Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея гатовая спыніць транзыт газу зь Менску ў Калінінград. Што гэта значыць для Беларусі?

абноўлена

Уладзімір Пуцін на цырымоніі запуску плавучага тэрміналу для прыёму звадкаванага газу, 8 студзеня 2019 году
Уладзімір Пуцін на цырымоніі запуску плавучага тэрміналу для прыёму звадкаванага газу, 8 студзеня 2019 году

8 студзеня Расея ўвяла ў эксплюатацыю плывучы тэрмінал для прыёму звадкаванага газу ля берагоў Калінінградзкай вобласьці, піша «Інтэрфакс». На цырымоніі прысутнічаў Уладзімір Пуцін.

Абноўлена: пра адключэньне на кароткі тэрмін пазьней паведаміў Interfax.by. Першапачаткова паведамлялася пра адключэньне транзыту цалкам.

Тацяна Манёнак, архіўнае фота
Тацяна Манёнак, архіўнае фота

Адначасова з запускам тэрміналу «Газпрам» адключыў пастаўкі газу праз газаправод Менск — Вільня — Коўна — Калінінград. Што значыць для Беларусі адключэньне гэтага ўчастку, Свабодзе растлумачыла экспэрт у галіне энэргетыкі Тацяна Манёнак.

Беларускі бюджэт, пэўна, страціць нейкую колькасьць грошай, але наўрад ці значную, мяркуе Манёнак:

«Справа ў тым, што там невялікія аб’ёмы транспартаваньня газу, і трэба мець на ўвазе, што гэтая газатранспартная сыстэма Беларусі ад 2012 году належыць уладальнікам „Газпраму“, — кажа Манёнак. — Апэратарам ёсьць на 100% даччынае прадпрыемства „Газпраму“, „ГазпрамТрансгаз Беларусь“.

Канечне ж, „Газпрам“ адлічвае Беларусі частку грошай праз падаткі, таму нешта будзе страчана. Але я ня думаю, што гэта будзе ёмістая сума. Апошнім часам Расея і так рабіла стаўку на іншыя, альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі газу ў Калінінградзкую вобласьць, таму страты зусім невялікія».

Паводле расейскіх зьвестак, новы тэрмінал забясьпечыць «бягучыя і пэрспэктыўныя патрэбы» анкляву ў газе — да 3,7 млрд м³ на год. Год таму расейскія крыніцы паведамлялі пра загрузку газаправоду ў 2,4 млрд м³ на год, Манёнак мяркуе, што пастаўкі былі яшчэ меншымі.

Асноўныя страты, кажа Манёнак, будуць не для Беларусі, а для «Газпраму». Падаткі з усяго транзыту газу па ўсіх напрамках прыносяць у беларускі бюджэт каля 40 млн даляраў на год, а транзыт на Калінінград не складае і дзясятай часткі ўсяго транзыту.

Задача тэрміналу, як пішуць расейскія СМІ, — засьцерагчы расейскі анклаў ад гіпатэтычнай рызыкі парушэньня транзыту газу празь Літву. Таксама сьцьвярджаецца, што такая схема паставак газу дазволіць рэгуляваць нераўнаважнасьць спажываньня газу.

Выніковы кошт праекту марскіх паставак газу ў Калінінград расейцы ацанілі ў 60 млрд расейскіх рублёў (паводле курсу на момант публікацыі гэта 877,6 млн даляраў), Расея закупіла ў межах праекту ў Паўднёвай Карэі адмысловы карабель для дастаўкі звадкаванага газу за 295 млн даляраў (праз аварыю на выпрабаваньнях у Карэі здачу карабля адклалі на год). Кошты будаўніцтва берагавых аб’ектаў ацанілі ў 42 млрд рублёў (614 млрд даляраў), будаўніцтва зацягнулася праз штормы, якія часткова разбурылі прычал і ўчынілі ўкоду ў 2,7 млрд расейскіх рублёў (каля 39,5 млн даляраў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG