Пік грыпу ў Беларусі чакаецца ў канцы студзеня — пачатку лютага. Такі прагноз зрабіла супрацоўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан. Паводле яе, гэты год у пляне грыпу цалкам паўтарае папярэдні, успышак пакуль няма.
Пра маскі, мабільнікі і пацісканьне рук
Журналісты запыталіся ў спадарыні Карабан, наколькі эфэктыўныя марлевыя маскі, якія часта можна пабачыць у транспарце ці на вуліцы. На думку супрацоўніцы Міністэрства аховы здароўя, ісьці ў масцы на вуліцу абсалютна непатрэбна, бо на сьвежым паветры верагоднасьць распаўсюду грыпу фактычна нулявая. Насіць маску варта толькі ў памяшканьні, там, дзе паветра сухое, — менавіта ў сухім паветры найбольш распаўсюджваецца вірус грыпу.
А супрацоўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі Алена Давідоўская параіла «не перадаваць адзін аднаму мабільнікі, не здымаць пальчаткі зубамі і адмовіцца ад пацісканьня рукі».
Прышчэпка дапаможа ўратавацца ад пнэўманіі
У Беларусі крыху меней за 2 мільёны чалавек штогод вакцынуюцца ад грыпу, паведаміла Алена Давідоўская. Паводле яе, гэта добры ўзровень, бо калі прыкладна 20% насельніцтва той ці іншай краіны робяць прышчэпкі, гэта лічыцца добрым паказьнікам.
Алена Давідоўская таксама зьвярнула ўвагу на сувязь паміж грыпам і пнэўманіяй. У Беларусі каля 49 тысяч чалавек летась хварэлі на пнэўманію, сярод іх амаль 98% не былі прышчэпленыя ад грыпу. Цяжкіх выпадкаў пнэўманіі не зафіксавана ў ніводнага чалавека, які зрабіў прышчэпку.