Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскім раёне даішнік перад Новым годам насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У телеграм-канале NEXTA зьявілася інфармацыя аб тым, што ў Магілёўскім раёне інспэктар ДАІ з Чэрыкава насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк, паведамляе Tut.by. У канале разьмешчана фота апэратыўнай міліцэйскай зводкі для ўнутранага карыстаньня за 1 студзеня 2019 году. У адкрытай зводцы на сайце МУС пра гэтае ДТЗ ня згадваецца.

Паводле інфармацыі з закрытай зводкі, раніцай 1 студзеня на ўзбочыне дарогі каля вёскі Семукачы Магілёўскага раёну знайшлі труп пэнсіянэра. Паводле вонкавых прыкмет, мужчыну зьбіла машына.

«Высьветлена, што наезд 31 сьнежня ў 19.30, кіруючы асабістай аўтамашынай Audi, учыніў малодшы інспэктар ДПС АДАІ Чэрыкаўскага РАУС 1995 году нараджэньня», — гаворыцца ў паведамленьні.

Цела мужчыны знайшлі каля 9.50 раніцы, з чаго можна зрабіць выснову, што кіроўца ўцёк зь месца ДТЗ.

Даішніка затрымалі, у дачыненьні яго завялі крымінальную справу за парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасці сьмерць чалавека (арт. 108 КК РБ).

У Семукачах Tut.by распавялі, што цела пэнсіянэра сапраўды знайшлі раніцай 1 студзеня на ўзбочыне. Мужчыну будуць хаваць сёньня, 3 студзеня. А хлопца, які быў за рулём Audi, у аграгарадку многія ведаюць, хаця б зрокава.

«Ён да дзяўчыны сваёй часта прыяжджаў у госьці. Яго Вася завуць, — распавялі мясцовыя жыхары. — А хто ён, як усё адбылося — невядома».

Атрымаць афіцыйны камэнтар у міліцыі Tut.by пакуль не ўдалося, але факт сьмяротнай аварыі 31 сьнежня каля вёскі Семукачы пацьвердзіў афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту Сяргей Болсун.

«Сапраўды, у СК знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненьні 23-гадовага жыхара Чэрыкава. Расьсьледаваньне знаходзіцца на першапачатковым этапе, таму пакуль няма інфармацыі аб фізычным стане кіроўцы ў момант ДТЗ», — сказаў Болсун.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG