Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея засвойвае электаральную зброю», — экспэрты пра Беларусь і Ўкраіну


Экспэртны форум «Беларусь-Украіна: двухбаковы парадак дня ў турбулентным рэгіёне». Зьлева направа: Генадзь Максак (зь мікрафонам), Яўген Прэйгерман, Аляксандар Алесін, Яўген Магда
Экспэртны форум «Беларусь-Украіна: двухбаковы парадак дня ў турбулентным рэгіёне». Зьлева направа: Генадзь Максак (зь мікрафонам), Яўген Прэйгерман, Аляксандар Алесін, Яўген Магда

У Менску прайшоў беларуска-ўкраінскі экспэртны форум «Беларусь — Украіна: двухбаковы парадак дня ў турбулентным рэгіёне». У ім бралі ўдзел экспэрты і дыпляматы. Свабода сабрала важныя цытаты экспэртаў з Кіева і Менску.​

Арганізатарамі выступілі экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг», амбасада Украіны ў Беларусі, Рада ў замежнай палітыцы «Ўкраінская прызма», Цэнтар эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрэда Мартэнса і Фонд імя Конрада Адэнаўэра.

«Сьвятая карова для нашых стасункаў»

Яўген Прэйгерман, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» (Беларусь):

«Дачыненьні Беларусі і Ўкраіны стратэгічныя паводле азначэньня. Незалежна ад таго, якія дакумэнты ёсьць паміж нашымі краінамі. Любыя падзеі, якія адбываюцца ўнутры ці вакол кожнай з нашых краін, вельмі хутка і самым сур’ёзным чынам адбіваюцца на самаадчуваньні ў другой краіне. І як правіла, у галіне бясьпекі.

Гэта азначае, што паміж намі існуе нейкая структурна абумоўленая ўзаемасувязь.

Гэта структурная зьвязка дазваляе адносінам, незалежна ад таго, што адбываецца тут і цяпер у кожнай краіне, па пэрымэтры краін захоўваць разумнасьць і імкнуцца да максымізацыі таго, што зьяўляецца нейкай сьвятой каровай для нашых стасункаў. А сьвятая карова — гэта пытаньні бясьпекі і эканамічнага ўзаемадзеяньня. Мы асуджаныя жыць разам. Гэта добры фактар.

Нам патрэбна нейкая мэнтальная карта ў галаве, якая дазволіць адносіцца адзін да аднаго стратэгічна».

Паводле Прайгермана, «Украіне трэба зразумець і дараваць— прызнаць права Беларусі на нацыянальныя інтарэсы».

«Расея паступова засвойвае электаральную зброю»

Яўген Магда, дырэктар Інстытута сусьветнай палітыкі (Украіна):

«У катэгорыі сацыяльнага часу Беларусь знаходзіцца на такім адрэзку, які Ўкраіна ўжо пражыла. Умоўна яна знаходзіцца ў пэрыядзе паміж 2010 і 2013 годам. І, безумоўна, ад палітыкі Беларусі будзе залежаць тое, якім будзе разьвіцьцё стасункаў.

Украіна можа па-сяброўску трансьляваць свой вопыт процістаяньня з Расеяй.

Калі мы сёньня знаходзімся ва ўмовах пэўных выклікаў, то іх трэба дакладна вызначыць. А гэта як мінімум два.

З аднаго боку, выкарыстаньне Расеяй энэргетычнай зброі, ня новай, але яна пастаянна перазараджаецца і выкарыстоўваецца ў розных кірунках.

З другога боку, у нас ёсьць праблема ў тым, што Расея паступова асвойвае электаральную зброю, зброю ўмяшаньня ў дэмакратычныя працэдуры. Украіна непазьбежна сутыкнецца з гэтым у 2019 годзе. Украіне давядзецца сумяшчаць захаваньне дэмакратычных працэдур з адбіваньнем гібрыднай агрэсіі. Паколькі інтарэс Расеі даволі відавочны: умяшаньне ў ход выбараў, дыскрэдытацыя выбараў альбо дасягненьне ўласных мэтаў».

«Важна, каб мы слухалі сябе не праз прызму Расеі»

Генадзь Максак, кіраўнік Рады замежнай палітыкі «Ўкраінская прызма», кіраўнік Грамадзкай рады пры МЗС Украіны:

«Адносіны паміж Украінай і Беларусьсю заўсёды былі цікавымі і спэцыфічнымі. Яшчэ ў 2004 годзе я іх назваў маўклівай дыпляматыяй, ці дыпляматыяй па змаўчаньні. У той час была дамова паміж ЗША і Ўкраінай аб падтрымцы дэмакратыі на Кубе і ў Беларусі. Гэта выклікала шэраг канфліктных сытуацый і неўспрыняцьце ў тым ліку ў Беларусі. Давялося адмовіцца ад гэтай схемы, і мы вярнуліся да варыянту, калі мы гандлявалі, займаліся гуманітарным кірункам, але менш гаварылі пра тое, што адбывалася ў нашых краінах. Мы маўчалі, бо лепш гандляваць і мець добрага суседа і старацца яго не нэрваваць. На нейкім этапе мы гэта праходзілі, але гэтая спэцыфічнасьць захоўваецца ў нечым і цяпер. Хаця нам усё складаней маўчаць, бо мы ў вельмі сур’ёзнай сытуацыі агрэсіі з боку Расеі.

Калі паглядзець на мірныя каноны дыпляматыі, то Беларусь і Ўкраіна вельмі добра паміж сабой узаемадзейнічаюць.

Першае, што неабходна, і гэта можа быць агульны крок для Беларусі і Ўкраіны — наладзіць нармальную інфармацыйную палітыку. Вельмі важна, каб мы слухалі сябе не праз прызму Расеі».

«Украіна служыць своеасаблівым громаадводам»

Аляксандар Алесін, незалежны вайсковы экспэрт (Беларусь):

«Насамрэч існаваньне незалежнай Украіны, моцнай у вайсковых, эканамічных адносінах, — гэта ў інтарэсах Беларусі. Практыка паказала, што Ўкраіна служыць своеасаблівым громаадводам. Беларусь можа манэўраваць у гэтай сытуацыі больш свабодна і спакойна. Тое, што нашы ўкраінскія калегі ўспрымаюць з болем, але з гледзішча практычнага розуму ў многім Украіна адцягвае на сябе імпульс тых колаў Расеі, якія прытрымліваюцца імпэрыялістычнай палітыкі.

Беларусь будзе імкнуцца дыстанцыявацца ад экспансіянісцкай палітыкі Расеі.

Беларусь не абавязана ісьці як нітка за іголкай за крокамі Расеі. І гэта Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі пацьвердзіў.

Трэба працаваць над вайскова-дыпляматычным супрацоўніцтвам, над тлумачэньнем крокаў у вайсковай сфэры, якія робіць Беларусь, над празрыстасьцю ў вайсковай сфэры. Безумоўна, гэта выкліча нейкую незадаволенасьць у нашага хаўрусьніка. Лукашэнка будзе абвінавачаны ў тым, што ён зьлівае нейкую інфармацыю. Але калі мы не забясьпечым у гэтай галіне празрыстасьць, будзе захоўвацца недавер з боку Ўкраіны».

«Ніхто не зьбіраецца экспартаваць сюды Майдан»

Ігар Кізім, амбасадар Украіны ў Беларусі :

«Я ўвесь час выступаю супраць таго, каб нехта казаў, што мы хочам сюды прывезьці Майдан ці нешта падобнае. Я ўсюды казаў, што Майдан — гэта ноў-хаў Украіны. Давайце мы і пакінем яго Ўкраіне. Ніхто не зьбіраецца экспартаваць сюды нейкія батальёны і гэтак далей для захопу ўлады. Для амбасады самае галоўнае (і мая задача як амбасадара), каб нашы стасункі разьвіваліся толькі ў пазытыўным ключы. У ніякай канфрантацыі, якая тут можа быць, амбасада браць удзелу ня будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG