Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамісты вызначылі найлепшае і найгоршае міністэрства Беларусі за мінулы год


Аналітычны цэнтар «Стратэгія» і Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса, які ўзначальвае эканаміст Яраслаў Раманчук, падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі за 2018 год.

«Найлепшы орган дзяржаўнага кіраваньня» — Міністэрства замежных спраў

Ведамства пад кіраўніцтвам Уладзімера Макея адзначанае за дзейнасьць па дывэрсыфікацыі зьнешняй палітыкі, пасьлядоўную пазыцыю па абароне сувэрэнітэту, актывізацыю перамоў па ўступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а таксама дзеяньні па стварэньні пазытыўнага інвэстыцыйнага і сацыяльнага іміджу краіны.

«Найгоршы орган дзяржаўнага кіраваньня 2018 году» — Міністэрства аховы здароўя

Мінздароўя адзначанае за «ўклад у стварэньне сыстэмнай, усёахопнай карупцыі і злоўжываньняў». А таксама за:

  • пагаршэньне жыцьця і здароўя грамадзян праз рэжым выбару лекаў і вакцын;
  • няздольнасьць прапанаваць новую сыстэму кіраваньня аховай здароўя, правілы функцыянаваньня рынку мэдычных паслуг;
  • няздольнасьць ліквідаваць канфлікт інтарэсаў у сыстэме кіраваньня аховай здароўя;
  • стварэньне ўмоў для адтоку прафэсіяналаў са сфэры аховы здароўя.

Правал, найлепшы закон і спажывецкі казус

«Правалам 2018 году» Раманчук з калегамі назвалі «няздольнасьць ураду Беларусі своечасова і адэкватна падрыхтавацца да падатковага манэўру Расеі».

«Найлепшы заканадаўчы акт 2018 году», паводле экспэртаў, — новая рэдакцыя Падатковага кодэксу, а найгоршым прызналі ўказ Лукашэнкі № 399 «Аб фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацый».

«Спажывецкі казус 2018 году» — ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаваньняў рост аб’ёмаў продажаў новых аўтамабіляў больш як на 60%.

«Вытворчы казус 2018 году» — вялікія пазыкі і страты беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў пры спрыяльных для нафтавікоў цэнах і ўмовах пастаўкі з Расеі. Беларускія НПЗ трацілі на выпуск прадукцыі болей, чым атрымлівалі выручкі, адзначаюць прадстаўнікі аналітычнага цэнтру «Стратэгія» і Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG