Украінская царква, якая падпарадкоўваецца маскоўскаму патрыярху Кірылу, павінна адлюстраваць сваё расейскае паходжаньне ў назьве.
Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Згодна зь імі Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая адмовілася далучыцца да Праваслаўнай царквы Ўкраіны, мусіць перайменавацца ў Расейскую праваслаўную царкву ва Ўкраіне.
Адпаведную ініцыятыву падтрымалі 240 з 289 зарэгістраваных у сэсійнай залі народных дэпутатаў. Супраць выступіла адзіная фракцыя — «Апазыцыйны блёк», якая назвала прапанаваныя зьмены «спэкуляцыяй» і ўмяшаньнем дзяржавы ў царкоўныя справы.
«Ва Ўкраіне дзейнічаюць рэлігійныя арганізацыі, цэнтры якіх знаходзяцца ў краіне, якая прызнаная Вярхоўнай Радай Украіны дзяржавай-агрэсарам. Гэта стварае патэнцыйныя рызыкі, бо паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў рэлігійны фактар мае істотны ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі.
Акрамя таго, існуе непасрэдная пагроза распаўсюджаньня дэструктыўнай прапаганды з выкарыстаньнем рэлігійнага фактару з боку дзяржавы-агрэсара, а таксама рэальных наступстваў для нацыянальных інтарэсаў, тэрытарыяльнай цэласнасьці і нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны», — такім чынам украінскія дэпутаты абгрунтавалі заканадаўчыя зьмены.
Паводле закону, калі рэлігійная арганізацыя ўваходзіць у склад такой рэлігійнай арганізацыі, чый кіроўны цэнтар знаходзіцца па-за межамі Ўкраіны ў дзяржаве, заканадаўча прызнанай агрэсарам і акупантам, — то яна абавязаная ў сваёй поўнай статутнай назьве адлюстроўваць прыналежнасьць да гэтай замежнай рэлігійнай арганізацыі. Дзеля гэтага яна мусіць паўтарыць у сваёй назьве поўную статутную назву апошняй і, магчыма, пазначыць сваё месца ў яе структуры або дадаць словы «ва Ўкраіне».
Такім чынам, УПЦ Маскоўскага патрыярхату павінна адлюстраваць у сваёй назьве прыналежнасьць да Расейскай праваслаўнай царквы.
Цяпер ва Ўкраіне рэлігійная сетка складаецца з 55 веравызнаўчых напрамкаў, у межах якіх дзейнічае больш як 35 тысяч рэлігійных грамад.
Асобна дэпутаты маюць ухваліць зьмены да гэтага ж закону, якія спрашчаюць зьмену рэлігійнымі грамадамі свайго падпарадкаваньня.
Абодва гэтыя законапраекты былі зарэгістраваныя больш як два гады таму, але яны не разглядаліся. Неабходнасьць іх ухваленьня актуалізавалася пасьля Аб’яднаўчага сабору ў Кіеве 15 сьнежня, на якім абвясьцілі аб стварэньні аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Ўкраіны і абраньні Мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Ўкраіны мітрапаліта Пераяслаўскага і Белацаркоўскага Эпіфанія (Сяргея Думенкі).
Пасьля сабору ўжо некалькі парафіяў УПЦ Маскоўскага патрыярхату заявілі аб пераходзе да Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
Афіцыйная назва зарэгістраванага ў Беларусі падразьдзяленьня Расейскай праваслаўнай царквы — Беларуская Праваслаўная Царква (Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату).