Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка надаў патрыярху Філарэту званьне Героя Ўкраіны


Патрыярх Філарэт (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка
Патрыярх Філарэт (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка прысвоіў званьне Героя Ўкраіны патрыярху Філарэту. Пра гэта сам украінскі прэзыдэнт напісаў у «Фэйсбуку». Парашэнка адзначыў уклад Філарэта ў барацьбе за мясцовую царкву ва Ўкраіне.

«Ён быў, ёсьць і застаецца духоўным лідэрам украінскай царквы, духоўным лідэрам украінскага народу. Вось чаму прыняў рашэньне прысвоіць яму званьне Героя Ўкраіны», — напісаў прэзыдэнт.

Патрыярх Філарэт (Дзенісенка) узначальваў Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП). Яна ўтварылася ў 1992 годзе пасьля таго, як частка сьвятароў і прыходаў, якія належаць да Ўкраінскай праваслаўнай царквы, абвясьцілі незалежнасьць ад Расейскай праваслаўнай царквы. Нароўні з Украінскай аўтакефальнай царквой УПЦ КП не была прызнаная іншымі цэрквамі сьвету.

15 сьнежня ў Кіеве прайшоў сабор, на якім УПЦ КП і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква аб’ядналіся ў новую структуру. На іх базе была створана новая памесная праваслаўная царква. Мітрапалітам Кіеўскім у новай царкве стаў 39-гадовы эпіскап Эпіфаній. Філярэт тады зьняў сваю кандыдатуру. Усяленскі патрыярхат прызнаў новую царкву і выдаў ёй 6 студзеня томас — дакумэнт аб аўтакефаліі.

Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна

6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

Што гэта азначае

  • Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
  • Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.

Найноўшая перадгісторыя

  • У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
  • 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
  • 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Рэакцыя Масквы

  • Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
  • Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
  • 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

Становішча ў сусьветным праваслаўі

Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:

  • Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
  • Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
  • Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
  • Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
  • Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
  • Грузінская (4 млн чалавек)
  • Сэрбская (10 млн чалавек)
  • Румынская (16 млн чалавек)
  • Баўгарская (8 млн чалавек)
  • Кіпрская (420 тыс. чалавек)
  • Элядзкая (8 млн чалавек)
  • Альбанская (700 тыс. чалавек)
  • Польская (500 тыс. чалавек)
  • Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)

Прыклады наданьня томасаў:

  • 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
  • 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
  • 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
  • 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
  • 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG