На пачатку бягучага тыдня цэны на нафту абнавілі гадавыя мінімумы. За 19 сьнежня цэны зусім крыху вырасьлі — барэль Brent усё яшчэ таньнейшы за 60 даляраў. Падзеньне амаль няспыннае з пачатку кастрычніка кастрычніка.
Максымальныя цэны на нафту былі сёлета ў першыя дні кастрычніка. Тады барэль Brent каштаваў 86,29 даляра. Гадавы мінімум быў 18 сьнежня — 56,26 даляра. Па выніках 19 сьнежня цана падвысілася да 57,60 даляра. Падобная гісторыя з нафтай WTI: максымум у 76,41 даляра на пачатку кастрычніка, а 18 сьнежня — гадавы мінімум у 46,24 даляра.
Прычынай чарговага зьніжэньня цэны стала няўпэўненасьць інвэстараў у пэрспэктывах амэрыканскага фондавага рынку і сусьветнай эканомікі агулам. Таксама экспэрты адзначаюць, што рынак яшчэ не адчуў скарачэньне прапановы нафты, хоць OPEC і Расея (то значыць, амаль усе асноўныя краіны-здабывальнікі нафты) дамовіліся скараціць здабычу ў першай палове 2019 году.
Ад цэнаў на нафту залежыць эканоміка Расеі, а сьледам за ёй — Беларусі. Бюджэт Беларусі на 2019 год разьлічаны зь меркаваньняў, што барэль нафты будзе каштаваць 60 даляраў. У Расеі лічаць «прымальнай» цану ў 55–65 даляраў за барэль нафты.