На 90 годзе жыцьця ў Варшаве 2 студзеня памёр Юры Туронак. Свабода згадвае некаторыя кнігі выбітнага гісторыка.
1. «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»
Другую сусьветную вайну ў Беларусі дасьледавалі сотні гісторыкаў. Каб скласьці ўсе іхнія манаграфіі ў адно месца — атрымалася б цэлая бібліятэка. На жаль, ці ня ўсе савецкія гісторыкі змушаныя былі грашыць супраць ісьціны і ў сваіх пісаньнях падпарадкоўвацца дыктату партыйных ідэолягаў.
Гераічная абарона Берасьцейскай крэпасьці, партызанскія рэйды на чыгунцы, пераможная апэрацыя «Багратыён»... Але ж у Беларусі і пад нямецкай акупацыяй жылі мільёны людзей, нараджалі і вучылі ў школах дзяцей, сеялі жыта, паміралі сваёй сьмерцю, а не ад варожай кулі. Менавіта такую — падакупацыйную — Беларусь і паказаў Юры Туронак.
У 1993 годзе ў менскай кнігарні «Сьветач» людзі стаялі ў чарзе, каб набыць Туронкаву «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» у кідкай бел-чырвона-белай вокладцы. І бралі па дзьве, па тры — сабе і сябрам. Навуковая кніга стала сапраўдным бэстсэлерам.
У 1990-ыя гады тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч на сустрэчы з вэтэранамі паабяцаў прыцягнуць Юр’я Туронка да крымінальнай адказнасьці і дадаў: «По поводу книги "Беларусь под немецкой оккупацией" я уже вёл разговор с министром информации, кому подчинено издательство. Как можно такое издавать?». Прысутная на сустрэчы старэнькая Марыя Осіпава (удзельніца замаху на Вільгельма Кубэ) падтакнула прэм’еру: «Есть ли мозги у того, кто написал книгу?». Магчыма, калі б Юры Туронак зьяўляўся грамадзянінам Беларусі, яго і сапраўды паспрабавалі б пасадзіць на лаву падсудных«.
Самая знакамітая кніга Юр’я Туронка была навуковай дысэртацыяй і прынесла дасьледчыку годнасьць доктара гуманітарных навук у галіне гісторыі. Усе 23 чальцы навуковай рады прагаласавалі «за».
2. «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» (PDF)
У выданьні сабраны найбольш поўныя зьвесткі пра навуковую і грамадзка-палітычную дзейнасьць дасьледчыка і выдатнага дзеяча Вацлава Іваноўскага.
Паводле гісторыка Анатоля Сідарэвіча, Іваноўскі быў першым, хто беларускай ідэі пачаў надаваць канкрэтныя арганізацыйныя формы. Яму належала ініцыятыва стварэньня першай палітычнай партыі Беларусі, ён быў сузаснавальнікам першай культурна-асьветнай арганізацыі (Круг беларускай народнай прасьветы і культуры), у 1903 ён выдаў першую ў ХХ ст. беларускую газэту «Свабода» і ў тым самым годзе распачаў беларускую кнігавыдавецкую справу. У 1906 ён надрукаваў першы беларускі лемантар ХХ ст. і ўзначаліў легальную выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1913 узначаліў Беларускае выдавецкае таварыства.
«Цяжка ўявіць, як разьвівалася б наша літаратура, калі б ня праца Іваноўскага», — пісаў Сідарэвіч.
«Ён быў цьвярозым рамантыкам і разумеў, што пачынаць належыць зь вяртаньня з забыцьця ўласных спрадвечных каштоўнасьцяў — памножыць іх і распаўсюдзіць. — так пра Іваноўскага ў прадмове да кнігі пісаў сам Юры Туронак. — Ад засваеньня новай навукі — незалежнага палітычнага мысьленьня; нарэшце — ад разрыву псыхалягічнай пупавіны, якая трымала яго народ у залежнасьці ад культур суседніх народаў і дзяліла на "рускіх" і "польскіх". І таму ён пачаў ствараць маладую беларускую інтэлігенцыю, якая ўсьведамляла пастаўленыя перад ёю мэты».
Кніга таксама прыводзіць шэраг гістарычных падзей, апісваючы час і ўмовы, пры якіх праходзіла адраджэньне Беларусі. Фігура Іваноўскага ў дадзенай працы паказана ня толькі грунтоўна і падрабязна, але і максымальна аб’ектыўна: аўтар, на аснове аповедаў відавочцаў, перапіскі, узнаўляе і ўнутраны стан дасьледчыка і выдатнага дзеяча Беларусі.
3. «Людзі СБМ» (PDF)
Доўгі час гісторыя разглядала Саюз беларускай моладзі, якія дзейнічаў у акупаванай Беларусі, як нэгатыўную зьяву калябарантаў, здраднікаў Радзімы. Пасьля развалу СССР некаторыя дасьледчыкі пачалі лічыць СБМ ледзь не самым прагрэсіўным рухам на Беларусі. Юры Туронак паставіў перад сабой задачу абʼектыўнага ўзнаўленьня гістарычных падзеяў. І тут няма месца адабрэньню, або жорсткай крытыцы.
Кніга — грунтоўнае і пасьлядоўнае асьвятленьне гісторыі арганізацыі ў храналягічным парадку.
4. «За кардонам Бацькаўшчыны»
Ва ўспамінах Юрыя Туронка, які ўсё жыцьцё пражыў за межамі Беларусі, адлюстравана ўся яе найноўшая гісторыя. Аўтар узнаўляе і ацэньвае перажытае, разважае пра шляхі беларускага самаўсьведамленьня.
«Jak ty sіę nazyvasz? Jureczek?» — пыталася ў трохгадовага лабатага хлопчыка суседка. «Nie Jureczek, а Юрачка», — адказваў той насуплена, і рабілася відавочным — такога не перавучыш і не пераназавеш.
Успаміны Юрыя Туронка ўражваюць і часам жахаюць сваёй праўдай. Вось малаўцямны для нас, сёньняшніх, малюнак: жанчыны на каленях моляцца ў хаце: «Божа, пашлі вайну!». Але што гэтаму папярэднічала? Дэпартацыя ў клятую Сыбір (тры дні і тры начы энкавэдысты напаўнялі эшалён на станцыі ў родных Туронку Дукштах)... Местачковы вэтэрынар, псыхалягічна ня вытрымаўшы тэрору, брытвай перарэзаў сабе горла... Дарэшты запалоханая, як і ўсе местачкоўцы, новай уладай Юркава бабуля спаліла ў печы кніжку Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»...
У аглядзе выкарыстаныя публікацыі Міхася Скоблы і Анатоля Сідарэвіча.