Хакеры выклалі ў сеціва асабістыя дадзеныя соцень нямецкіх палітыкаў і ўнутраныя дакумэнты палітычных партый. Пра гэта паведамляе бэрлінская грамадзкая радыёстанцыя RBB Inforadio.
Атака закранула ўсе прадстаўленыя ў нямецкім парлямэнце партыі, акрамя правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны», адзначае выданьне.
Газэта Rheinische Post паведамляе ў сваім інтэрнэтным выданьні, што сярод палітыкаў, чые дадзеныя была адкрытыя публічнасьці, ёсьць канцлерка Ангела Мэркель і міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Працёк быў заўважаны ўвечары 3 студзеня, але дакумэнты выкладваліся порцыямі ў сьнежні, перад Калядамі. У сеціва выкладзеныя адрасы і нумары мабільных тэлефонаў нямецкіх палітыкаў, у некаторых выпадках скрадзеныя копіі іх асабістых дакумэнтаў, дадзеныя плацёжных карт і асабістая перапіска.
З партыйных дакумэнтаў у сеціве апынуліся рэзюмэ на вакансіі ў партыях, сьпісы партыйных членаў і офісныя мэмарандумы. Дадзеных, якія зьмяшчаюць адчувальную інфармацыю, у працёку ня выяўлена.
Дакумэнты былі выкладзеныя ў запісе ў твітэры з Гамбургу з шаснаццацьцю тысячамі падпісчыкаў, паведамляе RBB Inforadio. Ніхто з хакерскіх груп ня ўзяў на сябе адказнасьць за працёк дадзеных, матывацыя тых, хто гэта ўчыніў, застаецца нявызначанай.