Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паведамілі пра пажар і сталі першымі з падазроных». Новая гісторыя пра зьдзек у міліцэйскім пастарунку?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы «Вясны» зьмясьцілі на сайце аповед студэнткі гарадзенскага ўнівэрсытэту Варвары, якая кажа пра зьдзекі і пагрозы ў міліцыі Гародні. Здарылася гэта з Варварай і яе сябрамі ў верасьні 2018 году, але гісторыя яшчэ далёка ня скончылася, дзяўчына мае намер скардзіцца ў пракуратуру. Між тым праваабаронцы, не чакаючы вынікаў праверкі, ужо зьмясьцілі гэты аповед у разьдзел пад хэштэгам #БезПраваНаРасправу, дзе зьбіраюцца гісторыі меркаваных ахвяр міліцэйскага гвалту і парушэньня правоў чалавека праваахоўнікамі. Пра што распавядае Варвара з Горадні?

Што стала бачна ў сьвятле пажару

Усё пачалося вечарам 1 верасьня. Варвара зь сябрам выбраліся для адпачынку ў лесапаласу пад горадам — там дамовілася сустрэцца кампанія моладзі. Узялі з сабой намёт, спальнікі, ежу. Сьпіртнога ня бралі, забароненых рэчываў таксама. Гэты факт потым спрацуе супроць маладых людзей, але тады — хто ж ведаў?

Дзяўчына з хлопцам толькі пад’яжджалі да месца збору, як за лесам убачылі водбліскі агню. Калі знайшлі сваіх сяброў, разам вырашылі, што гэта гарыць лес і трэба хутчэй паведаміць у МНС.

«Пазванілі і самі пайшлі да дарогі, каб сустракаць аўтамабілі. Першым прыехаў міліцэйскі патруль, распыталі нас пра пажар, перапісалі дадзеныя хлопца, які званіў у МНС. Потым мы чакалі пажарных машын, паказвалі дарогу, потым зьехалі зь лесу да таго хлопца, які паведаміў пра пажар. І вось пад раніцу да ягонага дому прыехаў міліцэйскі аўтамабіль, нас усіх забралі і павезьлі ў РАУС на размову. Сказалі, што на 15 хвілін, а аказалася — на 11 гадзін», — кажа Варвара.

Далейшы расповед дзяўчыны пра тое, што адбывалася ў Ленінскім РАУС Горадні — гэта апісаньне пагроз, зьдзекаў і парушэньня яе грамадзянскіх правоў.

Паводле Варвары, міліцыянт, які яе дапытваў, не назваўся, ёй пагражалі адлічэньнем з унівэрсытэту і адміністрацыйным арыштам, прымушалі прызнацца, што гэта яны падпалілі экскаватар, цікавіліся асабістым жыцьцём, грубілі, брыдкасловілі і нават зьдзекаваліся зь яе зьнешняга выгляду. Тое, што кампанія ня мела з сабой алькаголю, міліцыянты палічылі вельмі падазроным. Распытвалі пра крыніцы даходу, пра інтарэсы, пагражалі і зьневажалі.

Падобнае абыходжаньне зазналі і іншыя чальцы кампаніі, мяркуе Варвара. «Падняцца, тварам да сьцяны, маўчаць!» — такія загады сябрам, паводле дзяўчыны, гучалі ў калідоры райаддзелу міліцыі. Пры гэтым ім не казалі, у якім яны статусе — затрыманых ці сьведак, не давалі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, каб паведаміць пра сябе сваякам і праваабаронцам.

Толькі ў канцы дня Варвару і яе сяброў вызвалілі. Але перад гэтым двое зь іх — грамадзянін Расеі і грамадзянка Ўкраіны — мусілі прайсьці допыт на паліграфе.

Павал Сапелка: «Правяраць — любімы занятак праваахоўнікаў»

Варвара мае намер скардзіцца на міліцыянтаў зь Ленінскага РАУС Горадні ў пракуратуру. Скаргу ёй дапамагаў рыхтаваць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», былы адвакат Павал Сапелка. Празь ягоныя рукі прайшлі ўжо пяць падобных гісторый, зьмешчаных на сайце «Вясны» пад хэштэгам #БезПраваНаРасправу. Чым скончыцца гэтая, прадказаць праваабаронца не бярэцца — бо, на ягоную думку, у краіне няма адпрацаванага прававога мэханізму барацьбы з катаваньнямі ў месцах утрыманьня і зьняволеньня.

А ці разглядаюцца скаргі ўвогуле? Свабода пацікавілася ў Паўла Сапелкі, наколькі эфэктыўна скардзіцца на незаконныя дзеяньні праваахоўнікаў. Ці рэагуюць праваахоўныя ўстановы на скаргі грамадзян і на сыгналы праваабаронцаў пра такія факты? Што варта зьмяніць, каб правы затрыманых грамадзян не парушаліся?

Рэзананс — сутнасьць кампаніі «БезПраваНаРасправу»

Павал Сапелка кажа, што на ўсе 5 гісторый кампаніі «БезПраваНаРасправу» ёсьць рэагаваньне праваахоўнікаў. Але падставай для праверак рабіліся скаргі пацярпелых грамадзян, а ня ўласная ініцыятыва праваахоўнікаў, дадае праваабаронца. Гэтак, паводле Паўла Сапелкі, цяпер Сьледчы камітэт мусіць разьбірацца са скаргай менчука Качановіча, якому ў міліцыі пасьля затрыманьня зламалі нос.

Праўда, вынікам могуць быць бясконцыя праверкі — і толькі, не выключае праваабаронца.

«Праверкі — гэта любімая справа нашых праваахоўнікаў. У іх ведамасная салідарнасьць — што паказала справа мядзельскіх сьледчых, якія пакрывалі злачынства свайго калегі і мелі гэта за гонар. Але здараецца і такое, што пракуратура адмяняе пастановы аб незавядзеньні спраў на тых, хто парушае правы грамадзянаў», — сказаў Павал Сапелка і прывёў у прыклад справу кіроўцы са Смаргоні Зьмітровіча, які стаў ахвярай міліцэйскага гвалту.

Паводле зьвестак праваабаронцы, нядаўна суд прызнаў незаконным штраф, накладзены на Зьмітровіча, а пракуратура адмяніла пастанову, паводле якой была спынена крымінальная справа міліцыянтаў, якія яго зьбілі. Цяпер прызначана новая праверка.

«Вельмі важна стварыць такім справам гучны рэзананс, на што і накіраваная наша кампанія "БезПраваНаРасправу". Памятаеце справу Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарскага? Хто думаў спачатку, што ўсё ж дойдзе да суду і пакараньня вінаватага? Але дайшло», — кажа Павал Сапелка.

Другі важны складнік грамадзкай кампаніі «БезПраваНаРасправу», паводле праваабаронцы, — інфармаваць грамадзянаў пра іхнія правы і пра тое, як сябе паводзіць падчас затрыманьня.

«У сытуацыі, у якой аказаліся студэнтка Варвара з Горадні і яе сябры, можа апынуцца кожны з нас. Таму наша задача — даць падрабязныя інструкцыі, што рабіць, чаго не рабіць і як далей змагацца за свае правы», — кажа Павал Сапелка.

Прадстаўніца пракуратуры: «Усе сыгналы будуць правераныя»

Атрымаць камэнтар наконт гісторыі Варвары ў прэсавай службе МУС не ўдалося — тэлефоны не адказвалі.

У пракуратуры Беларусі прэсавы сакратар Анжэла Курчак сказала карэспандэнту Свабоды, што зьвесткі мэдыя пра пэўныя парушэньні правоў грамадзянаў з боку праваахоўнікаў абавязкова вывучаюцца і на іх ідзе рэагаваньне. Паводле супрацоўніцы пракуратуры, гэтае правіла распаўсюджваецца і на інфармацыю праваабаронцаў. «Усе сыгналы будуць правераныя», — сказала Анжэла Курчак.

Павал Сапелка зь «Вясны» нагадаў, што ў 2018 годзе ўрад Беларусі рабіў справаздачу перад Камітэтам ААН супроць катаваньняў. Праваабаронца мяркуе, што расслабляцца ўраду ня варта:

«Усё наперадзе. У траўні будучага году ўрад будзе распавядаць пра тыя захады, якія зробленыя ў сувязі з выказанымі пасьля справаздачы рэкамэндацыямі ААН. Аднак рабіць новую справаздачу будзе ня толькі ўрад, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. І, мяркую, праваабаронцы грунтоўна нагадаюць сябрам Камітэту ААН пра сытуацыю з катаваньнямі і жорсткім абыходжаньнем у Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG