Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня хоча гаварыць пра нафту і газ без палітычных саступак Беларусі. Што гэта значыць?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на сустрэчы 6 сьнежня
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін на сустрэчы 6 сьнежня

Здача сувэрэнітэту «кавалкамі» ці патрабаваньне стварэньня расейскай вайсковай базы ў Беларусі? Чаго Расея дамагаецца ад Беларусі нафтавымі і газавымі «манэўрамі», тлумачаць экспэрты.

Віцэ-прэм’ер ураду Расеі Дзьмітры Козак 11 сьнежня на сустрэчы з дэлегацыяй ураду Беларусі на чале зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Ляшэнкам ня стаў абмяркоўваць тэмы кампэнсацыі стратаў беларускаму боку ад расейскага падатковага манэўру і зьніжкі цаны на газ.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Козак не палічыў магчымым абмяркоўваць эканамічныя пытаньні да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Пацьвердзіць праўдзівасьць гэтай заявы ў расейскім і беларускім урадам пакуль не ўдалося. Чакаецца, што 13 сьнежня ў Берасьці, падчас пасяджэньня Саўміну так званай Саюзнай дзяржавы, гэтую тэму могуць зноў закрануць.

Эканаміст і палітоляг патлумачылі Свабодзе, ці можна лічыць ультыматумам словы Козака.

«Расея хоча саюз, дзе Беларусь мела б статус, як у Чачэніі»

Такія паводзіны віцэ-прэм’ера Расеі сьведчаць пра ціск, каб стварыць новы Савецкі Саюз, упэўнены кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Адно з тэарэтычных абмеркаваньняў у Крамлі, што Беларусь пасьля 2021 году, каб забясьпечыць Пуціну палітычную будучыню, можа ўвайсьці ў новы Савецкі Саюз 2.0, дзе ў Беларусі будзе статус Чачэніі ці Абхазіі. Гэта даводзіць да ярасьці Лукашэнку», — кажа Яраслаў Раманчук.

Адзінае, што можа абараніць Беларусь ад такога саюзу — рэформы і мараторый на далейшую інтэграцыю, лічыць эканаміст.

«Беларусі трэба рабіць моцныя хады — мараторый на ўдзел у ЭАЭС, каб зусім інакш падысьці да стасункаў з суседам».

Таксама Беларусі трэба праводзіць унутраныя эканамічныя рэформы, каб стаць зручнай для эўрапейскага і нават расейскага бізнэсу. Стварэньне добрых умоў для замежнага капіталу можа ўратаваць ад такой інтэграцыі, дадае Раманчук.

«Расея хоча здачы нацыянальнага сувэрэнітэту Беларусі»

Праз такія заявы Расея проста шантажуе Лукашэнку, каб дамагчыся ад яго новых крокаў у здачы незалежнасьці. Пра гэта кажа палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Гэта шантажысцкі крок з боку Крамля, рэакцыя на словы Лукашэнкі пра газ, за якія той прасіў прабачэньня. Ён вынес гэта ў публічную прастору, а яны вынесьлі аргумэнты пра інтэграцыю. Расея хоча ад Беларусі нейкіх не сымбалічных, а рэальных крокаў. Напэўна, здача рэальных элемэнтаў сувэрэнітэту. Гэта можа быць вайсковая база ці нешта іншае».

Палітоляг кажа, што гэтая пагроза для Беларусі ня новая. Але цяпер яна суправаджаецца публічнымі выказваньнямі.

Цяпер паміж Беларусьсю і Расеяй два асноўныя эканамічныя пытаньні: страты ад падатковага манэўру Расеі ў нафтавай галіне і цэны на газ для Беларусі. Ад падатковага манэўру Беларусь можа страціць 11 мільярдаў даляраў, а цэны на газ Лукашэнка раней назваў «менш выгаднымі, чым для Нямеччыны».

«Расея запатрабуе глябальных саступак»

Да поўнай страты сувэрэнітэту Беларусі ёсьць яшчэ што губляць, перакананая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Я цалкам дапускаю, што нашы ўлады пагодзяцца разьмясьціць у Беларусі расейскую вайсковую базу. Праз гэта мы зможам балянсаваць яшчэ нейкі час, з аднаго боку атрымліваючы грошы з Расеі, а з другога боку спрабуючы наладзіць эканамічныя стасункі з Эўразьвязам», — заявіла ў інтэрвію Свабодзе апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Але пры гэтым, падкрэсьліла Канапацкая, беларуская ўлада ня хоча ісьці на сур’ёзныя зьмены ўнутры краіны. Між тым, лічыць дэпутатка, у беларускай улады цяпер як ніколі ёсьць шанцы для разьвіцьця эканамічнага і інвэстыцыйнага патэнцыялу краіны.

«Гэта запатрабуе сур’ёзных структурных рэформаў у эканоміцы. Але калі гэта зрабіць, то нават магчымыя страты ад расейскага падатковага манэўру і цаны газу ня будуць для Беларусі крытычнымі. А калі нічога не мяняць, то для нас гэта скончыцца катастрофай», — кажа Ганна Канапацкая.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін зьбіраюцца правесьці яшчэ адну сустрэчу да Новага году.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG