Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «бабло» і «мэрсэдэсы» на спартовай нарадзе казаў сам Лукашэнка

абноўлена

Удзельнікі нарады па спорце пацьвердзілі Свабодзе праўдзівасьць запісаў Ўладзімера Дражына, які занатаваў словы Аляксандра Лукашэнкі наконт «бабла», «мэрсэдэсаў».

Нарада з Аляксандрам Лукашэнкам, прысьвечанай летнім відам спорту, прайшла 18 сьнежня. Пад час нарады былы віцэ-прэм’ер і амбасадар у Літве Ўладзімер Дражын зрабіў запісы ў блакноце наконт «бабла», «мэрсэдэсаў» і «цёлак». Гэты запіс выхапіла камэра тэлеканалу АНТ.

Ляпарская: «Няхай адразу пакажуць вынік, а потым будуць мець усё»

Галоўная трэнэрка нацыянальнай зборнай у мастацкай гімнастыцы, намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Ірына Ляпарская кажа, што «мэрсэдэсы» сапраўды гучалі ў кантэксьце высокага спартовага выніку: дасягнуў нечага — маеш права жыць па сродках.

Прэзыдэнт усё правільна сказаў: раней езьдзілі на „мэрсэдэсах“, а цяпер ня езьдзяць, бо няма чым пахваліцца.

«Прэзыдэнт усё правільна сказаў: раней езьдзілі на „мэрсэдэсах“, а цяпер ня езьдзяць, бо няма чым пахваліцца, — патлумачыла Ляпарская. — Ягоная лёгіка зразумелая: няхай спачатку пакажуць вынік, заробяць, а потым усё гэта мець будуць. Не раздаваць авансы, а ўзнагароджваць толькі за рэальную працу. Я ў гэтым сэнсе яго цалкам падтрымліваю».

Старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, у мінулым кідальнік молату, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі са сьмехам заўважыў, што ня можа адказваць за кожнага калегу, хто робіць паметкі падчас такіх нарадаў. У інтэрвію Свабодзе ён паведаміў, што словы «бабло» і «мэрсэдэсы» гучалі ў кантэксьце гаворкі пра больш ашчаднае расходаваньне бюджэтных сродкаў.

«З улікам, што сёньня спорту ў нас і так нямала ўвагі, трэба абыходзіцца тым, што ёсьць, — сказаў Дзевятоўскі. — Іншымі словамі, неабходна больш граматна ажыцьцяўляць аптымізацыю, рабіць стаўку на традыцыі, у якіх відах большыя шанцы. Ну а як хто гэта ўсё інтэрпрэтуе, мне цяжка камэнтаваць.

Гаворка пра тое, што дадатковых грошай на спорт, магчыма, ня будзе.

Зразумела, кожны пачутае ўспрымае па-свойму, але важны сам кантэкст. Не было такога: жыраваць ці не жыраваць. Гаворка пра тое, што дадатковых грошай на спорт, магчыма, ня будзе. Бо калі правільна расставіць прыярытэты, дастаткова і наяўных сродкаў».

Дзевятоўскі: «Ня памятаю, каб хтосьці казаў пра „цёлак“»

Ці згадваліся ў нейкім кантэксьце «цёлкі», якіх занатаваў Уладзімер Дражын?

«Шчыра кажучы, ня чуў, — кажа Дзесятоўскі. — Я ўсё разумею: чатыры гадзіны ішла нарада, усе стаміліся, але каб ад некага прагучала такое слова, ня памятаю. Асабіста я ня ведаю, адкуль яно ўзялося. Тым больш я быў засяроджаны на сваім дакладзе — паверце, вялікая адказнасьць выступаць на такім сходзе і трымаць справаздачу за лёгкую атлетыку. Таму магу казаць толькі за сябе: спорт вялікіх дасягненьняў патрабуе дзяржаўнай увагі, але за такога кшталту ўкладаньні таксама трэба адказваць».

Нарада аб разьвіцьці летніх відаў спорту адбылася 18 сьнежня. Аляксандар Лукашэнка абурыўся сытуацыяй у беларускім спорце — маўляў, «бабла» ўкідваецца шмат, а аддачы ніякай. Менавіта слова «бабло» зьмяшчае адна з прыведзеных агенцтвам БелТА цытатаў.

Тэлеканал АНТ паказаў у выніковым эфіры 18 сьнежня відэасюжэт пра спартовую нараду. У матэрыяле апэратар зьняў нататкі аднаго з удзельнікаў — Уладзімера Дражына. На буйным пляне відаць, што аўтар занатаваў: «Бабла мало, мерседесов нет, тёлки на задне...». Пасьля гэтага сказ абрываецца.

Сам Уладзімер Дражын пацьвердзіў «Нашай ніве», што ён быў на гэтай нарадзе, і не запярэчыў, што паказалі ягоныя нататкі.

Камэнтар прэсавай сакратаркі Лукашэнкі пакуль не ўдалося атрымаць.

Як дзяржаўныя СМІ раней «цэнзурылі» Лукашэнку

Ня раз бывала так, што нейкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі не перадаваліся большай часткай дзяржаўных выданьняў — але нейкае адно давала «дадатковае» выказваньне.

Напрыклад, тэлеканал АНТ паказаў, як Лукашэнка заявіў, што сярод іншага «гной вывозіць на палі» гэта таксама праца ўраду, а прэс-служба Лукашэнкі і шэраг дзяржаўных СМІ перадалі ўсю фразу акрамя ўрыўку пра гной.

Раней прэс-служба Лукашэнкі «зацэнзурыла», напрыклад, словы Лукашэнкі пра тое, што студэнтаў, якія вучацца на аграномаў, на першым курсе трэба «акунаць у г...но» — з пэдагагічнай нарады перадавалі шмат чаго, а гэтай фразы не было ў тэксьце, толькі на жывой відэатрансьляцыі.

Таксама прэс-служба Лукашэнкі не перадавала, напрыклад, як Лукашэнка разважаў, якім павінен быць белы колер — а ў вячэрніх навінах тое паказалі.

Газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» таксама выдавала, што іншыя «змаўчалі»: калі Лукашэнка хваліў расейскае ТВ, ён, як стала вядома праз СБ, казаў таксама: «Але нам ні ў якім разе нельга скаціцца на тыя пазыцыі і тыя формы работы, якія сёньня існуюць на расейскіх каналах».

Паводле крыніцаў «Нашай нівы», адказнасьць за ляп чыноўніка прынамсі аднойчы пераклалі на журналіста АНТ, які гэта перадаў. У 2016 годзе за інтэрвію (ужо былога) віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна пра «самыя сучасныя трафікі» журналістку адхілілі ад эфіру, разглядалі звальненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG