплэй «ад краю да краю, але з выразам зьверху». Што будзе ў 2019-м? Ёсьць тры прычыны, каб радавацца, і адна — каб насьцярожыцца.

Калі ў адной удалай мадэлі смартфона ёсьць выразная «фішка», іншыя кампаніі пачынаюць яе пераймаць і пераасэнсоўваць. Часам нічога кепскага для карыстальніка ў гэтым няма: сканэры адбіткаў пальцаў распаўсюдзіліся амаль імгненна, перасьцярогі, што базы адбіткаў могуць трапіць ня ў тыя рукі, прынамсі пакуль ня спраўдзіліся. Але часам «фішка» бывае спрэчнай — як «грыўка» зьверху экрана, якая падабаецца далёка ня ўсім эстэтам.

Часта рэчы, якія спачатку здаюцца пэрспэктыўнымі, правальваюцца: ня сталі моднымі, напрыклад, зборныя модульныя смартфоны (як Google Project Ara) або смартфоны з дадатковым заднім дысплэем з «электроннай паперы» (як расейскі Yotaphone). Але часта відаць, што нейкая ідэя падабаецца адразу некалькім «знакавым» вытворцам — і што хутка гэта будзе ці не ўва ўсіх.

Экран зь «дзірачкай» ці «кропелькай»

Вытворцы смартфонаў мяркуюць, што чым большы адсотак плошчы пярэдняй панэлі займае дысплэй, тым лепей. Падобна, пакупнікі зь імі згаджаюцца. Спачатку «худнелі» бакавыя рамкі вакол дысплэяў (з падачы Samsung зьявіліся нават тэлефоны з дысплэямі, загнутымі на бакавыя тарцы — спачатку на адзін, як у Galaxy Note 5 Edge, пасьля і на два). Потым дысплэі пачалі «цягнуцца» да нізу і да верху, пакуль ня ўперліся ў блёк з дынамікам, франтальнай камэрай («сэлфі-камэрай»), датчыкамі сьвятла і набліжэньня.

У 2018 годзе большая частка дарагіх і сярэдніх па цане смартфонаў мела «грыўку», як iPhone X: экран толькі краямі («вушкамі»?) дацягваецца да самага верху корпусу, але ствараецца ўражаньне, што ён займае ўсю пярэднюю панэль. Хто як мог, рабіў гэтую «грыўку» меншай. Некаторыя спрабавалі альтэрнатывы — смартфоны-слайдэры, як Oppo Find X ці Xiaomi Mi Mix 3, або смартфоны з блёкам франтальнай камэры, які «выяжджае» з корпусу. Але такое рашэньне ня стала масавым і не закранула самыя пасьпяховыя брэнды — мо сабекошт высокі, мо такія апараты ня надта ўстойлівыя да падзеньняў, мо ў слайдэр кепска ўлазяць ёмістыя батарэі.

Samsung — самы масавы вытворца смартфонаў і найбуйнейшы — дысплэяў для смартфонаў, выбраў, як выглядае, іншы шлях: дысплэй ад краю да краю з круглым выразам пад франтальную камэру ў куце. Samsung ужо прадставіў смартфон «зь дзірачкай» (Galaxy A8s). І ходзяць чуткі, нібы карэйская кампанія зробіць дысплэй зь яшчэ меншай «дзірачкай» у наступным флягманскім апараце (меркавана, ён будзе звацца Galaxy S10).

За Samsung’ам ужо пайшоў іхны галоўны канкурэнт: кітайцы Huawei анансавалі свой смартфон «зь дзірачкай», Nova 4. Можна чакаць, што і іншыя паспрабуюць паўтарыць такое за лідэрамі рынку — прынамсі, спачатку ў дарагіх мадэлях. У таньнейшых (або калі не атрымаецца «зь дзірачкай») варта чакаць мінімальных выразаў-«кропелек», як у Huawei Mate 20 ці OnePlus 6T. Чаго цяпер чакаць ад Apple і экранаў новых iPhone, пакуль цяжка казаць.

Наварочаныя смартфоны за 200–300 даляраў

Падобна, надалей будуць падаць цэны на смартфоны, якія маюць «флягманскія фішкі» або проста выглядаюць дарагімі. Ці то праз насычэньне рынку багатых краінаў (смартфон прыстойнай якасьці ёсьць ці ня ў кожнага), ці то праз рост колькасьці абанэнтаў мабільнага інтэрнэту ў краінах, што разьвіваюцца (у Індыі, напрыклад, цана 1 Гб 4G-трафіку абвалілася з 2014 да 2017 году ў 18 разоў) вытворцы намагаюцца зрабіць цікавымі смартфоны ў цэнавым сэгмэнце, які нядаўна зваўся «бюджэтным».​

Добра вядомы ў нашай краіне дзякуючы нізкім цэнам Xiaomi сёлета зрабіў неспадзяванку, выпусьціўшы апарат Pocophone F1. Нават амэрыканскія аглядальнікі (хоць у ЗША гэтая мадэль афіцыйна не пастаўлялася) дзівіліся апарату за 300 даляраў з адным з самых магутных працэсараў на рынку, якасным экранам, някепскай камэрай і іншымі атрыбутамі смартфона за 500–800 даляраў, пры гэтым без асаблівых мінусаў.

Ня ўсе могуць выстаўляць такія цэны, як Xiaomi, бо ў кампаніі асаблівая бізнэс-мадэль: прадаваць апараты пераважна праз інтэрнэт і перакупшчыкаў, эканоміць на крамах у рэальным сьвеце, амаль не даваць рэклямы, зарабляць ня толькі на продажах апаратаў, а і на інтэрнэт-сэрвісах у перадусталяваных праграмах, а таксама на дадатковых прадуктах з «экасыстэмы»: гадзіньніках, калёнках, тэлевізарах і нават самакатах, зьвязаных са смартфонамі.

Адны будуць запускаць (калі яшчэ не запусьцілі) «народныя суббрэнды» пад новымі назвамі і зь бізнэс-мадэльлю, блізкай да той, што ў Xiaomi. Іншыя проста будуць рабіць недарагія смартфоны зь цікавымі асаблівасьцямі. Або будуць спалучаць і тое, і другое — дзеля прыкладу можна прыгадаць заднюю крышку зь незвычайнымі пералівамі ў Honor 8X, апараце менш як за 300 даляраў ад «народнага суббрэнду» Huawei. «Народным» пакуль наўрад ці стаў самы танны з новых iPhone — экспэрты цяпер прагназуюць мадэлі XR слабейшыя продажы, чым чакалася. Але яшчэ няма сыгналаў, што Apple адразу кіне ідэю выпускаць тройку мадэляў: звычайную, павялічаную і спрошчаную.

Чатыры камэры? Пяць? Шэсьць?

У 2018 годзе можна было сказаць, што ў тыповага смартфона ёсьць адна асноўная камэра, адна для сэлфі і адна для маркетынгу. Шмат дарагіх і сярэдніх па цане смартфонаў мелі дзьве камэры ззаду і адну сьпераду: дадатковая задняя дазваляе рабіць або размываньне фону на партрэтным фота (вылічваць глыбіню рэзкасьці), або шырокавугольныя фота, або фота з добрым набліжэньнем (аптычным зумам).

Дадатковая да асноўнай камэра ня можа рабіць усё гэта адначасова — пачалі зьяўляцца апараты з трыма, а пасьля і з чатырма камэрамі ззаду (як Samsung Galaxy A9), або з трыма ззаду і дзьвюма сьпераду (як LG V40 ThinQ).

Але, магчыма, жарт пра «камэру для маркетынгу» — гэта ня жарт. Па-першае, сьляпыя тэсты паказваюць, што людзям не канечне найбольш спадабаюцца здымкі са смартфона з самай якаснай камэрай — хутчэй з таго, які будзе рабіць фота проста сьвятлейшыя і з больш насычанымі колерамі.

Па-другое, апарат, які называюць адным з найлепшых, а то і найлепшым камэрафонам-2018 па выніках тэстаў, — Google Pixel 3 — мае толькі адну заднюю камэру (у яго, праўда, яшчэ дзьве франтальныя камэры, але гаворка не пра іх). І адной камэрай, якая яшчэ і мае сэнсар ня самага высокага разрозьненьня ў 12 Мпікс, ён робіць надзвычай якасныя фота і някепска размывае фон на партрэтах. Гэта заслуга ня толькі сэнсара і оптыкі, але і праграмных альгарытмаў, у тым ліку таго, што называюць штучным інтэлектам, праграмным навучаньнем і нэўрасеткамі.

Але растлумачыць гэта звычайнаму пакупніку будзе ня так проста — ня кожны перад купляй будзе глядзець прафэсійныя тэсты камэраў і агляды з вузкапрофільных сайтаў. Прасьцей з гледзішча маркетынгу ўбудаваць у апарат ня менш камэраў, чым у канкурэнтаў.

AI: ці то модныя літары, ці то прычына хвалявацца

«Фішкай» 2018 году ня стаў новы порт USB Type C — такі стаіць у палове новых смартфонаў, але далёка не ўва ўсіх. Ня стаў ёю і сканэр пальца пад экранам — напрыклад, у аглядах Huawei Mate 20 Pro на гэта зьвяртаюць увагу толькі як на адну зь перавагаў, але далёка не асноўную, дый звычайны сканэр ззаду (або наогул адсутнасьць сканэра пальца, як у новых iPhone), падобна, задавальняе бальшыню пакупнікоў. Бяздротавай зарадкай або вадаўстойлівым корпусам зусім нікога ня зьдзівіш: калі ёсьць — ну добра, а калі няма, дык большасьці не крытычна.

Затое пачынае станавіцца модным усё зь літарамі AI — то бок artificial intelligence, або штучны інтэлект. Пра той ці іншы апарат усё часьцей кажуць, што з дапамогай AI ў ім паляпшаюцца фота, лепей эканоміцца зарад батарэі, адгадваюцца магчымыя патрэбы карыстальніка, падказваюцца цэны на тавары ў аб’ектыве камэры, а галасавыя памочнікі размаўляюць больш «па-чалавечы» і лепей разумеюць пажаданьні гаспадара.

Само па сабе тое, што праграмы могуць рабіць больш карыснага, гэта добра. Але кепска можа быць тое, што гэтыя самыя праграмы могуць зьбіраць зьвесткі пра карыстальніка — а тыя зьвесткі, у сваю чаргу, зламысьнікі могуць скрасьці, а спэцслужбы ці рэклямадаўцы — незаконна скарыстаць не ў інтарэсах спажыўца.

Ня так даўно смартфонам давяралі хіба сьпіс кантактаў, паролі і зьвесткі банкаўскіх картак, гісторыю наведваньня вэб-старонак і геалякацыю. Цяпер тэлефон можа (калі карыстальнік ня супраць — а бальшыня толькі за) ведаць адбітак пальца і абрысы твару, зьвесткі пра здароўе і фізычную актыўнасьць, аналізаваць расклад дня, адгадваць патэнцыйныя маршруты і інтарэсы карыстальніка, а галасавы памочнік можа пастаянна праслухоўваць і аналізаваць усё сказанае (нібыта проста ў чаканьні ключавога слова).

І гэта ўсё тычыцца ня толькі смартфонаў ад кампаній зь іншых кантынэнтаў, пра якія беларусы могуць сказаць «а што ім я». Тое самае тычыцца нядаўна прадстаўленага расейскага «Яндекс.Телефона». Гэта, канечне, ня робіць «Яндэкс» зламысьнікам — толькі кампаніяй з доступам да яшчэ большай колькасьці асабістых зьвестак беларусаў і адначасова прадстаўніком краіны-суседа, палітыкі якой маюць шмат інтарэсаў у Беларусі. Праўда, нейкіх значных скандалаў наконт незаконнай супрацы «Яндэкса» з ФСБ або крадзяжу зьвестак карыстальнікаў «Яндэкса» даўно не было (затое нядаўна былі з выдачай «Яндэксам» зьвестак іншых кампаній).

Так ці іначай, зьяўляецца ўсё больш прычын, каб ня цалкам давяраць прыладзе, якая ў кожнага ў кішэні, — а разабрацца, як што працуе, што ваша прылада можа, якімі праграмамі лепей карыстацца і што лепей адключыць.

Часам гэта можа быць надзвычай проста — як з новай расейскай праграмай FaceCat, якая прапануе ананімна дзяліцца ў сеціве сакрэцікамі, але патрабуе для рэгістрацыі нумар тэлефона і прапануе зарэгістраванаму карыстальніку падзяліцца з распрацоўшчыкам сваім фота, нібы проста каб стварыць падобную да яго аватарку. Часам складана — як у пытаньні даверу тэлефонам з усё больш разумнымі памочнікамі кшталту яндэксаўскай Алісы, эплаўскай Siri ці гуглаўскага Assistant, а яшчэ і з усялякімі AI-наваротамі зьверху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG