Папярэдняе паседжаньне аднаго з працэсаў справы, якая стала адной з самых гучных падзей мінулага году, адбудзецца ўжо 4 студзеня.
«Справа мэдыкаў» пачалася ў чэрвені 2018 году. Гэта адзін з самых гучных карупцыйных скандалаў у Беларусі за некалькі апошніх гадоў. Першыя затрыманьні адбыліся на пачатку чэрвеня. Адразу некалькі галоўных урачоў менскіх і рэгіянальных шпіталяў не зьявіліся на сваіх працоўных месцах. Пры гэтым пра лёс кіраўніцтва супрацоўнікі лякарняў часта нічога не ведалі. Ні Сьледчы камітэт, ні КДБ працяглы час ніяк не камэнтавалі сытуацыі.
Першыя афіцыйныя паведамленьні пра «справу мэдыкаў» зьявіліся толькі пасьля затрыманьня намесьніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага.
11 ліпеня кіраўнік КДБ Беларусі Валер Вакульчык паведаміў журналістам, што чыноўнік затрыманы праз падазрэньні ў атрыманьні хабару за вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную кампэтэнцыю. Таксама Ласіцкага падазраюць у «ляяльным стаўленьні пры выбары пастаўшчыкоў мэдыцынскага абсталяваньня». Паводле Вакульчыка, намесьнік міністра атрымліваў хабар неаднаразова, памер яго вагаўся ад 2,5 тысячы даляраў да 10 тысяч.
Яшчэ адным вядомым фігурантам справы зьяўляецца дырэктар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі.
«Аляксандар Бялецкі затрыманы і ўзяты пад варту за арганізацыю правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і рамонту мэдыцынскага абсталяваньня з боку камэрцыйных структур і своечасовую плату за аказаныя паслугі. Пры правядзеньні ператрусу ў ягоным гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена 500 тысяч даляраў», — расказваў старшыня КДБ.
Частку з затрыманых у «справе мэдыкаў» асобаў вызвалілі з-пад варты ўвосень. Гэта датычыла ў першую чаргу тых фігурантаў справы, якія прызналі сваю віну, кампэнсавалі нанесеныя страты і актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам.
Агулам «справа мэдыкаў» уключае ў сябе каля 95 асобных крымінальных спраў, у якіх праходзіць каля 100 фігурантаў. 4 студзеня Менскі гарадзкі суд пачне папярэдні разгляд справы намесьніка міністра Ігара Ласіцкага і галоўнага ўрача 12-й гарадзкой стаматалягічнай паліклінікі Ўладзімера Краўчонка. Абодвух абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, а Краўчонак таксама і ў злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Паводле беларускага заканадаўства, пакараньне за такія злачынствы прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня свабоды з канфіскацыяй маёмасьці.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.