Юры Туронак, несумненна, быў адным з галоўных беларускіх гісторыкаў ХХ стагодзьдзя. І напісаць свае найважнейшыя кнігі, на маю думку, ён змог толькі таму, што жыў у Польшчы.
Знаёмства
Упершыню я трапіў у гасьцінны дом Юрыя Туронка на вуліцы Тамка ў Варшаве ўвесну 1991 году. У той час ён дапамагаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, якая месьцілася ў Мюнхэне, наладжваць кантакты са сваімі менскімі карэспандэнтамі, адным зь якіх я і быў.
Ня буду цяпер пісаць пра яго дабрыню, інтэлігентнасьць, таварыскасьць, інтэлект і глыбокі беларускі патрыятызм. Проста назаўсёды застануся яму ўдзячны за дапамогу.
Туронак мяне прыняў як калегу, бо апрача Свабоды, я яшчэ працаваў у Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Францішака Скарыны і займаўся гісторыяй Уніяцкай царквы, у прыватнасьці, міжваеннай Нэа-уніяй. У Юрыя Туронка таксама былі працы па Нэа-уніі, таму пагаварыць нам было пра што.
Мяне тады ўразілі кніжныя паліцы яго невялікай і сьціпла абстаўленай кватэры. На іх было вельмі шмат польскіх гістарычных кніжак — навуковых і публіцыстычных. Зачараваны, я ня мог адысьці ад шафы, але і папрасіць пачытаць, натуральна, нічога ня мог — як аддаць, калі жывеш у іншай краіне?
Выдатны гісторык усё адчуў сам і падараваў мне кніжку, якую я найбольш уважліва гартаў. Гэта была кніга Марка Баруцкага «Jak w dawnej Polsce królów obierano» — таленавіта напісаная захапляльная гісторыя польскай экспансіі ў Вялікае Княства Літоўскае ў XV-XVI стагодзьдзях. Гэтую кніжку ў Менску ў мяне вельмі хутка «зачыталі».
Падзяка Польшчы
І вось цяпер, у 2019 годзе, на наступны дзень пасьля сыходу Навукоўца, гартаючы яго кнігі, выразна разумееш, што зьявіцца яны маглі менавіта ў Польшчы — дзе, з увагі на больш свабодны палітычны рэжым, і навука была непараўнана больш свабодная і лепш фінансаваная, чым наша савецка-беларуская.
Гэтая думка ўпершыню прыйшла мне ў галаву ў 1994 годзе, калі дырэктар Скарынаўскага цэнтру прафэсар Адам Мальдзіс паслаў мяне ў Польшчу ў дактарантуру да славутага польскага гісторыка, прафэсара Люблінскага Каталіцкага ўнівэрсытэту Ежы Клачоўскага.
Гісторык зь Беларусі адчуваў сапраўдны шок, калі трапляў у звычайную польскую ўнівэрсытэцкую кнігарню. Там былі цэлыя завалы гістарычных манаграфій. Здавалася, палякі напісалі ўжо ўсю магчымую гісторыю Польшчы і суседніх краін, і узяліся за свае асобныя паселішчы — там былі манаграфіі на 500 старонак, у якіх апісвалася гісторыя канкрэтных вёсак!
Цяжкае становішча беларускіх гісторыкаў
У нашы дні беларуская гістарычная навука па-ранейшаму знаходзіцца пад татальным кантролем аўтарытарнай і, фактычна, антынацыянальнай дзяржавы.
Разгромлена гарадзенская гістарычная школа, зачыненыя гістарычныя часопісы, з працы звольнена шмат выдатных навукоўцаў. Гісторыкі літаральна прадзіраюцца праз ідэалягічныя абцугі, каб хоць неяк апісаць наша сапраўднае мінулае з нашых уласных пазыцый.
Але, у прынцыпе, слушнай будзе і канстатацыя, што сёньняшняя гістарычная навука Беларусі безнадзейна адстала ад польскай.
Патрэба Нацыянальнай гістарычнай бібліятэкі
І вось я думаю, што ў нас калісьці магла б зьявіцца Беларуская Нацыянальная гістарычная бібліятэка.
Так і бачу, як у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук засноўваецца аддзел-рэдакцыя, які займаецца перакладам найперш польскіх, але таксама і літоўскіх, нямецкіх, украінскіх etc. гістарычных манаграфій на беларускую мову, забясьпечвае іх адпаведнымі камэнтарамі і выдае ў рамках шматтомнай сэрыі.
Насамрэч, вельмі і вельмі шмат з таго, што ў нас яшчэ ня вывучана і не напісана, ужо вывучана і напісана суседзямі, найперш, палякамі.
Цяпер гэтую гераічную працу па перакладзе гістарычных кніг самааддана робіць выкінуты з акадэмічнага Інстытуту гісторыі рэдактар «Беларускага гістарычнага агляду», доктар гістарычных навук Генадзь Сагановіч. Але гэтага, відавочна, недастаткова. Калісьці яе павінен пераняць аддзел інстытуту або і асобны інстытут Акадэміі навук.
І хай бы наша Нацыянальная гістарычная бібліятэка насіла імя Юрыя Туронка.