Расейская амбасада ў Менску атрымала адказ на сваю ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды высылкі з краіны грамадзянкі Расеі, прэсавай сакратаркі АГП Ганны Красулінай.
Расейская амбасада ў сваёй ноце, дасланай у МЗС у лістападзе, зьвяртала ўвагу беларускіх уладаў на цяжкі стан здароўя састарэлых бацькоў Ганны, якія жывуць у Лагойску.
Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што з МЗС Беларусі ў амбасаду прыйшоў адказ, які ёй пераказалі расейскія дыпляматы.
«Сутнасьць адказу наступны: Красуліна не паважае Канстытуцыю і парушае нацыянальныя традыцыі беларусаў. Што тычыцца павагі да Канстытуцыі, то тут вялікае пытаньне, хто з нас — я ці міністар унутраных спраў — больш яе паважае і змагаецца за тое, каб яна рэальна стала Асноўным законам Рэспублікі Беларусь, перад якім усе (абсалютна ўсе) роўныя, якую б пасаду хто не займаў і якую б форму на сябе ні апранаў? А што тычыцца нацыянальных традыцыяў, то тут мне наагул незразумела, пра што канкрэтна ідзе гаворка», — кажа Ганна Красуліна.
Свабода спрабавала даведацца што ў МЗС разумеюць пад “беларускім традыцыямі”, але адказу з замежнапалітычнага ведамства не атрымала.
Літоўскія дэпутаты заступіліся за Ганну Красуліну
Тым часам у Сойме Літвы лідэр фракцыі «Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты» Габрыеліс Ландсбергіс, сябра фракцыі Жыгімантас Павілёніс і кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Лаўрынас Кашчунас выступілі з супольнай заявай у падтрымку правоў прэсавага сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Ганны Красулінай, якую беларускія ўлады зьбіраюцца выслаць з краіны.
Яны ацэньваюць такія дзеяньні «ня толькі як спробу расправы з чалавекам за яго палітычную дзейнасьць, што само сабой зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека, але і разглядаюць гэта як імкненьне нанесьці ўдар па палітычнай апазыцыі, якая крытыкуе рэжым Лукашэнкі».
Літоўскія дэпутаты заклікалі да неадкладнага прыпыненьня працэсу высылкі.
Што важна ведаць пра высылку Ганны Красулінай?
Міграцыйная служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 13 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганьне Красулінай пра рашэньне аб яе высылцы «ў інтарэсах грамадзкага парадку».
Прычынай для высылкі Красулінай сталі адміністрацыйныя правапарушэньні:
- пікет падчас выбарчай кампаніі;
- сустрэча з ізалятара затрыманых;
- сплачаны на месцы штраф за неаплачаны праезд.
У АГП лічаць, што матывы дэпартацыі — палітычныя.
Тэрмін высылкі: 1 год.
Хто такая Красуліна?
Ганна Красуліна нарадзілася ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства. Сваіх бацькоў Красуліна перавезла ў Беларусь.
Красуліна мае пасьведчаньне на жыхарства ў Беларусі да 30 студзеня 2019 году.
Каго яшчэ высылалі і дэпартавалі зь Беларусі?
У 2011 годзе беларускія ўлады дэпартавалі з краіны журналіста газэты «Маскоўскі камсамолец» Ігара Кармазіна, заявіўшы, што ён нясе пагрозу бясьпецы краіны.
У 2014 годзе ўлады пазбавілі віду на жыхарства і дэпартавалі на 3 гады праваабаронцу Алену Танкачову. Сёлета Танкачова атрымала дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.
Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў 1997 годзе пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У 2003 годзе прадстаўніцтва НТВ у Беларусі зачынілі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.
У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.
13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь, нягледзячы на дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У чэрвені 2004-га за парушэньне «правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў» дэпартавалі ва Ўкраіну на 5 гадоў намесьніка рэдактара газэты «Время» Міхаіла Падаляка.