Агульны сход Менскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы прыняў 20 сьнежня заяву наконт утворанай нядаўна Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Тэкст апублікаваны на сайце БПЦ Church.by.
Менская эпархія БПЦ прыняла заяву «ў сувязі з замахам Канстанцінопальскага патрыярхату на кананічную тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы, правядзеньнем так званага аб'яднаўчага сабору ў Кіеве і ўтварэньнем ва Ўкраіне новай псэўдацаркоўнай структуры».
Эпархія адзінагалосна падтрымала ранейшыя рашэньні сынодаў РПЦ і БПЦ аб разрыве эўхарыстычных стасункаў з Канстантынопальскім патрыярхатам, выказала «сыноўскую» падзяку Маскоўскаму патрыярху Кірылу «за чысьціню царкоўных канонаў і нястомную працу ў справе захаваньня адзінства царквы». Выказваецца таксама «братняя падтрымка» кіраўніку падкантрольнай РПЦ Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Новая аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны ў заяве называецца «раскольніцкай супольнасьцю». У дачыненьні гэтай царквы і ейнага мітрапаліта Эпіфанія ў тэксьце ўжываецца фраза «так званы».
Менская эпархія пастанавіла правесьці «тлумачальную працу» ў сваіх прыходах аб пазыцыі РПЦ у царкоўным канфлікце ва Ўкраіне, немагчымасьці супольных служэньняў і ўдзелу ў таінствах.
БПЦ зьяўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Расейскай праваслаўнай царквы. Беларуская праваслаўная царква ня можа выбраць сабе кіраўніка, ёю кіруе выбраны Сынодам РПЦ мітрапаліт Павел з Разані, які ня мае беларускага грамадзянства і нават не зьбіраецца атрымліваць беларускі пашпарт.
Да 1989 году не было і Беларускага экзархату, адзіная Менская эпархія ўваходзіла ў склад РПЦ на такіх жа падставах, як расейскія.