Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША павіншавалі Эпіфанія з выбраньнем прадстаяцелем Праваслаўнай царквы Ўкраіны


Мітрапаліт Эпіфаній
Мітрапаліт Эпіфаній

«Стварэньне царквы — гэта гістарычны момант для Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Дзярждэпартамэнце дадалі, што ЗША «пастаянна падтрымліваюць Украіну» і паважаюць права на свабоду веравызнаньня для ўсіх украінцаў — як тых, хто далучыцца да адзінай праваслаўнай царквы, так і тых, хто вырашыў не рабіць гэтага.

15 сьнежня ў Кіеве ў Сафійскім саборы адбыўся аб’яднаўчы сабор дзеля стварэньня адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы, які выбраў ейным прадстаяцелем мітрапаліта Эпіфанія.

Патрыярх Варфаламей запрасіў яго ў Стамбул для атрыманьня томасу.

Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў

Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.

  • ​Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
  • «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
  • За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
  • 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
  • Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха. ​
  • Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
  • На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG