Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Юры Туронак адкрыў для беларусаў газэту «Свабода»


Юры Туронак
Юры Туронак

Сёньня — дзень пахаваньня беларускага гісторыка Юрыя Туронка, грамадзяніна Польшчы, які жыў у Варшаве.

Для мяне ён перш вядомы як дасьледчык гісторыі «Свабоды» (1902), адноўленай пазьней у 1990-м, карэспандэнтам якой у Горадні я працаваў з 1993-га і да канца існаваньня газэты.

У 1984 годзе я абараніў дыплёмную працу пра газэту «Свабода» на факультэце журналістыкі БДУ. Тэма выглядала, як на той час, крыху «сьлізкай», арганізатарам выданьня быў Вацлаў Іваноўскі, які пазьней загінуў на пасадзе бурмістра Менску ў 1943-м.

Галоўнай праблемай было тое, што ніхто зь беларускіх навукоўцаў рэальна нічога ня ведаў аб «Свабодзе», толькі штосьці чулі. Быў 1983 год, у краіне галоўным начальнікам быў Андропаў. Я ня быў пэўны, што мне зацьвердзяць тэму дыплёмнай. Зусім нечакана прафэсар Булацкі, кіраўнік працы, з энтузіязмам сказаў: нам нічога аб «Свабодзе» невядома, так што пашукайце, даў дабро.

Як шукаць, з чаго пачаць? Было лягічным зьвярнуцца да Лявона Луцкевіча і да Зоські Верас. Яна, між іншым, памятала Іваноўскага. Была паездка ў віленскі архіў і сэрыя артыкулаў Юрыя Туронка ў «Ніве» пра Іваноўскага і «Свабоду». Аказалася, што дасьледчык у Польшчы змог знайсьці патрэбныя архіўныя матэрыялы. Беластоцкая «Ніва» свабодна ляжала ў чытальнай залі БДУ, калі я паступіў вучыцца ў 1979-м. Аднак неўзабаве — у часы «Салідарнасьці» — трапіла ў спэцхран. А ў Вільні яе пачытаць было можна.

Я напісаў ліст Юрыю Туронку, з адрасам дапамог Лявон Луцкевіч. Хваляваўся: ці адкажа?

Ліст з Варшавы мяне ўзрадаваў. «Сябра Астраўцоў», зьвяртаўся да мяне гісторык як сапраўдны польскі беларус нібы да старога знаёмага. Памятаецца самаробны канвэрт з польскай маркай і незвычайная назва вуліцы — Тамка, дзе жыў Юры Туронак. Ён даслаў мне здымак зь беларускай энцыкляпэдыі: аказваецца захаваўся сядзібны дом Іваноўскіх. У Галавічполі за дзесяць кілямэтраў ад Шчучына. Нібы там і выйшаў некалі адзін-адзіны нумар «Свабоды». Хаця сам гэты дом пабудавалі крыху пазьней.

Мой тэкст пра «Свабоду» ў «ЛіМе» і лідзкай газэце «Уперад» (лета 1984 году)
Мой тэкст пра «Свабоду» ў «ЛіМе» і лідзкай газэце «Уперад» (лета 1984 году)

Юры Туронак працягне дасьледаваць тэму, у 1990-х напіша кнігу пра Іваноўскага і «Свабоду».

У 1990 годзе Сяргей Дубавец пачне выпускаць газэту «Свабода». Гэтая назва, само слова, стане нібы мэтай, да якой трэба імкнуцца беларусам, імпульсам да змаганьня за незалежнасьць. Неўзабаве Вярхоўны Савет прыме Дэклярацыю аб сувэрэнітэце.

Першы нумар адноўленай «Свабоды»: красавік 1990
Першы нумар адноўленай «Свабоды»: красавік 1990

У наступным годзе Дубавец перадасьць «Свабоду» ў рукі Ігара Герменчука, дэпутата парлямэнту. Ён зробіць газэту інструмэнтам змаганьня за свабоду, за эўрапейскую Беларусь. Пад шыльдай будзе пазначана: заснаваная ў 1902 годзе, выходзіць з 1990-га. Сілы, аднак, будуць няроўныя. «Свабодзе» перакрыюць кісларод, яна перастане існаваць. Ня стане і самога Герменчука, ён памрэ ў сорак адзін год.

Нумар «Свабоды» часоў маскоўскага путчу: жнівень 1991 году
Нумар «Свабоды» часоў маскоўскага путчу: жнівень 1991 году

У пазьнейшыя часы я буду часьцей бываць у Варшаве, таксама на Тамцы, нават аднойчы буду адзначаць там Новы год. І буду ўспамінаць аб Туронку. Але знайсьці тэлефон, навязаць кантакт — да гэта так і ня дойдзе. Канечне, шкада. Але ў галоўным мне гэты чалавек дапамог — у пошуках газэты «Свабода» і, скажам так, свайго месца ў жыцьці.

На жаль, назва майго тэксту — «Кароткі век “Свабоды”» (1984) яшчэ раз увасобілася ў жыцьцё. Такі вось лёс свабоды ў Беларусі. Адзінае: першы нумар ад Іваноўскага так і ня быў знойдзены, не захаваўся, застаўся, можна сказаць, легендай. «Свабода» новая таксама сёньня ўжо легенда, але адначасова і — тоўстая падшыўка, у якой — важны час найноўшай гісторыі Беларусі, змаганьня за свабоду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG