З 2015 года ў Латвіі былі прынятыя некалькі законаў, якія істотна ўскладнялі для расейцаў інвэстыцыі ў гэтай краіне. Нягледзячы на гэта, Расея застаецца адным з найбуйнейшых інвэстараў у эканоміку Латвіі, піша delfi.lv.
Па дадзеных Міністэрства эканомікі Латвіі, Расея зьяўляецца другім па велічыні інвэстарам у краіне — расейскія ўліваньні складаюць амаль 10,5% ад агульнага аб’ёму ўсіх інвэстыцый. Першае месца займае Швэцыя.
Паводле рэгістра Lursoft, абʼём прамых назапашаных расейскіх інвэстыцый у Латвіі на канец 2018 года дасягнуў 687 мільёнаў эўра. Гэта супастаўна зь бюджэтам Рыгі на дзевяць месяцаў.
Апошнія два гады гэты паказчык падае: ў 2016 годзе ён дасягаў 725 мільёнаў эўра.
Пасьля пачатку крызісу на ўсходзе Ўкраіны і анэксіі Крыма Латвія як чалец ЭЗ увяла санкцыі супраць Расеі. Затым латвійскія ўлады пастараліся пазбавіцца ад расейскіх пакупнікоў мясцовай нерухомасьці — у іх угледзелі пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Потым пачалася барацьба з адмываньнем грошай. Латвійскія банкі пачалі зачыняць рахункі нерэзыдэнтаў, сярод якіх, паводле ацэнак спэцыялістаў, больш за палову — расейцы.
Але нягледзячы на ўзаемныя санкцыі, расейскія інвэстыцыі ў Латвію працягвалі расці: з 2014 па 2016 год іх абʼём павялічыўся на 238 мільёнаў эўра.
І гэта толькі прамыя расейскія інвэстыцыі. У топ-10 краін-інвэстараў у латвійскую эканоміку ўваходзяць Кіпр, Нідэрлянды і Люксэмбург. Паводле адмыслоўцаў, за інвэстарамі з гэтых краін часам стаіць расейскі капітал.