Паводле эканамічнага аглядальніка Тацяны Манёнак, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі вымушае Аляксандра Лукашэнку даволі жорстка таргавацца з Расеяй за перагляд цэнаў на газ.
«Цяпер ідзе падрыхтоўка да стварэньня ў 2025 годзе агульнага рынку газу на эўразійскай эканамічнай прасторы. У наступным годзе бакі павінны ўхваліць агульную канцэпцыю.
Беларусь зыходзіць з таго, што цэны на газ для беларускіх і расейскіх кампаній павінны быць аднолькавыя ці вельмі блізкія, каля 70 даляраў. Беларускі бок вельмі сьпяшаецца, каб хутчэй „заслупаваць“ гэтыя цэны.
Лукашэнка хоча больш прэфэрэнцый і больш таннага газу на бліжэйшую пэрспэктыву, зыходзячы з таго, што на гэтым рынку суб’екты гаспадараньня павінны мець роўныя ўмовы.
Гэта будзе вельмі жорсткі торг. Ня думаю, што Расея пагодзіцца на тое, чаго хоча Лукашэнка».
Паводле Тацяны Манёнак, гэты торг з Расеяй ідзе ў некалькіх кірунках. Расейскі ўрад стварыў прэфэрэнцыйныя, больш выгадныя ўмовы для расейскіх нафтаперапрацоўчых кампаній.
«Цяпер беларускі бок таргуецца за максымальную кампэнсацыю даволі істотных стратаў, якія панясе беларуская нафтаперапрацоўчая галіна і бюджэт. Ад гэтага торгу будзе залежаць, наколькі беларуская эканоміка будзе больш-менш стабільна адчуваць сябе ў бліжэйшыя гады».
Увесь час спрэчкі наконт паставак расейскіх энэрганосьбітаў вырашаліся на палітычным узроўні, і ўлічваліся ня толькі эканамічныя, але і палітычныя стасункі.
«Складана сказаць, ці выйграе цяпер Беларусь роўныя цэны на газ. Гэта будзе вельмі праблематычна. Бо гэта азначае дадатковыя істотныя субсыдыі для Беларусі. А што ўзамен? Калі будзе знойдзена раўназначная замена субсыдыям, то магчыма.
Раней казалі расейскія чыноўнікі: калі хочаце роўныя кошты, то ўваходзьце ў склад Расеі. Але наўрад ці Расея пагодзіцца на 70 даляраў, якія хоча Лукашэнка».
У 2011 годзе «Газпром» купіў беларускую газатранспартную сыстэму, і гэты калідор паставак газу празь Беларусь для яго самы танны.