Намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Калечыц пракамэнтаваў адну з прапановаў Расеі з «ультыматуму Мядзьведзева» па выкананьні «саюзных дамоваў» 1999 году.
«У нас шмат пляцовак у інтэграцыйных пытаньнях, у многіх удзельнічаю, і ні на адной апошнім часам не абмяркоўвалася і, мабыць, у найбліжэйшы час ня будзе абмяркоўвацца пытаньне стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру, — перадае Tut.by словы Калечыца. — Гэта канчатковае пытаньне інтэграцыі, вянец, нам да яго ісьці і ісьці яшчэ».
Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў 13 сьнежня агучыў прапанову зрабіць ня толькі адзіны эмісійны цэнтар Беларусі і Расеі, але і адзіную валюту, адзіны суд і адзіную мытню, як прадугледжана дамовай 1999 году, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і тагачасным прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным.
Сам Лукашэнка ў адказ на такую прапанову заявіў пра шантаж і спробы «нахіліць нас, стаць каленам на грудзі», але дадаў, што рабіць гэта марна: Беларусь ня стане ўваходзіць у склад Расеі, «незалежнасьць — гэта сьвятое».