Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня Лукашэнкі з Масквой: ход амбасадарам


Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі Петэрам Дэтмарам (зьлева), 11 сьнежня
Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі Петэрам Дэтмарам (зьлева), 11 сьнежня

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амбасадарам Нямеччыны Пэтэрам Дэтмарам можа разглядацца як сродак ціску на Расею напярэдадні перамоваў аб кампэнсацыі падатковага манэўру.

Сам факт прыёму прэзыдэнтам дзяржавы кіраўніка замежнай дыпляматычнай місі — зьява адносна рэдкая. Як кажуць, ня царская гэта справа. Нават міністар замежных спраў сустракаецца з амбасадарамі ня надта часта, для гэтага павінна быць сур'ёзная прычына.

Час ад часу Лукашэнка прымае паслоў, але нагодай звычайна зьяўляецца пачатак або заканчэньне дзейнасьці дыплямата ў краіне. Ці напярэдадні нейкага важнага візыту. Напрыклад, перад прыездам у Менск прэзыдэнта Азэрбайджана Ільхама Аліева Лукашэнка сустракаўся з азэрбайджанскім амбасадарам Латыфам Гандзілавым. А каб проста так прыняць замежнага пасла ў сярэдзіне яго дыпляматычнай місіі — гэта рэдкасьць.

Такія выпадкі здараюцца, калі кіраўніцтва краіны хоча даслаць у нейкую замежную сталіцу якісьці сыгнал. Такія прэцэдэнты былі і раней.

Вось, напрыклад, напачатку 2008 году Пуцін выклікаў Лукашэнку ў Сочы на дыван. Паводле Масквы, Менск не выконваў узятыя на сябе абавязацельствы. І вось напярэдадні непрыемнай размовы ў Сочы Лукашэнка робіць ход канём і падвышае стаўкі. 31 студзеня 2008 году кіраўнік дзяржавы дэманстратыўна прыняў пасла ФРГ у Беларусі Гебхарта Вайса. Размова была вельмі прыязная, Лукашэнка выказваў жаданьне разьвіваць адносіны з Нямеччынай. І пасьля гэтага паехаў у Сочы. Сыгнал Маскве быў відавочны. Маўляў, калі што, дык сьвет клінам на Расеі не сышоўся.

Здаецца, цяпер гісторыя паўтараецца. Масква і Менск пачынаюць цяжкі раунд перамоваў аб кампэнсацыі страт Беларусі ад расейскага падатковага манэўру. 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнка распавёў пра такі альгарытм перамоўнага працэсу:

«Мы дамовіліся аб такой формуле — у панядзелак-аўторак у расейскім урадзе на ўзроўні Козака і Ляшэнкі (віцэ-прэмʼеры Расеі і Беларусі) абмяркоўваюцца праблемныя пытаньні, у тым ліку — па падатковаму манэўру... Перш за ўсё па падатковаму манэўру.

У чацьвер — пасяджэньне Саюзнага Саўміна пад старшынствам Дзьмітрыя Анатольевіча Мядзьведзева — яны таксама разглядаюць гэтыя пытаньні. А на наступным тыдні мы сустракаемся з прэзыдэнтам Расеі і расставім усе кропкі над „i“, каб нам чарговы раз не ўвайсьці з нявырашанымі праблемамі ў новы год».

Але на пачатку цяжкіх перамоваў Лукашэнка вырашыў набраць палітычныя балы, каб не апынуцца перад вачыма крамлёўскіх у слабой пазыцыі. Адзіны спосаб хутка набыць палітычную вагу — гэта зрабіць добразычлівы жэсты ў бок Захаду, каб шантажаваць Крэмль.

Чаму для такога жэсту выбрана Нямеччына? А хто яшчэ? Самая моцная краіна ЭЗ, якая ў многім вызначае эўрапейскую палітыку. Можна было б такі ход зрабіць з амбасадарам ЗША. Але тут праблема. Няма ў Менску амэрыканскага пасла, ёсьць толькі часовы павераны.

І дарэчы, калі Лукашэнка нядаўна спрачаўся з Пуціным на саміце ЭАЭС у Санкт-Пецярбургу, ён якраз узгадваў Нямеччыну, параўноўваў цэны на газ для яе і для Беларусі. І сказаў вельмі сымбалічную фразу: «Але наш галоўны гандлёвы партнэр — ня ФРГ, а Расея, на жаль ці на шчасьце».

Таму выбар краіны дзеля шантажу Расеі ўяўляецца вельмі дакладным. І калі патрэба прымусіла, то можна занядбаць фармальным бокам справы. І ня так ужо важна, пра што размаўляў Лукашэнка з паслом Дэтмарам, хай нават пра надворʼе, футбол ці жанчын. Важны сам факт сустрэчы.

Іншая справа, ці дапаможа такі немудрагелісты ход амбасадарам. Але кожны гуляе тымі козырамі, якія ёсьць на руках.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG