Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абвінаваціў Нямеччыну ва ўзьвядзеньні эканамічнай сьцяны


Аляксандар Лукашэнка сказаў амбасадару Нямеччыны Пэтэру Дэтмару, што Беларусь гатовая ісьці насустрач Эўразьвязу.

Лукашэнка прыняў нямецкага амбасадара Пэтэра Дэтмара і запэўніў, што Беларусь гатовая збліжацца з ЭЗ і Нямеччынай. Ён згадаў і праблемы, якія ёсьць у эканамічных дачыненьнях дзьвюх краін, перадае БелТА.

«Вы плот пабудавалі і нават да плота нікога не падпускаеце. Горш, чым у Трампа з Мэксікай сьцяна пабудаваная, толькі яна нябачная, эканамічная. Таму мы хацелі б нарэшце зьняць гэты плот. Калі Эўрапейскі зьвяз такі прыхільнік рынкавай эканомікі, чаго тады агароджвацца?», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка папрасіў «ня ставіць Беларусь паміж выбарам, Захад ці Ўсход».

«Адзінае хачу сказаць, каб Нямеччына – хоць немцы гэта разумеюць – ніколі не ставіла нас перад выбарам. Вось амэрыканцы гэта зразумелі. Размаўляў нядаўна з памочнікам дзяржсакратара, і ён мне проста сказаў: «Мы ня хочам ставіць Беларусь перад выбарам: вы з Усходам ці вы з Захадам». Мы там, дзе мы ёсьць. Госпадам Богам гэта вызначана, і штурхаць нас туды-сюды ня трэба», – адзначыў Лукашэнка.

Нямеччына – адзін з галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі ў ЭЗ, са студзеня да кастрычніка сёлета аб’ём узаемнага гандлю склаў 2,7 мільярда даляраў, аб'ём інвэстыцый ФРГ у беларускую эканоміку – 311 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG