Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вырашылі зьняць санкцыі з кампаній Дзерыпаскі, але не самога расейскага алігарха


Алег Дзерыпаска
Алег Дзерыпаска

ЗША здымуць санкцыі з групы кампаній En + Group, UC Rusal («Русал») і EuroSibEnergo (ААТ «Евросибэнерго»), якія належаць мільярдэру Алегу Дзерыпаску.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША, накіраваным у Кангрэс.

Сам Алег Дзерыпаска застанецца пад санкцыямі. Актывы бізнэсоўца, у якіх яму належыць больш за 50%, застануцца замарожаныя.

У паведамленьні міністэрства гаворыцца, што расейскія кампаніі пагадзіліся на значныя зьмены ў сваіх карпаратыўных структурах і ўпраўленьні. У прыватнасьці, карпарацыі вырашылі зьнізіць долю Дзерыпаскі да менш чым 50 адсоткаў.

Апроч іншага зьмены закрануць склад кіраўніцтва кампаній. У прыватнасьці, палова рады дырэктараў En + будзе складацца з грамадзян ЗША і Вялікай Брытаніі. Дзейны старшыня рады дырэктараў «Русала» пакіне свой пост.

Таксама ўсе тры кампаніі пагадзіліся на «беспрэцэндэнтную празрыстасьць» у сваёй працы на амэрыканскім рынку, дазволіўшы ўладам ЗША цалкам кантраляваць сваю дзейнасьць.

Вывесьці кампаніі з-пад санкцый плянуецца на працягу 30-ці дзён.

Санкцыі супраць Дзерыпаскі і падкантрольных яму кампаній ЗША ўвялі 6 красавіка, указаўшы на блізкасьць бізнэсоўцы да Крамля. Пазьней у Вашынгтоне заявілі, што гатовыя разгледзець зьняцьце санкцый. У якасьці адной з умоваў называлася зьніжэньне долі Дзерыпаскі ў капітале кампаній.

Алег Дзерыпаска стаў ключавой фігурай у адносінах ЗША з Расеяй. Адзін з найбагацейшых людзей Расеі, блізкі да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, ён меў дзелавыя сувязі з мэнэджэрам выбарчай кампаніі прэзыдэнта Трампа Пола Манафорта. Як піша «The New York Timеs», Пол Манафорт падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году ў ЗША нібыта прапанаваў Дзерыпаску прыватныя брыфінгі пра кампанію Дональда Трампа.

У пачатку 2018 году расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выкрыла сувязі намесьніка расейскага ўраду Сяргея Прыходзькі з алігархам Алегам Дзерыпаскам.

Навальны выйшаў на гэтую тэму праз інстаграм беларускі Насьці Рыбкі (Анастасіі Вашукевіч). Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала, што адбывалася на Дзерыпаскавай яхце, у сваёй кнізе і сацыяльных сетках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG