Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калектар з ГРУ. Time расказаў пра сувязь памочніка Дзерыпаскі з кампаніяй Трампа


Блізкасьць да Ўладзіміра Пуціна стала прычынай занясеньня Алега Дзерыпаскі ў санкцыйныя сьпісы ЗША
Блізкасьць да Ўладзіміра Пуціна стала прычынай занясеньня Алега Дзерыпаскі ў санкцыйныя сьпісы ЗША

Часопіс Time апублікаваў эксклюзіўны матэрыял, у якім распавёў пра сувязь былога кіраўніка службы бясьпекі кампаніі «Русал» з былым кіраўніком перадвыбарчага штабу Дональда Трампа.

Выданьню ўдалося ўзяць інтэрвію ў былога супрацоўніка расейскай вайсковай выведкі Віктара Баяркіна, які патрапіў у новыя санкцыйныя сьпісы ЗША. Ён, як сьцьвярджаецца, быў пасярэднікам у зносінах паміж былым кіраўніком штабу Трампа Полам Манафортам, які трапіў у ЗША пад суд па справе аб расейскім ўмяшаньні ў выбары, і расейскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам, на якога працаваў.

Баяркін — былы супрацоўнік расейскай выведкі, які працаваў у дыпляматычных прадстаўніцтвах у Вашынгтоне і Мэксыцы. У Вашынгтоне служыў у званьні капітана другога рангу, працуючы памочнікам ваенна-марскога аташэ, гэтая пасада часта выкарыстоўваецца для прыкрыцьця супрацоўнікаў легальнай вайсковай выведкі. Паводле Баяркіна, пасьля ён займаўся гандлем зброяй, яго спэцыялізацыяй быў экспарт расейскіх караблёў за мяжу.

Пасьля ўключэньня Баяркіна ў санкцыйныя сьпісы 19 сьнежня расейскі Forbes і «Фонтанка» згадвалі яго як былога кіраўніка службы бясьпекі «Русала» — металюргічнай кампаніі, якой да нядаўняга часу кіраваў расейскі алігарх Алег Дзерыпаска.

Дзерыпаска стаў ключавой фігурай у стасунках ЗША з Расеяй. Адзін з найбагацейшых людзей Расеі, блізкі да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, ён меў дзелавыя сувязі з мэнэджэрам выбарчай кампаніі прэзыдэнта Трампа Пола Манафорта. Як сьцьвярджаў раней «The New York Timеs», Пол Манафорт падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году ў ЗША нібыта прапанаваў Дзерыпаску прыватныя брыфінгі пра кампанію Дональда Трампа.

Баяркін распавёў Time, што патрабаваў ад Манафорта грошай для Дзерыпаскі. Амэрыканскі лабіст быў вінен расейскаму алігарху каля 10 мільёнаў даляраў, той таксама патрабаваў з яго грошы за няўдалыя ўкладаньні, у якіх Манафорт быў пасярэднікам. У 2014 годзе адвакаты Дзерыпаскі скардзіліся, што Манафорт і яго бізнэс партнэр «проста зьніклі» з грашыма на агульную суму 19 мільёнаў даляраў. Паводле Баяркіна, у зносінах паміж Дзерыпаскам і Манафортам ён выступаў у ролі «калектара».

Як паведамляе Time, Манафорт прапаноўваў Дзерыпаску падзяліцца дадзенымі пра выбарчую кампанію Трампа паводле парады Баяркіна. Да 2016 году паліттэхноляг быў амаль банкрутам, але заставаўся на сувязі з Баяркіным і Дзерыпаскам.

У красавіку 2016 году Трамп на некалькі месяцаў наняў Манафорта кіраўніком перадвыбарчага штабу. Баяркін меркаваў, што інфармацыя пра кампанію Трампа можа быць цікавая бізнэсоўцу. Зь яго слоў няясна, пра якія канкрэтна дадзеныя ідзе гаворка.

Часопіс Time меў зносіны з Баяркіным перад уключэньнем таго ў санкцыйныя сьпісы ЗША. Пасьля публікацыі сьпісу, ён адмовіўся даваць выданьню дадатковыя камэнтары.

Былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Дональда Трампа паліттэхноляга Пола Манафорта цяпер судзяць у ЗША за ўтойваньне інфармацыі аб афшорных рахунках, банкаўскае махлярства і нявыплату падаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG