Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўкі, пратэсты, выбары ў Беларусі: што экспэрты Свабоды прагназуюць на 2019 год


Што нас чакае сёлета — натуральнае пытаньне, якое людзі задаюць на пачатку году.​

Свабода зьвярнулася да экспэртаў з просьбай адказаць на чортаў тузін пытаньняў пра падзеі 2019 году.

У канцы 2019 году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, хто з апытаных меў рацыю.

Нашыя пытаньні:

1. Якім будзе курс даляра ў канцы году?

2. Ці зьявіцца ў Беларусі расейская вайсковая база?

3. Колькі міністраў страцяць свае пасады ў 2019 годзе?

4. Ці будуць масавыя пратэсты з прычыны новага парадку аплаты «камуналкі» для «дармаедаў»?

5. Колькі будзе каштаваць шэнгенская віза для беларусаў?

6. Ці адбудуцца ў 2019 годзе датэрміновыя прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія выбары?

7. Хто стане ляўрэатам прэміі Гедройця?

8. Хто стане прэзыдэнтам Украіны?

9. Каманда якой краіны набярэ больш за ўсіх мэдалёў на Эўрапейскіх гульнях у Беларусі ў 2019 годзе?

10. Сёлета Расея апублікавала сьпіс украінскіх грамадзянаў, якім забаронены ўезд у РФ. Ці прыедзе нехта зь іх налета ў Беларусь?

11. Колькі ў 2019 годзе складуць страты Беларусі (з улікам кампэнсацыі) ад расейскага падатковага манэўру ў нафтавай галіне?

12. Колькі разоў Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

13. Якім будзе гадавы абарот ІТ-сфэры ў Беларусі?

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар газэты «Наша ніва»

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

  1. 2,5 рубля
  2. Не.
  3. Няма розьніцы.
  4. Не.
  5. 35 эўра.
  6. Не.
  7. Каміла Цень з кнігай «Я прыду за табой у аўгусце».
  8. Ня бачу годных кандыдатаў.
  9. Расея.
  10. Не.
  11. 0.
  12. 5 разоў.
  13. Не на 20% больш, чым у 2018.

Валерыя Касьцюгова, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение»

Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

  1. 2,3 рубля.
  2. Дакладна не.
  3. Сыдуць міністры сацыяльна-гуманітарнага блёка.
  4. У 2019 годзе масавага пратэсту ня будзе, але будзе масавы сабатаж — лявінападобнае назапашваньне даўгоў у плацяжах за «камуналку».
  5. 35 эўра.
  6. Не — абедзьве кампаніі пройдуць у 2020 годзе.
  7. Вельмі хачу, каб Альгерд Бахарэвіч, хай гэта будзе маёй просьбай Дзеду Марозу.
  8. Пятро Парашэнка.
  9. Расеі, таму што іншыя краіны возьмуць абмежаваны ўдзел.
  10. І ў Расею многія зь іх прыедуць.
  11. Усе падлікі могуць быць толькі спэкуляцыйнымі, але значна менш за 300 мільёнаў даляраў.
  12. Разоў 6 мусяць сустрэцца паводле пратаколу і яшчэ пару разоў — з пачуцьця глыбокай узаемнай сымпатыі.
  13. Натхняльным.


Павал Вусаў, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу

Павал Вусаў
Павал Вусаў

  1. Гледзячы на тэндэнцыі (паглыбленьне эканамічнага крызісу, інфляцыя, рост запазычанасьці), курс можа ўзрасьці да 3 рублёў, а мо і вышэй.
  2. Я не выключаю далейшага прасоўваньня стратэгічных інтарэсаў Расеі ў Беларусі, пашырэньня залежнасьці краіны да ўсходняй суседкі. Таму імавернасьць зьяўленьня вайсковай базы застаецца высокай. Тым больш што ў 2019 годзе плянуюцца новыя маштабныя вучэньні «Шчыт Саюзу – 2019», падрыхтоўка да якіх ужо пачалася.
  3. Мне думаецца, што ў перадвыбарчы год Лукашэнку будзе нявыгадна радыкальна мяняць склад ураду. Мяркую, што глябальных кадравых зьменаў ня будзе. Аднак магчымыя «ахвяры» сярод найбольш непапулярных міністэрстваў дзеля паляпшэньня іміджу: аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, ЖКГ.
  4. Улічваючы падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнта, улады зробяць усе магчымае, каб дэмабілізаваць грамадзтва, нэўтралізаваць любыя пратэставыя дзеяньні. Палітычны кантроль і ціск будуць пашыраныя, таму магчымасьць пратэстаў сацыяльнага характару вельмі малая.
  5. 80 эўра.
  6. Датэрміновых выбараў ня будзе, але сытуацыя вакол кампаній будзе вельмі напружаная.
  7. Альгерд Бахарэвіч.
  8. Пятро Парашэнка, калі выбары адбудуцца.
  9. Хутчэй за ўсе, Расеі, мяркуючы па выніках мінулых гульнях.
  10. Ключавыя асобы, унесеныя ў сьпіс, ня езьдзілі ў Беларусь, нават калі яны не былі ў сьпісе. Таму думаю, што наўрад ці.
  11. Лукашэнка будзе вымушаны дамаўляцца з Масквой і ісьці на саступкі Расеі. Таму гэтае пытаньне будзе зьнятае.
  12. Калі казаць выключна пра двухбаковыя сустрэчы, то 3-4 разы.
  13. Каля 2,5 мільярда даляраў.

Аляксандар Класкоўскі, рэдактар аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

  1. Да ўльтыматуму Мядзьведзева я меркаваў, што курс праз год будзе найхутчэй ад 2,23 да 2,30 беларускага рубля. Але цяпер ня выключаны і скачок. Увогуле пры цяперашняй уразьлівасьці беларускай эканомікі да вонкавых шокаў тут можна хіба што варажыць на кававай гушчы. І нават прыблізны прагноз рызыкоўна даваць як мінімум да вынікаў сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным.
  2. Можа, Крэмль і ня надта будзе ціснуць, бо апёкся ўжо. А калі і паспрабуе, то 9 супраць 1, што Лукашэнка зноў адаб’ецца.
  3. Гэта будзе залежаць ад эмацыйнай амплітуды імпульсіўнага беларускага правадыра. Калі эканоміка зусім затармозіцца, то ня выключаная і адстаўка прэм’ера Румаса з абоймай падначаленых, бо трэба ж знайсьці крайніх перад выбарамі. Карацей, другі акт марлезонскага балету ў духу адстаўкі Кабякова і кампаніі. Але больш імаверна, што Румас застанецца, зьменяць з розных прычынаў некалькіх міністраў.
  4. Масавых пратэстаў, хутчэй за ўсё, ня будзе. Новы варыянт «дэкрэту аб дармаедах» хітрэйшы, ды і ўлада паказала, што цацкацца ня стане.
  5. Амаль упэўнены, што 35 эўра.
  6. З імавернасьцю 50% на восень будуць прызначаны парлямэнцкія выбары. Прэзыдэнцкія найхутчэй пройдуць у тэрмін, блізкі да «нармальнага».
  7. Спытайце што-небудзь лягчэйшае. Напрыклад, хто стане прэзыдэнтам Беларусі.
  8. Практычна роўныя шанцы ў Парашэнкі і Цімашэнкі, але найхутчэй у выніку Парашэнка застанецца на другі тэрмін.
  9. Зусім не сачу за спортам. Як палітычны аналітык прагназую, што найболей піяраўскіх пунктаў набярэ найлепшы сябра фізкультурнікаў (самі ведаеце хто).
  10. Мяркую, што так.
  11. Імаверна, Масква ўсё ж адшкадуе частковую кампэнсацыю, але беларускі бюджэт можа страціць да 150-200 мільёнаў даляраў.
  12. Гэтым разам ня выключана зацяжная канфрантацыя без сустрэчаў. Калі наўздагад: разы тры сам-насам і яшчэ разы тры-чатыры на розных самітах.
  13. Блізу 1,8 мільярда даляраў.

Арцём Шрайбман, журналіст, палітычны аналітык

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

  1. 2,25 рубля.
  2. Не.
  3. 1-2.
  4. Не.
  5. 60 эўра (ці 80, калі эўрапейцы пасьпеюць увесьці новыя цэны на візы).
  6. Мяркую, што не.
  7. Ня ведаю.
  8. Юлія Цімашэнка.
  9. Расеі.
  10. Не.
  11. 200 мільёнаў даляраў.
  12. 5-7 разоў.
  13. 2 мільярды даляраў.

Іван Шыла, спэцыяліст у сацыяльных мэдыя

Іван Шыла
Іван Шыла

  1. Беларускі рубель ня ўзмоцніцца, бо расейскі рубель ня ўзмоцніцца. Курс праз год — 2,25 за даляр.
  2. Не, ня зьявіцца.
  3. Ня ведаю, гэта (пакуль яшчэ) не настолькі важна. Шуневіч? Ён міністар восьмы год, трэба мяняць.
  4. Пратэстаў ня будзе. Прынамсі, праз гэты дэкрэт. Беларусы пратэстуюць раз на пяць гадоў. Наступны заўважны пратэст — у наступным дзесяцігодзьдзі.
  5. 60 эўра. Але ў 2020-м дакладна 35.
  6. Не, датэрміновых выбараў не адбудзецца.
  7. Ня маю нават прыблізна ўяўленьняў. Дакладна не Бахарэвіч
  8. Выбараў ва Ўкраіне ў 2019-м не адбудзецца.
  9. Беларусь выступіць лепш, чым звычайна. На хатніх гульнях судзьдзі часьцей памыляюцца на карысьць гаспадароў.
  10. Нават ня буду спрабаваць угадаць
  11. Стратаў ня будзе — будзе карысьць. Гэтыя грошы мы заробім самі, не цягам году, але галоўнае, што працэс працягваецца
  12. А колькі разоў сустракаліся ў 2018-м? Тады плюс два да той лічбы.
  13. 2 мільярды даляраў. Трэба пастарацца. Мы і самі ў нашай кампаніі плянуем прадаць лічбавых паслуг у Расею на 10 тысяч.

Віктар Малішэўскі, блогер

Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі

  1. ​Калі беларусы будуць пытацца пра курс рубля, а не даляра, тады можна будзе расслабіцца. Але ў 2019 годзе такога цуду не адбудзецца. А курс рубля, як вядома, вызначае рынак (на самай справе 2,2160, як прадугледжана ў бюджэце-2019).
  2. Менск працягне пераконваць Маскву, што Беларусь зьяўляецца вайсковай і кармавой базай Расеі.
  3. Ад перамены месцаў у кабінэтах колькасьць дармаедаў у краіне не мяняецца.
  4. Дармаеды не асабліва адчуюць наступствы. Жыроўка звычайных беларусаў яшчэ больш наблізіцца да 100% аплаты, усім нам давядзецца плаціць па тарыфах, набліжаным да «дармаедзкіх».
  5. Гэта тое пытаньне, якое не залежыць ад нас, а значыць, не прагназуецца.
  6. Мяркуючы па электаральных расходах у бюджэце-2019, калі выбары і пройдуць, нам пра іх раскажуць ужо пасьля падвядзеньня вынікаў.
  7. Бахарэвіч будзе другім. Хто першым, ня важна.
  8. Не палітык.
  9. Зборная Эўразійскага эканамічнага саюзу, калі толькі яна выставіць сваіх асноўных атлетаў.
  10. Так, наступны прэзыдэнт Украіны наведае нашу краіну зь візытам, і не адзін раз.
  11. Нашы страты складуць 1 капейку на кожным літры бэнзіну за тыдзень.
  12. Прэзыдэнты значна часьцей ня будуць хацець бачыць адзін аднаго.
  13. Больш, чым страты ад падатковага манэўру Расеі.

Аляксандар Фядута, публіцыст, паліттэхноляг

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

  1. 2,308 рубля.
  2. Не.
  3. 6.
  4. Не.
  5. 45 эўра.
  6. Не.
  7. Хацелася б, каб Мудроў, але ж дакладна ня ведаю.
  8. Цімашэнка.
  9. Нямеччыны.
  10. Так.
  11. Ня ведаю.
  12. 8.
  13. Да 1 мільярда не дацягне, але ж дакладна болей за 900 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG