Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаварылі не «па-братняму»


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка па прылёце ў Маскву на перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, 25 сьнежня 2018
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка па прылёце ў Маскву на перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, 25 сьнежня 2018

Кіраўнікі «ўжо ня братняй дзяржавы» і саюзьніка, да якога «страчаны давер», перамаўляліся 4 гадзіны і... дамовіліся стварыць новую працоўную групу.

  • Напярэдадні сустрэчы бакі абмяняліся рэзкімі ўзаемнымі ўколамі
  • Масква відавочна дала зразумець, што лічыць патрабаваньні Менску завышанымі
  • Менску давядзецца зьмірыцца з рэальнасьцю, у якой старая схема «газ у абмен на пацалункі» ўжо не працуе, а яе замяняе формула Мядзьведзева «грошай няма, але вы трымайцеся»

Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў. Фактычна гэта адзіны абвешчаны вынік перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве. Гутарка, якая праходзіла ў Крамлі зь невялікімі перапынкамі і зьменай фарматаў, працягвалася амаль чатыры гадзіны.

Напярэдадні візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў ужыць сваю традыцыйную тактыку, якая неаднаразова спрацоўвала раней — падняць стаўкі, падвысіць градус напружанасьці. Кіраўнік Беларусі правёў нараду, на якой заявіў, што далёка ня ўсе падпісаныя дамовы выконваюцца і запэўніў, што Менск мае намер выразна акрэсьліць і адстойваць сваю пазыцыю.

«Я ўжо не кажу пра Расею як братнюю дзяржаву, таму што, як мяне інфармуюць, у Расеі гэта не ўспрымаецца. Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэтае паняцьце непрымальнае. Што ж, будзем партнэрамі».

Магчыма, мелася на мэце, што даведаўшыся пра пэрспэктыву быць разжалаванымі з «братоў» у «партнэры», у Крамлі адразу прызнаюць свае памылкі, пакаюцца і выдзяляць адзінаму на сёньня замежнапалітычнаму «брату» усё, што той пажадае.

Але, як выглядае, Масква сьлязам не паверыла, і ў адказ правяла сваю артпадрыхтоўку да сустрэчы. Увечары ў панядзелак, напярэдадні прыезду Лукашэнкі, урад Расеі заявіў, што ніякіх дамоўленасьцяў наконт выплаты кампэнсацый Беларусі у сувязі з падатковым манэўрам ніколі не было. Маўляў, абяцалі толькі абмеркаваць гэтае пытаньне — вось і абмяркуем.

Тады ж першы віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў аб пэрыядычным парушэньні мытнага рэжыму Беларусі і Расеі, у прыватнасьці аб увозе санкцыйных і падакцызных тавараў на тэрыторыю Расеі. «Мы кажам, што вы наш сусед, наш саюзнік, але ў апошні час давер страчаны. Усе гэтыя растваральнікі, "санкцыёнка" ідзе да нас, падакцызныя тавары — цыгарэты, нашы рынкі запаўняюць», — адзначыў ён.

Такім не зусім братнім атрымаўся фон для перамоваў. З аднаго боку — «мы ўжо ня братнія краіны», зь іншага боку — «давер страчаны». І яшчэ адзін псыхалягічны момант. Літаральна ў дзень візыту Лукашэнкі цана нафту упала да амаль 50 даляраў за барэль, а расейскі рубель апусьціўся да 68 рублёў за даляр — ня самы лепшы фон для таго, каб прасіць у Крамля дадатковыя эканамічныя прэфэрэнцыі.

А тое, што той жа падатковы манэўр Масква ўспрымае менавіта як «дадатковую просьбу» — даволі выразна сказаў у сваім нядаўнім праграмным інтэрвію новы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. Паводля Бабіча, на цяперашні момант сумарная падтрымка Расеяй Беларусі складае каля 4.5 мільярдаў у год. А выкананьне новых патрабаваньняў Менску наконт зьніжэньня цаны на газ, кампэнсацыя «падатковага манэўру» складзе яшчэ 3-4 мільярды ў год У сытуацыя, калі дэвізам расейскай палітыкі становяцца словы прэм’ер-міністра Мядзьведзева «грошай няма, але вы трымайцеся» аддаваць такія грошы «невядома за што» Масква не зьбіраецца.

Першыя афіцыйныя кадры сустрэчы расейскай і беларускай дэлегацыяў у шырокім фармаце зафіксавалі даволі напружаныя і насьцярожаныя твары удзельнікаў перамоваў і Пуціна, які падчас свайго кароткага ўступнага слова ўвесь час нэрвова тузаў нагой, што, як кажуць адмыслоўцы па мове жэстаў, азначае нэрваваньне, нецярпеньне і жаданьне як хутчэй адсюль сысьці.

Потым была 4-гадзінная сустрэча, пасьля якой Пуцін адразу, без перапынку і без заяваў для прэсы, паехаў на сустрэчу з кіраўніцтвам Савету Фэдэрацыі і Дзярждумы, а той самы першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў паведаміў пра «стварэньне працоўнай групы для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў». Пакуль гэта адзіны «вынік» доўгачаканых перамоваў. Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапаноў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў. Пра гэта распавёў журналістам у Маскве першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў. Фактычна гэта адзіны абвешчаны вынік перамоваў Пуціна і Лукашэнкі. А таксама тое, што яны дамовіліся аб новай сустрэчы да Новага году.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG