Пракуратура Магілёўскай вобласьці выявіла парушэньні ў працы Асіповіцкага РАУС і рады грамадзкага пункту аховы правапарадку.
Міліцыя не кантралявала жыхара Асіповіцкага раёну, які 14 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, і не прадухіліла забойства, паведамляе пракуратура Магілёўскай вобласьці.
Жыхар вёскі Перарожкі Асіповіцкага раёну пасьля сумеснага ўжываньня алькаголю і сваркі на глебе рэўнасьці 23 лістапада 2018 году забіў сваю сяброўку. На мужчыну завялі крымінальную справу паводле ч. 3 ст.147 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Пракуратура Асіповіцкага раёну правяла праверку і высьветліла, што мужчына раней 14 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку за прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, хуліганства, згвалтаваньне. Ён нідзе не працаваў, злоўжываў алькаголем, знаходзіўся на прафіляктычным уліку ў Асіповіцкім РАУС, аднак у РАУС не кантралявалі яго і не праводзілі зь ім прафіляктычную працу.
Рапарты супрацоўнікаў міліцыі былі фармальнымі, лічаць у пракуратуры, у іх не было пазначана, што мужчына злоўжывае алькаголем.
Нягледзячы на тое, што паводзіны мужчыны разглядалі на пасяджэньні рады ў сельскім выканкаме, яго запрашалі туды толькі ў ліпені як раней судзімага (не зьявіўся на паседжаньне), а таксама ў кастрычніку 2018 году за расьпіваньне алькагольных напояў у грамадзкім месцы. Па выніках пасяджэньня рада абмежавалася папярэджаньнем.
На думку пракуратуры Асіповіцкага раёну, забойства не адбылося б, калі б міліцыя кантралявала мужчыну і праводзіла зь ім прафіляктычныя захады.
Па выніках праверкі пракурор Магілёўскай вобласьці запатрабаваў ад начальніка Асіповіцкага РАУС ліквідаваць выяўленыя парушэньні і прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія іх дапусьцілі.