Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-беларуску зусім наадварот: запамятáць — не „запамятовать“!


„Я нашую першую сустрэчу назаўсёды запамятаў!“ — скажа беларускі хлопец расейскай дзяўчыне камплімэнт і... атрымае ў адказ абурэньне. Працяг сэрыі картак пра міжмоўныя непаразуменьні.

Чытач прасіў быў патлумачыць, чаму тыя самыя словы ў роднасных мовах часам маюць непадобныя і нават процілеглыя значэньні. Хрэстаматыйны прыклад: беларускае чэрствы (хлеб) і чэскае čerstvý (chléb), ​г. зн. ‘сьвежы’.​

Хлеб пекара Ўладзімера Сьвірыдзенкі. Браслаў, 2018
Хлеб пекара Ўладзімера Сьвірыдзенкі. Браслаў, 2018

Ёсьць такія пары і паміж беларускай і расейскай мовамі.

Што значыць запамятаць у сказе з Караткевіча, з „Каласоў пад сярпом тваім“?

„А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі ня стану страляць у цябе“.

Відавочна ж — ‘запомніць’. Антонім да расейскага запамятовать ‘забыцца’.

Словы з унікальнай гісторыяй

Але гісторыя словаў запомніць і запамята(ва)ць у беларускай мове ўнікальная. Яны супадалі значэньнем, а потым абодва мянялі яго на 180°. А бывала, што адно і тое слова адначасова мела два процілеглыя значэньні!

Вось жа ў старабеларускай мове, у эпоху ВКЛ, і запомніці азначала ‘забыцца’, і запамятаці ды запамятаваці значылі тое самае. Пра чалавека казалі запамяталы, калі ён быў ашалелы, утрапёны — сябе ня помніў, як бы мы цяпер сказалі.

​То калі які сучасны хлопец на машыне часу трапіць у тую ВКЛаўскую мінуўшчыну, яму нельга памыліцца! Скажа дзяўчыне: „Я нашую першую сустрэчу назаўсёды запомніў / запамятаў!“ — і атрымае традыцыйнага гарбуза. (Падобна, толькі без гарбуза, будзе і ў сучасным міжмоўным беларуска-расейскім дыялёгу.)

Партыя Коласа супраць партыі Жылуновіча

Калі беларуская мова адрадзілася да новага жыцьця, у слоўніках, што ўклалі выбітныя лексыкографы Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў, і запомнены, і запамятаны яшчэ азначае 'забыты'. Згаданы вышэй запамяталы — ужо не такі страшны, як у эпоху ВКЛ, а ўсяго толькі ‘беспамятный, забывчивый’ па-расейску. Запамятаць, запамятаваць — ‘забыцца’. ​Так і ў тэкстах Цішкі Гартнага ці Платона Галавача. ​

Але зусім наадварот — у творах Якуба Коласа і Зьмітрака Бядулі, дзе гэтыя ж словы азначаюць 'замацаваць у памяці':

Пайшоў я на службу. Мяне багацей
Наняў пасьвіць пчолы на лета.
Заклікаў мяне ён і кажа: „Мацей,
Ты цьвёрда запамятай гэта:
Табе даручаю я сто адзін рой,
Пільнуй жа ты пчол маіх дбала.
На дзень іх два разы зьлічы і падой,
І каб ні адна не прапала!“

(Якуб Колас. „Даняў“)

Вось так у „партыі Коласа“ і „партыі Жылуновіча-Гартнага“ (умоўных, вядома ж!) адно і тое слова мела процілеглыя значэньні. Магчыма, прычына ў рознай дыялектнай аснове мовы пісьменьнікаў.

Мова самаўпарадкавалася

Але такая супярэчнасьць-недарэчнасьць доўга не магла існаваць у літаратурнай мове. Словы запамятáць і запáмятаваць разышліся. Замацавалася толькі адно значэньне для запомніць і запамятáць — ‘замацаваць у памяці’. Ужывалі і ўжываюць слова запамятáць (= запомніць) і Сымон Баранавых, і Янка Брыль, і Віктар Казько, і Ўладзімер Арлоў.

А слова запáмятаваць ‘забыцца’, якое тлумачальны слоўнік у 1978 годзе яшчэ пазначыў як „абласное“, у слоўніках 1996 і 2016 гадоў ужо няма. У расейскай жа літаратурнай мове дзеяслоў запамятовать ‘забыцца’ ёсьць, хоць лічыцца састарэлым і прастамоўным.

Як магло адно і тое слова пабываць само сабе антонімам? Думаю, вінаватая прыстаўка за-. Яна шматзначная: абазначае і закончанае дзеяньне (заклеіць), і пачатае (запяяць). Таму і было магчыма разумець за-памятаць дваяка: гэта і „закончыць памятаць“, і „пачаць“.

У расейскай мове аналягічна. Вось і атрымалася, што два падобныя словы ў дзьвюх роднасных мовах сталі антонімамі — воляю лёсу. (І акурат у гэтым моўным факце розьніца мэнталітэтаў ніяк не выяўляецца.)

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG