Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія гульні, выбары, рост камуналкі. Чаго чакаць беларусам у 2019 годзе


Новы год, вітрыны, ілюстрацыйнае фота
Новы год, вітрыны, ілюстрацыйнае фота

2019-ы год можа стаць багатым на палітычныя, сацыяльныя, спартовыя і культурныя падзеі. Свабода сабрала асноўныя зь іх.

Выбары

Паводле закону, у 2020 годзе ў Беларусі могуць прайсьці адразу дзьве палітычныя кампаніі: выбары прэзыдэнта і выбары ў Палату прадстаўнікоў. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, праводзіць дзьве такія кампаніі за год выбарчыя камісіі проста ня могуць. Таму выбары прэзыдэнта могуць адбыцца ў Беларусі ўжо сёлета, у 2019-м. Хоць дата іх пакуль яшчэ ня вызначана.

Але прэзыдэнцкія выбары ў 2019 годзе беларусы ўбачаць дакладна, яны пройдуць у суседняй Украіне 31 сакавіка. Відавочна, што навіны зь іх не абмінуць беларускія СМІ.

Эўрапейскія гульні

У чэрвені Менск будзе прымаць II Эўрапейскія гульні, што стане галоўнай спартовай падзеяй у Беларусі сёлета. Змагацца за 200 камплектаў узнагарод будуць 4 тысячы спартоўцаў з 50 краінаў, аднак наймацнейшых атлетаў чакаць ня варта — спаборніцтвы ня лічацца, ані прэстыжнымі, ані высокарэйтынгавымі.

Іншаземцы зь большасьці краін змогуць прыехаць у Беларусь бязь візы на месяц празь любыя пункты пропуску, як гэта было падчас сусьветнага чэмпіянату ў хакеі ў 2014 годзе.

На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Менск прыехалі 80 тысяч іншаземцаў.

Грошы на Эўрапейскія гульні закладзены ў бюджэт Беларусі на 2019 год — больш за 70 мільёнаў даляраў. Да таго ж на падрыхтоўку з прэзыдэнцкага фонду ўжо выдаткавалі 77 мільёнаў рублёў.

Квіткі на Эўрапейскія гульні ў продажы, яны каштуюць ад 5 да 50 рублёў у залежнасьці ад віду спорту. Цырымонію адкрыцьця можна паглядзець, купіўшы квіток сама меней за 150 рублёў. Самы дарагі каштуе 300 рублёў. На цырымонію закрыцьця можна будзе трапіць за ўдвая меншыя сумы.

«Дармаедзкія» выступы

У 2019 пачынае дзейнічаць новы варыянт «дэкрэту аб дармаедах». Паводле яго, уласьнікі жылпошчы, якія, на думку ўладаў, «не задзейнічаны ў эканоміцы», г. зн. афіцыйна не працуюць, будуць плаціць за камунальныя паслугі 100%.

У 2017 годзе першы варыянт такога дэкрэту абавязваў беспрацоўных плаціць у бюджэт па 460 рублёў за «няўдзел у фінансаваньні эканомікі». Тады дэкрэт выклікаў хвалю масавых пратэстаў па ўсіх краіне і яго адмянілі. У 2019 годзе ў базу дармаедаў трапілі каля 500 тысяч чалавек. Ці выкліча новы закон пратэсты, пакуль незразумела.

Фінансавыя страты і сустрэчы з Пуціным

300 мільёнаў даляраў Беларусь страціць ад падатковага манэўру Расеі ў галіне энэргарэсурсаў у 2019 годзе. Такія лічбы агучвае Мінфін Беларусі. Ці кампэнсуе Расея гэтыя страты, невядома, бо вынікі апошняй сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі не агучваліся.

Агулам за чатыры гады ад падатковага манэўру Беларусь можа страціць да 12 мільярдаў даляраў.

Летась Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаліся 9 разоў, у тым ліку каб абмеркаваць страты ад падатковага манэўру і цэны на газ. Колькі такіх сустрэч будзе сёлета, невядома.

Цяпер беларускія НПЗ закупляюць расейскую нафту па новых правілах, з улікам падатковага манэўру.

Паліва патаньнее?

Калі летась цэны на бэнзін падымаліся 27 разоў, то сёлета «Белнафтахім» анансаваў іх паніжэньне. 30 сьнежня кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» унесла прапановы аб зьніжэньні цэнаў на маторнае паліва на ўнутраным рынку. Пра гэта заявіў старшыня канцэрну Андрэй Рыбакоў падчас наведваньня ААТ «Нафтан». Калі гэта будзе зроблена, не ўдакладняецца.

Камуналка вырасьце

Камунальныя плацяжы ў разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні паслуг за год вырастуць у межах 5 даляраў, абяцаюць улады.

З 1 студзеня павялічацца расцэнкі на паслугі газа-, электра- і водазабесьпячэньня, водаадвядзеньня, капрамонту. Падаражэе электраэнэргія.

Пасьля ацяпляльнага сэзону (з 1 чэрвеня) на 1,1 даляра павялічыцца тарыф на паслугі ацяпленьня і падагрэў вады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG