Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Маскоўскага раёну 18 сьнежня не прыняў рашэньня па скарзе Ганны Красулінай


Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Наступнае паседжаньне — 19 сьнежня а 10-й раніцы. АГіМ Маскоўскага РУУС павінен прадставіць суду дакумэнт для службовага карыстаньня, а Красуліна — пацьверджаньне сплаты штрафу.

Судзьдзя — Вольга Гусакова. Адвакатка Ганны Красулінай — Натальля Мацкевіч. Красуліна выступіла з хадайніцтвам, каб у працэс дапусьцілі прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлу.

У судовай залі — прадстаўнікі расейскай, швэдзкай і амэрыканскай амбасадаў, два супрацоўнікі міграцыйнай службы Маскоўскага РУУС.

Ганна Красуліна просіць далучыць да справы два артыкулы — скрыншоты з парталаў tut.by і naviny.by, дзе апублікаваны камэнтар начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна наконт высылкі Красулінай.

Красуліна: «Рашэньне аб высылцы лічу неабгрунтаваным і незаконным»

Красуліна заявіла ў судзе, што рашэньне Маскоўскага РУУС аб высылцы лічыць неабгрунтаваным і незаконным, яно, на яе погляд, парушае яе канстытуцыйныя правы. І прадставіла суду свае пярэчаньні.

Са студзеня 2002 году Ганна пражывае ў Менску. Спачатку яна была прапісаная зь сям’ёй у кватэры бацькоў мужа, да 2011 года сям'я Красуліных жыла ў інтэрнаце. Потым пабудавалі ўласную кватэру, дагэтуль выплачваюць крэдыт. Расейскага грамадзянства Ганна не мяняла на беларускае. У Беларусі яна ніколі не адчувала сябе замежнай грамадзянкай. Муж — дацэнт БДУ, сын — асьпірант, дачка — студэнтка БДУ. У 2005 годзе ў Беларусь пераехалі бацькі Красулінай, яны пажылыя людзі, маюць праблемы са здароўем.

Красуліна мае 3 групу інваліднасьці пасьля ДТП, у якое трапіла ў Маскве ў 1993 годзе. Атрымлівае пэнсію па інваліднасьці — 204 рублі. Афіцыйна яна не працуе, зьяўляецца валянтэркай і прэс-сакратаркай АГП.

«Шанцаў працаўладкавацца ў мяне мала, іншых сродкаў існаваньня, акрамя сьціплай пэнсіі і ўтрыманьня мужа, няма. У выпадку высылкі мужу давядзецца ўтрымліваць яе за мяжой, а таксама дачку-студэнтку. На заробак дацэнта гэта немагчыма.

У Маскоўскім РУУС спасылаюцца на дакумэнт „для службовага карыстаньня“ № 916, дзе нібыта выкладзеныя ўсе падставы для высылкі. Але зь ім мяне не азнаёмілі», — кажа Ганна Красуліна.

Яна зьвярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН і не разумее, якую пагрозу грамадзкаму парадку Беларусі яна нясе.

Усе штрафы Красуліна сплаціла, парушэньні былі ў 2016 і 2017 гадах, апошні штраф за безьбілетны праезд быў аплачаны 23 сакавіка 2018 году адразу ж на месцы. Высылку яна лічыць празьмерным захадам.

«У рашэньні аб маёй высылцы няма здаровага сэнсу, я лічу яго зьдзекам», — кажа Ганна.

Міграцыйная служба не гатовая прадставіць «дакумэнт для службовага карыстаньня»

Старшы інспэктар аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Філіп Карацупа казаў агульныя фразы пра шанаваньне замежнікамі нацыянальных традыцый і выкананьне заканадаўства. Ён таксама паведаміў, што адзін штраф за 21.04.2017 году за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве Красулінай не аплачаны, на што і Красуліна, і яе адвакатка Мацкевіч запярэчылі.

Зьлева — старшы інспэктар аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Філіп Карацупа
Зьлева — старшы інспэктар аддзелу грамадзянства і міграцыі Маскоўскага РУУС Філіп Карацупа

На пытаньне адвакаткі, якую канкрэтную пагрозу грамадзкаму парадку Беларусі можа нанесьці Красуліна, старшы інспэктар Карацупа не адказаў. На яго думку, высылка не паўплывае на асабістае жыцьцё Красулінай і яе сям’і, не парушае ніякіх правоў асобы. Прызнаўся, што ў ягонай практыцы падобных спраў аб высылцы замежнікаў не было. На пытаньне адваката і прадстаўніка БХК, на які канкрэтна закон, дакумэнт спасылаецца старшы інспэктар, ён адказаў, што на «тэорыю дзяржавы і права». Паганяйла запярэчыў, што гэта прадмет для студэнтаў, а не закон.

Гары Паганяйла запатрабаваў прадставіць дакумэнт для службовага карыстаньня, у якім нібыта зафіксаваныя ўсе падставы для высылкі Красулінай, для азнаямленьня ўдзельнікам працэсу (на яго ёсьць спасылка ў матэрыялах справы). Міліцыянты адказалі, што не гатовыя гэта зрабіць, а чым гэта рэглямэнтуецца, яны ня ведаюць.

Адвакатка просіць дачакацца рашэньня Камітэту па правах чалавека ААН

Адвакатка Натальля Мацкевіч пасьля спрэчак зь міграцыйнай службай заявіла хадайніцтва аб прыпыненьні справы да разгляду яе ў міжнародных інстанцыях, у прыватнасьці, у Камітэце па правах чалавека. Яна ўказала на прабел у беларускім заканадаўстве.

Гары Паганяйла спаслаўся на артыкул 61 Канстытуцыі Беларусі, дзе зафіксаванае права грамадзян зьвяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі, пералічыў пакты і міжнародныя дамовы, да якіх далучылася Рэспубліка Беларусь.

Таксама адвакатка Натальля Мацкевіч зьвярнулася з хадайніцтвамі аб запатрабаваньні судом дакумэнту № 916 «для службовага карыстаньня» ад АГіМ Маскоўскага раёну, а таксама матэрыялаў праверкі.

Прадстаўнікі АГіМ пагадзіліся дакумэнт прадставіць толькі судзьдзі, але не для агалошваньня ў адкрытым паседжаньні.

Адвакатка хадайнічала, каб у суд запрасілі намесьніка начальніка Маскоўскага РУУС Каладзінскага, які прымаў рашэньне аб высылцы Красулінай, бо прадстаўнік АГіМ Філіп Карацупа ня змог патлумачыць сапраўдныя прычыны высылкі. Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.

Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?

Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».

Ганна Красуліна
Ганна Красуліна

Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:

  1. пікет падчас выбарчай кампаніі;
  2. сустрэча з ізалятара затрыманых;
  3. сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.

У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.

Тэрмін высылкі: 1 год.

Хто такая Красуліна?

Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.

Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.

Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?

У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG