Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я аўтар ідэі саюзнай дзяржавы» — Леанід Неўзьлін пра «пуціна-шмуціна», беларускае грамадзянства і гульні Лукашэнкі


Леанід Неўзьлін, архіўнае фота
Леанід Неўзьлін, архіўнае фота

Читать по-русски

Былы саўладальнік расейскай нафтавай карапарацыі ЮКОС і грамадзкі дзяяч Леанід Неўзьлін, якога ў Расеі чакае пажыцьцёвае зьняволеньне, кажа, што прыдумаў саюзную дзяржаву, што хацеў бы быць беларускім грамадзянінам і што гульня Лукашэнкі ў «пагрозу незалежнасьці» ўзгодненая з Пуціным.

5 цытат Леаніда Неўзьліна (калі хочаце адкласьці артыкул на потым)

  • Я быў бы лепш беларускім грамадзянінам, чым расейскім. То бок ня проста лепш, а на парадак лепш.
  • Жаданьне (далучыць Беларусь да Расеі ў расейскага кіраўніцтва. — РС) ёсьць. Гэта закладае для Пуціна магчымасьці нікуды не сыходзіць пры мадэлі стварэньня новай дзяржавы.
  • Зьяўленьне адначасова Бабіча ў амбасадарах і Кадырава ў сябрах Аляксандра Рыгоравіча і яго старэйшага сына, які на адпаведнай пасадзе (Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. — РС), і іх цеснае супрацоўніцтва, — гэты трохкутнік мяне палохае. Гэтыя «беспредельщики» небясьпечныя. Калі ўзьнікне нешта на вуліцы ці трэба будзе справакаваць нібыта «майдан», яны вельмі падыходзяць.
  • Лукашэнка такі, які ён ёсьць, — старшыня калгаса, толькі цяпер вялікага. А Пуцін — адарваны ад рэалій апэратыўнік-летуценьнік з крымінальным ухілам. Іх нельга ставіць на адну дошку.
  • Беларусам патрэбныя і дэмакратыя, і незалежнасьць. Інакш — залежнасьць ад Расеі і дыктатура пуціноідаў.

«Я сёньня больш беларус, чым расеец. Разгуляліся мае карані, нічога не магу з сабой зрабіць», — кажа Леанід Неўзьлін. Былы рэктар Расейскага дзяржаўнага гуманітарнага ўнівэрсытэту, заснавальнік фонду дасьледаваньняў усходнеэўрапейскага і расейскага габрэйства пры Габрэйскім унівэрсытэце Ерусаліму, былы кіраўнік ЮКОСа, а цяпер адзін з асноўных яго бэнэфіцыяраў. Дзесяць гадоў таму ў Расеі яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне.

З 2003 году Леанід Неўзьлін жыве ў Ізраілі, дасьледуе гісторыю габрэйства, інвэстуе ў бізнэс і судзіцца з Расейскай Фэдэрацыяй. Часам пасьпяхова, але грошай ад расейскай дзяржавы дачакацца цяжка. «Беспредельщики», — кажа пра гэта Неўзьлін. Разважае ён і пра свае пляны ў Беларусі.

«Я хачу займацца Беларусьсю, але не палітыкай. Культурай, разьвіцьцём беларускай мовы, нацыянальным гонарам, самавызначэньнем беларускага народу, — працягвае ён. — І габрэяў разглядаю як ягоную частку. Так склалася, што Беларусь — адна з самых сымбіятычных тэрыторый, дзе сымбіёз беларусаў, габрэяў, палякаў быў вельмі моцны і ўсе адзін аднаго ўзбагачалі. Мне Беларусь раднейшая, і я гэтага не хаваю».

«Быў бы лепш беларускім грамадзянінам, чым расейскім. То бок ня проста лепш, а на парадак лепш»

Дзяды і бабулі Леаніда Неўзьліна паходзяць зь беларускіх Дуброўна і Чэрыкава. Цікавасьць да гісторыі сваёй сям’і сам Неўзьлін характарызуе як «натуральную». Але ў выніку яе зьявілася двухтамовае дасьледаваньне, у якім ня толькі зьвесткі пра асабістую генэалёгію, але і кантэкст жыцьця габрэйскага мястэчка. У сваім Telegram Неўзьлін піша пра Беларусь рэгулярна, не абмінаючы палітыкі.

Сам ён у мясьцінах, адкуль паходзіць сям’я, ня быў ніколі. У савецкія часы было ня надта прынята распавядаць пра сваю габрэйскую гісторыю. Пазьней сама гісторыя ня вельмі спрыяла такім паездкам. Але ведае столькі, што «калі нага мая апынецца ў Дуброўне, я буду ведаць, куды ісьці», упэўнены ён.

Дуброўна. Фота Тацяны Ткачовай
Дуброўна. Фота Тацяны Ткачовай

«У свой час мы былі ў дэлегацыі мэдыйшчыкаў у Лукашэнкі, — згадвае Леанід. — Яе, здаецца, нават Барыс Беразоўскі арганізоўваў. Я быў намесьнікам генэральнага дырэктара ТАСС. Нас вельмі добра прыняў Лукашэнка, шмат правёў часу, паелі, пагаварылі. Я да яго падышоў, кажу: „Я адсюль, можна мне машыну на дзьве гадзіны, я б скатаўся, паглядзеў свае мясьціны“. Ён мне адказаў: „Ня трэба цяпер, я табе ня раю“. І я не паехаў». Па ўспамінах, гэта быў 1997 год.

«Я вельмі хачу ў Беларусь і вельмі хачу ўсім гэтым займацца, але я проста не магу, я баюся. Я баюся быць арыштаваным і экстрадаваным у Расею», — казаў Леанід Неўзьлін у інтэрвію 2014 году, калі мы размаўлялі зь ім па выніках рашэньня Трацейскага суду Гаагі задаволіць пазоў кампаніі былых акцыянэраў ЮКОСа — Group Menatep Limited — да Расейскай Фэдэрацыі. Тады суд абавязаў РФ выплаціць 50 мільярдаў даляраў кампэнсацыі і аплаціць 65 мільёнаў даляраў судовых выдаткаў. Што цяпер? Баіцца?

«Ды я ўвогуле нічога не баюся, — адказвае Неўзьлін. — Але я не хачу аніякай рызыкі ня толькі выдачы, але і ізаляцыі мяне. Я хачу працаваць і зрабіць максымум таго, што магу».

Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі, 1998 год
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Беразоўскі, 1998 год

«Вось мой стары былы знаёмы Барыс Абрамавіч Беразоўскі паверыў Лукашэнку, і Лукашэнка яму ня здрадзіў, — працягвае Леанід. — Ён быў ня меншым ворагам Пуціна, чым я. Але ў нейкі момант Лукашэнка паклікаў Беразоўскага і сказаў: „Барыс, я не магу гарантаваць тваю бясьпеку“. На вашай тэрыторыі КДБ ня тое што ня можа супрацьстаяць ФСБ, а мусіць дапамагаць і супрацоўнічаць. Так што гэта ня боязь, а рацыяналізм. Калі б Хадаркоўскі спытаў маёй думкі, я б сказаў: „Міша, ня трэба, калі ласка“».

Міхаіл Хадаркоўскі
Міхаіл Хадаркоўскі

Леанід кажа, што практычна ня слухае сучасную расейскую музыку, але яго «грэе беларуская» і часткова ўкраінская.

«І дакладна разумею, што гэта маё, мае карані, яшчэ адна мая identity, якая ўва мне надзвычай моцная. І я не хачу яе губляць празь нейкага пуціна-шмуціна ці каго заўгодна», — кажа Неўзьлін.

Ён часта згадвае «калектыўнага Пуціна», а «развал славянскай супольнасьці» называе ці ня самым галоўным грахом цяперашняй Расеі. Верыць, што Беларусь, Украіна і Расея разам утвараюць моцнае братэрства, у якім могуць і павінны супрацоўнічаць, узаемна ўзбагачацца і рухацца да эўрапейскай цывілізацыі.

«Я не лічу Пуціна моцным чалавекам ці палітыкам, — кажа ён. — Гэта малаадукаваны дэмагог, які воляю выпадку апынуўся ў цэнтры мафіёзнай матрыцы ці павуціны. І выконвае такую ролю, ведаеце, як у мафіі бывае „судзьдзя“, „арбітар“. Але ён прызначаны першым, і спалучэньне АЗГшных (АЗГ — арганізаваная злачынная групоўка. — РС) і канстытуцыйных законаў робіць зь яго моцную фігуру дэ-юрэ і дэ-факта. Але ён такой не зьяўляецца, таму справа ўрэшце ня ў Пуціну. Справа ў тым, што ў пэрыяд яго кіраваньня разбурылі славянскі саюз. І зрабілі ўсіх сваімі ворагамі».

Ідэя саюзнай дзяржавы «​ператварылася ва ўтылітарную местачковую міжнародную арганізацыю»​

Рытуальнае абвастрэньне ў беларуска-расейскіх стасунках і нагнятаньне тэмы «радыкальнай інтэграцыі» Леанід Неўзьлін прапануе разглядаць не ў кантэксьце бягучых падзеяў — «хто каму і што сказаў», а стратэгічна. Кажа, што для яго гэта «адкрытая кніга» і ён мае права пра гэта казаць, бо быў уцягнуты ў гэтую тэму «больш, чым хто іншы».

8 сьнежня 1991 году кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны падпісалі пагадненьне пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў. Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын пасьля падпісаньня пагадненьня
8 сьнежня 1991 году кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны падпісалі пагадненьне пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў. Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын пасьля падпісаньня пагадненьня

«Я аўтар ідэі саюзнай дзяржавы, якую прынёс Ельцыну, — заяўляе Леанід Неўзьлін. — Гэтая ідэя ў мяне ўзьнікла не таму, што ён прайграваў наступныя выбары Зюганаву і трэба было скласьці яму рэйтынг. А таму, што Ельцын у свой час разам з Шушкевічам і Краўчуком увесь гэты славянскі саюз развалілі».

Прэзыдэнт РФ Барыс Ельцын на выбарчым участку падмаскоўнага пасёлку Барвіха, 3 ліпеня 1996 году
Прэзыдэнт РФ Барыс Ельцын на выбарчым участку падмаскоўнага пасёлку Барвіха, 3 ліпеня 1996 году

Неўзьлін бачыць сымбалічнасьць у тым, што развал Савецкага Саюзу адбыўся з ініцыятывы тагачасных кіраўнікоў «славянскіх» рэспублік.

«Гэта і палітычна, і знакава вельмі ўражвае, і я не скажу, каб пазытыўна, — кажа ён. — І нам пашанцавала, што гэта быў Ельцын. Бо Ельцын у той час — чалавек, здольны на рэзкія дзеяньні, здольны на ўчынак. Ён заўжды хацеў улады, але ён ёю не карыстаўся, ня ведаў, што з гэтым рабіць. Ён ніколі не злоўжываў праваахоўнай сыстэмай і нікому не даваў. Ён ніколі не нападаў на СМІ, нават калі пра яго гаварылі брыдкае».

Неўзьлін распавядае, што разважаў, як Ельцыну зьмяніць рэпутацыю і падняць заніжаны ўдзелам у развале Савецкага Саюзу рэйтынг. Сытуацыя перад прэзыдэнцкімі выбарамі 1996 году якраз давала такую магчымасьць.

«Я палічыў, што інтэграцыя са славянскімі народамі тады пры Ельцыну — гэта абсалютна правільнае рашэньне. І прапанаваў праект Саюзнай дзяржавы», — кажа ён.

Міхаіл Барсукоў справа
Міхаіл Барсукоў справа

«Ідэю я перадаў Ельцыну празь Міхаіла Барсукова (у 1995–1996 — дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі РФ. — РС). Яна спадабалася, папрасілі напісаць запіску. Я напісаў і перадаў. І раптам зьяўляецца Барыс Беразоўскі і робіцца маторам яе рэалізацыі», — распавядае Неўзьлін. Сам ён да рэалізацыі гэтай ідэі больш дачыненьня ня меў. А тое, ува што яе ператварылі ў выніку, яго абсалютна ня цешыць.

Барыс Ельцын і Барыс Беразоўскі
Барыс Ельцын і Барыс Беразоўскі

«Яна стала разьвівацца не як геапалітычная, а так, як могуць „гэтыя людзі“, — тлумачыць ён. — То бок на ўзроўні нізкапалітычнай ці каляпалітычнай інтрыгі. Я маю права казаць пра тое, чаго хацелася і што атрымалася. Была створаная бюракратычная структура, у якой былыя савецкія людзі зноў разьмясьціліся, каб падманваць, хлусіць, хадзіць на працу, аплачваць свае пералёты — пачынаючы з Барадзіна (Павал Барадзін — дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы з 2000 па 2011 гады. — РС) і гэтак далей. І гэтая штука ператварылася ва ўтылітарную местачковую міжнародную арганізацыю».

Гульня Лукашэнкі ў «пагрозу незалежнасьці» ўзгодненая з Пуціным

Ці ўсё ж такі ёсьць у расейскага кіраўніцтва жаданьне далучыць Беларусь да Расеі? «Жаданьне ёсьць, — адказвае на пытаньне Неўзьлін. — Гэта закладае для Пуціна магчымасьці нікуды не сыходзіць пры мадэлі стварэньня новай дзяржавы. Але і Лукашэнка хоча захавацца пры ўладзе. І ў выпадку пагрозы страты дзяржаўнасьці народ яго зьнясе».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў жніўні 2018-га
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў жніўні 2018-га

Таму, мяркуе Леанід Неўзьлін, кіраўнікі абедзьвюх краінаў могуць дзейнічаць, толькі дамовіўшыся паміж сабой.

«І разам раскручваць электарат на ўзнаўленьне славянскага саюзу (замест савецкага), — тлумачыць ён. — Пакуль што Лукашэнка зарабляе пункты ўнутры як абаронца незалежнасьці і народу. Але яны гуляюць разам, намацваюць глебу, таргуюцца. Наступныя выбары непрадказальныя для іх абодвух, гэта асноўная тэма, яна іх і родніць».

Пагроза беларускай незалежнасьці, лічыць Неўзьлін, — гэта непрадказальныя наступствы гульняў дыктатараў.

«Я хутчэй бачу пагрозу паўстаньня і стральбы па людзях, — кажа ён. — А яшчэ я бачу пагрозу грамадзянскай вайны. Калі людзі адчуюць здраду з боку Лукашэнкі».

Тое, што цяпер адбываецца ў беларуска-расейскіх адносінах, Неўзьлін часта тлумачыць у тэрмінах гульні. Гуляюць, паводле яго, ня толькі Аляксандар Лукашэнка, але і ўкраінскія і малдоўскія палітыкі.

«Гэтая карта разыгрываецца вельмі проста, — кажа ён. — Яны, з аднаго боку, гуляюць у бізнэс, адмываньне грошай і ўва што заўгодна яшчэ з пуцінскай сыстэмай. А з другога боку, яны абсалютна спакойна на Захадзе і свайму народу распавядаюць, што „я тут для таго, каб абараніць ваша нацыянальнае самавызначэньне ад агрэсіўнай Расеі“».

«Што тычыцца Аляксандра Рыгоравіча, то ён чалавек хітры, досыць разумны, вельмі такі па-беларуску народны, свой, — характарызуе Неўзьлін кіраўніка Беларусі. — І ён вельмі дакладна разумее, што статус „апошні дыктатар Эўропы“ і ягоныя дзеяньні ў дачыненьні да апазыцыі прыводзілі і да санкцый, і гэтак далей».

Лукашэнка, кажа Неўзьлін, увесь час мусіў манэўраваць паміж Расеяй і Захадам. Пры гэтым Захад і Расея ўсё больш рабіліся ідэалягічнымі ворагамі.

«Тэма „незалежнасьці ад Расеі“, якую ён і палітыкі ў іншых краінах адчулі, пачала разыгрывацца ім у тым ліку. І ім нават у першую чаргу, — аналізуе Неўзьлін. — У выніку ў Аляксандра Рыгоравіча цяпер на Захадзе рэпутацыя не дыктатара, а моцнага кіраўніка, які абараняе сваю краіну і свой народ ад расейскай агрэсіі. Гэта я вам дакладна кажу. Гэта і на Захадзе, і ў народзе».

«Гэта тыя 70%, якія ня хочуць з Расеяй аб’ядноўвацца», — кажа Неўзьлін, зьвяртаючыся да вынікаў нядаўна праведзенага ў сацсетках апытаньня наконт далучэньня да Расеі. Тады ў розных беларускіх пабліках каля 30–35% беларусаў выказалі жаданьне ўтварыць разам з Расеяй адзіную дзяржаву.

Аляксандар Лукашэнка 25 сьнежня ў Маскве
Аляксандар Лукашэнка 25 сьнежня ў Маскве

Паводле ягоных назіраньняў, гэтая гульня двухбаковая і ідзе наступным чынам: «Калі гэта выгадна Лукашэнку, ён пачынае гульню, — кажа Неўзьлін. — І, без сумневу, ён гуляе яе, каардынуючыся з Пуціным і ягонымі людзьмі».

Неўзьлін папярэджвае: расьпісваючы гэтую схему, ён мае на ўвазе, што Аляксандар Лукашэнка — канкрэтны палітык, а «Пуцін» — абагульнены вобраз.

«Лукашэнка такі, які ён ёсьць, — старшыня калгаса, толькі цяпер вялікага. А Пуцін — адарваны ад рэалій апэратыўнік-летуценьнік з крымінальным ухілам. Іх нельга ставіць на адну дошку, — кажа Неўзьлін, называючы Аляксандра Лукашэнку нашмат мацнейшай і ў палітычным сэнсе больш прадказальнай фігурай.

«Але я вас запэўніваю, што калі б гэтая гульня не была ўзгодненая, то мы б чулі з боку Расеі жорсткія адказы, а іх няма, — зьвяртае ўвагу Неўзьлін. — Дастаткова ж было сказаць, што няма такіх прэтэнзій, што застаецца нацыянальнае самавызначэньне, што гэта не Савецкі Саюз, калі ўсіх заняволілі і нават пазахоплівалі тэрыторыі на Захадзе пасьля пакту Молатава-Рыбэнтропа. Але ж такіх заяваў няма!»

Паводле Неўзьліна, і ў Пуціна, і ў Лукашэнкі цяжкі пэрыяд, найперш эканамічны, а тое, што цяпер адбываецца паміж дзьвюма краінамі, — «бягучае абвастрэньне, зьвязанае зь неабходнасьцю».

«Каму яно неабходна? Мне здаецца, што цяпер гэта больш неабходна Лукашэнку. Чаму? Таму што эканамічная сытуацыя пагаршаецца, падтрымкі ад Захаду мала. А падтрымка выяўляецца ў канкрэтных рэчах: траншах МВФ, Усясьветнага банку, ЭБРР, — тлумачыць Неўзьлін. — Насамрэч Лукашэнку трэба мяккая інтэграцыя ў Эўропу, хаця б як у Малдовы».

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў кастрычніку 2018-га
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў кастрычніку 2018-га

Але рэалістычнай падтрымкі з Захаду няма, таму настаў час, калі трэба «абвастраць» стасункі з Расеяй. «Што Лукашэнку за гэта будзе? Ці матэрыяльная падтрымка з Захаду, ці разводка Пуціна кшталту: „Мне грошы трэба, таму ты вырашай — або ты, або яны (Захад. — РС)“», — мяркуе Неўзьлін.

Аднак у тое, што ў выніку гэтага абвастрэньня наступіць канфлікт, у якім Лукашэнка будзе вымушаны перадаць уладу ў Беларусі Маскве ці хаця б падзяліцца сваёй уладай, ён ня верыць.

«Гэта не ў характары Лукашэнкі, — лічыць Леанід Неўзьлін. — Толькі калі ў яго будзе неабходнасьць ратавацца і ён вырашыць ратавацца на ўсход, а не на захад. У Лукашэнкі вельмі сур’ёзнае апэратыўнае поле для манэўру, і ён яго цяпер выкарыстоўвае».

«Аляксандар Рыгоравіч ані разу не дэмакрат, а абстаноўка ў Беларусі лепшая, чым у Расеі»

За што Неўзьлін Лукашэнку хваліць, дык гэта за ідэю рэформаў у сфэры IT, маючы на ўвазе Дэкрэт № 8.

«Гэта вельмі добрая штука, і я яго за гэта паважаю, — кажа Неўзьлін. — Гэта прыносіць больш грошай у казну і фармуе ўнутры Беларусі новага чалавека, з новым падыходам да культуры побыту — фактычна „заходніка“!»

Праўда, на фоне 10-мільённага насельніцтва, папярэджвае Неўзьлін, уплыў 40 тысяч «айцішнікаў» — фактар хоць і важны, але не вызначальны.

Ці значыць гэта, што дэмакратыя і незалежнасьць для цяперашняй Беларусі несумяшчальныя?

«Беларусам трэба і дэмакратыя, і незалежнасьць! — эмацыйна пярэчыць Неўзьлін. — Інакш — залежнасьць ад Расеі і дыктатура пуціноідаў. Гэта Лукашэнка гуляе ў выбар: або дэмакратыя, або незалежнасьць!».

Неўзьлін кажа, што Саюзную дзяржаву прапаноўваў таму, што верыў: «Расея падштурхне Беларусь да дэмакратыі».

«Бо на той час гэта было так, — кажа ён. — А цяпер, я прашу прабачэньня, Аляксандар Рыгоравіч ані разу не дэмакрат, а абстаноўка ў Беларусі лепшая, чым у Расеі! Усё, што адбываецца цяпер у Расеі, — па-за межамі нармальнага чалавечага ўспрыманьня. У Беларусі поўны кантроль, кантроль КДБ, усё ў адных руках. Але Аляксандар Рыгоравіч у дыктатары сябе ўжо паставіў. Апазыцыя заўжды будзе, а ён наўрад ці сябе зьменіць, на жаль. Бо ён ужо дарослы мужык. Але калі б ён выбраў рызыкі з дэмакратыяй і з Эўропай, то аніякага Пуціна побач не было б!»

«Беларусь непазьбежна будзе Эўропай, — абнадзейвае ён. — Але гэта вельмі павольны працэс, бо яму трэба спрыяць, а яго выкарыстоўваюць выключна дзеля гульні ва ўладу. Тут Лукашэнка з Пуціным падобныя. Але яны не адны такія. І наш прэм’ер Нэтаніягу такі самы, хоць у нас краіна дэмакратычная. Я ўжо не кажу пра Эрдаганаў і іншых».

Трохкутнік «Бабіч — Кадыраў — Лукашэнка» мяне палохае

Прызначэньне амбасадарам і спэцпрадстаўніком прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Міхаіла Бабіча, а вайсковым аташэ Кірыла Калючкіна, якога ў 2014 годзе выслалі з Украіны за дзеяньні, несумяшчальныя са статусам дыплямата, і чыё імя дагэтуль значыцца ў базе «Міратворца» — факты, як кажа Неўзьлін, вартыя сур’ёзнай увагі.

«Зьяўленьне адначасова Бабіча ў амбасадарах і Кадырава ў сябрах Аляксандра Рыгоравіча і ягонага старэйшага сына, які на адпаведнай пасадзе (Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. — РС), і іх шчыльнае супрацоўніцтва, — гэты трохкутнік мяне палохае», — кажа Неўзьлін. І палохае яго тое, як гэта можа адбіцца на Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў у Менску, верасень 2017-га
Аляксандар Лукашэнка і Рамзан Кадыраў у Менску, верасень 2017-га

«Гэтая каманда здольная шмат на што, — працягвае ён. — Яна ўжо „пасьпяхова“ працавала разам... Аляксандар Рыгоравіч зрабіў памылку, я лічу, але калі яму падаецца гэта разумным ці ён ведае нешта, чаго я ня ведаю, гэта ягоная справа. Гэтыя „беспредельщики“ небясьпечныя. Калі ўзьнікне нешта на вуліцы ці трэба будзе справакаваць нібыта „майдан“, то гэтыя людзі вельмі падыходзяць. Плюс карупцыя і ціск. У гэтым сэнсе ўплыў Расеі вельмі ўзмацніўся».

Зялёныя чалавечкі, Аляксандар Лукашэнка, амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч, каляж
Зялёныя чалавечкі, Аляксандар Лукашэнка, амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч, каляж

І гэты ўплыў, пры тым кірунку, у якім, паводле Неўзьліна, рухаецца Расея, не абяцае Беларусі анічога добрага. Асобнай заўвагі, кажа ён, вартыя тыя, хто ўцягнуты ў карупцыйныя схемы з Расеяй і адмываньне грошай.

«Гэта тое, чым грашаць усе постсавецкія палітыкі і іх алігархічнае атачэньне. І гэта тое, на чым яны ўсе скончацца, — папярэджвае Неўзьлін. — Як гэта прынята цяпер у Расеі? Узяць банк, правесьці апэрацыі, выпампаваць зь яго ўсё, а пасьля банк збанкруціць, дакумэнтацыю зьнішчыць. А абнаяўліваньне?! А вываз кэша машынамі і самалётамі?! Гэта будзе расьсьледавана спэцслужбамі, цэнтральнымі банкамі і рэзэрвовымі сыстэмамі, і яны ўсе будуць абвешчаныя злачынцамі».

Паводле дадзеных расьсьледаваньняў, каля 20 мільярдаў даляраў «брудных» грошай былі выведзеныя з Расеі праз банкі Малдовы. Больш за 200 мільярдаў — праз Danske Bank у Эстоніі. Журналісты-расьсьледвальнікі назвалі гэтую схему «руская пральня».

«І калі вы ў Беларусі пакапаецеся, то вы таксама пабачыце не такія, канечне, лічбы, — кажа Неўзьлін. — Проста людзі заблыталіся праз уладалюбства, карумпаванасьць, страх страціць сваё месца і атрымаць пакараньне. Гэта ў той ці іншай ступені тычыцца і Аляксандра Рыгоравіча. Хто там што каму сказаў — гэта ўсё мітусьня і марнасьць, як казаў Эклезіяст. А насамрэч адбываюцца зразумелыя працэсы, якія прывядуць да вельмі кепскіх вынікаў».

Расея ідзе да культу асобы і вялікага тэрору — папярэджвае Леанід Неўзьлін і распавядае, як на ўсю моц працуе рэпрэсіўны мэханізм, людзі даносяць адзін на аднаго, тут і там усталёўваюцца бюсты Сталіна.

«Я вельмі хачу, каб Беларусь да такога не дайшла, — кажа ён. — Хоць выбараў толькі два: або дэмакратыя, або туды. Трэцяга няма!»

Леанід Неўзьлін
Леанід Неўзьлін

Леанід Неўзьлін (нар. 1959) — бізнэсовец, грамадзкі дзяяч, экс-віцэ-прэзыдэнт кампаніі ЮКОС.

Асноўным акцыянэрам і кіраўніком кампаніі быў Міхаіл Хадаркоўскі. У 2007 годзе кампанію абвясьцілі банкрутам, і распачаўся перасьлед яе акцыянэраў. Галоўнай прычынай ініцыяванага расейскімі ўладамі краху ЮКОСа, які на той момант быў адным з найбольшых кампаній краіны, лічаць незадаволенасьць прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна тым, што фактычны ўладальнік кампаніі Міхаіл Хадаркоўскі фінансаваў апазыцыйныя Крамлю палітычныя сілы.

Міхаіл Хадаркоўскі больш за 10 гадоў правёў у турме. Ён абвінавачваўся па дзьвюх крымінальных справах у падатковых і фінансавых парушэньнях.

Леанід Неўзьлін асуджаны ў Расеі на пажыцьцёвае зьняволеньне.

З 2003 году жыве ў Ізраілі, займаецца бізнэсам.

Заснавальнік фонду дасьледаваньняў усходнеэўрапейскага і расейскага габрэйства пры Габрэйскім унівэрсытэце Ерусаліму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG