Госьць «Інтэрвію тыдня» — эканаміст Яраслаў Раманчук, сябра дзяржаўнай Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва. Ён падводзіць эканамічныя вынікі 2018 году, адказвае на пытаньне, хто і што перашкаджае пераменам, і заяўляе, што ня бачыць розьніцы паміж Кабяковым і Румасам.
Нічога не зьмянілася прынцыповага ў тым, як дзейнічае эканоміка
— Чыста фармальна вынікі гэтага году можна лічыць пазытыўнымі — ёсьць рост ВУП і даходаў насельніцтва. Але калі ўрад апублікаваў даволі станоўчы прагноз на рост ВУП на 2019 год — большасьць эканамістаў назвалі яго нерэалістычным. Ці можа гэтая ўмоўна станоўчая тэндэнцыя 2018 году працягнуцца?
— Гэта быў як анаболік, які ўпырснулі ў 2017 годзе, ён яшчэ дзейнічае. Але відавочна, што гэтая сытуацыя няўстойлівая. ВУП быў каля 3 працэнтаў росту, але іншыя паказчыкі зусім ня радуюць. Сытуацыя на рынку працы — за 11 месяцаў было звольнена на 40 тысяч людзей больш. чым было ўзята на працу. Прадукцыйнасьць працы вырасла менш як на 4 працэнты, а рэальныя даходы людзей вырасьлі ў 3 разы больш. Растуць даўгі — дэбіторскія, крэдыты.
Усё гэта сьведчыць, што рост 2018 году пяройдзе ў 2019-м у нуль альбо нават мінус. А калі Крэмль працягне выштурхоўваць Беларусь з статусу «нафтавага эмірату», то падзеньне будзе яшчэ больш балючым.
— Працягваюцца спрэчкі наконт таго, ці ідуць у Беларусі эканамічныя рэформы. Ёсьць такая фраза: «Калі сканчаюцца грошы, то пачынаюць праводзіць рэформы». Ці ідуць у Беларусі рэформы, на вашу думку?
— У нашай дзяржаве 80 працэнтаў актываў было ў руках дзяржавы, астатняе — прыватны сэктар. Бюджэт разьмяркоўваў праз свае каналы 42 працэнты ВУП, сёньня — 45. Нічога не зьмянілася прынцыповага ў тым, як дзейнічае эканоміка. Структура ўласнасьці не памянялася, дывэрсыфікацыя замежнага гандлю ня зроблена. Кантрольна-сілавыя структуры як былі галоўнымі, так і засталіся.
Дэкрэт нумар 7 быў прыняты ў канцы 2017 году. Былі спадзяваньні, што ў 2018 годзе ён запрацуе — не запрацаваў. Адсюль расчараваньне і апатыя прадпрымальнікаў, якія ўсё часьцей паглядаюць на суседнія краіны, каб эміграваць туды са сваімі ідэямі, грашыма і вытворчасьцямі.
Так што я ня бачу падставаў казаць, што ў 2018 годзе праходзілі нейкія рэформы. Я ня бачу прынцыповых адрозьненьняў паміж Румасам і Кабяковым, паміж тымі міністрамі, якія былі, і тымі, якія былі прызначаныя ў жніўні.
Сілавікі, па сутнасьці, стаялі збоку, назіралі за дыскусіямі, — а потым выносілі свой прысуд тым рашэньням, якія ішлі на карысьць бізнэсу
— Год таму ў «Інтэрвію тыдня» вы казалі, што «Зноў намэнклятура перамагла Лукашэнку». А хто ў 2018 годзе стаў галоўным тормазам рэформаў?
— Асноўным блякавальнікам рэформаў сталі кантрольна-праваахоўныя органы. Яны, па сутнасьці, стаялі збоку, назіралі за дыскусіямі, — а потым выносілі свой прысуд тым рашэньням, якія ішлі на карысьць бізнэсу. Такім чынам, у нас ёсьць гэтая праслойка, якая нібыта стаіць над працэсам, збоку — але мае значны ўплыў на тое, які пункт гледжаньня прымае сам Лукашэнка.
У 2018 годзе бізнэс патрабаваў, прасіў дэкрыміналізацыі пэўных артыкулаў — бо не ідуць інвэстары. Але кожны месяц нехта трапляў за краты. Мы бачым, што сілавы блёк дзейнічае па сваёй лёгіцы, і многія рашэньні проста топяцца ў кабінэтах сілавых структураў. Гэта парушае эканамічны сувэрэнітэт і зьяўляецца крыніцай эканамічнай небясьпекі для нашай краіны.
— Шмат у якіх постсавецкіх краінах сілавікі выйгралі ад прыватызацыі і структурных рэформаў. Яны — напрыклад, у Расеі, — атрымалі карысьць ад прыватызацыі, сталі ўласьнікамі ці проста «крышавалі» бізнэс. Беларускія сілавікі свайго такога інтарэсу не разумеюць?
— Проста ў нас паміж усімі гэтымі службамі ідзе канкурэнцыя. У нас 8 спэцыяльных службаў, 40 кантрольных органаў — вось і сварацца паміж сабой. Гадамі разьвіваўся «Мінздраўгейт» — карупцыя ў галіне аховы здароўя — і ніхто не зьвяртаў увагі. Але потым іншыя сілавікі нарэшце сказалі: «Колькі гэта можа працягвацца?».
Частка з гэтых людзей сядзяць на грашовых плынях. Але галоўнае, што ніхто не прымае прынцыповых інстытуцыянальных рашэньняў, якія б зрабілі краіну прывабнай для інвэстараў і разьвіцьця прадпрымальніцтва. Сыстэма пабудаваная так, што сілавікі ведаюць нэгатыўнае стаўленьне Лукашэнкі да прыватызацыі. Яны прыладзіліся да існуючай мадэлі і выкарыстоўваюць яе па максымуме.
Гэта загадка году, навошта было мяняць шыла на мыла
— У жніўні Лукашэнка зьмяніў прэм’ера і некаторых міністраў. Напэўна, меліся на мэце нейкія зьмены ў эканамічнай палітыцы. Цяпер, праз 4 месяцы, ужо можна канстатаваць, дзеля чаго гэта было зроблена?
— Гэта загадка году, навошта было мяняць шыла на мыла. Кабякоў — Румас, Турчын — Сямашка. Я паміж імі прынцыповых адрозьненьняў ня бачу. Хіба ў тым, што новыя — маладзейшыя. Урад прыняў праграмы, і я бачу, што там нават няма словаў «лібэралізацыя», «прыватызацыя». Калі там не відаць прынцыповага вырашэньня пытаньняў, які перш за ўсё хвалююць прадпрымальнікаў, дык навошта было мяняць урад?
Гэта сьведчыць, што Лукашэнка сам зайшоў у нейкі ідэйны тупік, ён бачыць, што тое, што сёньня робіцца — не працуе. І да выйсьця з гэтага тупіку будзе падштурхоўваць Крэмль, каб Беларусь пазбавілася ад гэтай нафтавай залежнасьці, у якую мы трапілі яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Гэта балючае рашэньне. Я ўпэўнены, што можна да 2025 зрабіць 100 мільярдаў даляраў ВУП. Але я ўпэўнены, што немагчыма гэта зрабіць у рамках той мадэлі, якую Лукашэнка загадаў працягваць у жніўні гэтага году.