Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газавая атака» Аляксандра Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Санкт-Пецярбург, 6 сьнежня 2018
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Санкт-Пецярбург, 6 сьнежня 2018

Распачаўшы скандал па пытаньні газавых цэнаў, Лукашэнка на самой справе дамагаўся саступак па кампэнсацыі за падатковы манэўр.

Чаму абмеркаваньне на саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу вылілася ў публічную спрэчку паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным наконт цаны на газ для Беларусі?

Пытаньне, як ні дзіўна, нават не ў тым, хто з іх мае рацыю, пытаньне ў тым, чаму беларускі лідэр уступіў у публічную перапалку з расейскім калегам. Цяжка прыгадаць, калі раней яны наогул дыскутавалі пад тэлекамэры.

Бывала, што прапагандысты абодвух бакоў не выбіралі слоў, здаралася, што Лукашэнка выказваўся вельмі рэзка на адрас саюзьніка на нарадах, сустрэчах з народам ці ў інтэрвію. Але прамога сутыкненьня раней не здаралася.

Гэта на першы погляд тым больш дзіўна, што адносіны менавіта ў газавай сфэры ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве як раз вызначаныя, цана на газ для Беларусі на наступны год зафіксаваная ў двухбаковых пагадненьнях. Дамова ЭАЭС прадугледжвае ўніфікацыю энэргетычных рынкаў да 2024 года. Разрыў у цэнах газу для Беларусі і Смаленскай вобласьці сапраўды немаленькі. Дык ён і раней быў значным, і да стварэньня ЭАЭС, і пасьля.

І псыхалягічна – якой рэакцыі мог чакаць Лукашэнка ад Пуціна ў адказ на яго піліпікі? Што Пуцін скажа: «Так, вы мяне пераканалі, зашмат беларусы плацяць» і загадвае перагледзець падпісаны кантракт на наступны год, які пачынаецца праз тры тыдні?

Так наўрад ці адбылося б, калі б прэзыдэнт Беларусі выстаўляў свае прэтэнзіі келейна, за зачыненымі дзьвярыма. Не адбылося хаця б таму, што новы год блізка, а бюракратычная машына не можа паварочвацца імгненна.

Але меркаваць, што Пуцін пойдзе на саступкі з нагоды прадмета публічнага спрэчкі – гэта было выключана на 150%. Для любых палітыкаў, а для аўтарытарных асабліва, страта твару, дэманстрацыя слабасьці сьмерці падобныя.

А тут нават не было магчымасьці згуляць у літасьцівага цара, саступкі ў адказ вельмі энэргічныя патрабаваньні, якія сталі вядомымі ўсім, ніколі не ўспрымаюцца гэтымі ўсімі як міласьць, толькі як слабасьць.

А Лукашэнка-та «нахіліў» Пуціна, «бацька», выходзіць, круцейшы будзе – вось так гэта, хутчэй за ўсё, успрыняла б расейская грамадзкая думка. І гэта апошняе, што трэба Пуціну.

Дык няўжо Лукашэнка гэтага не разумеў, калі пайшоў у сваю «газавую атаку»? Выдатна разумеў. Проста яна была – не пра газ, а зусім пра іншае.

Яна была аб падатковым манэўры, істотнай зьмене формулы падаткаабкладаньня гандлю нафтай. Сытуацыя з газам урэгуляваная, сытуацыя з нафтай – не. Перамовы аб кампэнсацыі Беларусі стратаў ад падатковага манэўру топчуцца на месцы, тут яснасьці пакуль няма наогул ніякай.

Пры гэтым фірмовы прыём афіцыйнага Менску – апэляцыя да адзіных правілаў у саюзе – у спрэчцы аб кампэнсацыі за манэўру ня вельмі працуе. Расея ў сабе, для сябе ўводзіць iншы парадак падаткаабкладаньня сваёй нафты. Так, Беларусь ад гэтага страціць вельмі шмат на экспартным мыце, дык і расейскі бюджэт на гэтым мыце будзе губляць. Ён, праўда, гэта кампэнсуе падвышэньнем падатку на здабычу. Але няроўнасьці, дыскрымінацыі Беларусі тут, па меншай меры фармальна, няма. Мыта памяншаецца і для Беларусі, і для Расеі, а падатак на здабычу – так здабываюць нафту ў Расеі, а не ў Беларусі. Прынамсі, няма прамой падставы сказаць, што Расея адступае ад духу саюзу, ад адзіных правілаў для ўсіх яго чальцоў.

Не тое з газам. Там няроўнасьць відавочная. 129 даляраў за тысячу кубоў для Беларусі і 70 даляраў за тую ж тысячу для суседняй Смаленшчыны – гэта не адзіныя правілы. А як жа адзінства, інтэграцыя, адзіны народ, акопы, у якіх «разам гнілі»? Тут у ідэйным сэнсе ёсьць падстава скандаліць.

Ну дык вось такі разьмен і адбыўся на саміце ЭАЭС. Ладзячы скандал па пытаньні газавых цэнаў, Лукашэнка на самой справе дамагаўся саступак па кампэнсацыі за падатковы манэўр. І Пуцін можа прадэманстраваць абсалютную непахіснасьць па пытаньні, які стаў прадметам спрэчкі. А па манэўру можа ж і саступіць. Публічна пра манэўр Лукашэнкі нічога ж не казаў, ніякіх прэтэнзій не прад'яўляў.

Але прадэманстраваў зубы, гатоўнасьць скандаліць. І намякнуў на тое, што ляяльнасьць саюзьнікаў – рэч не аўтаматычная, што яе трэба аплачваць. Як раз пра гэта – укол наконт таго, што РФ, у адрозьненьне ад Нямеччыны, галоўны гандлёвы саюзьнік Беларусі, «на жаль ці на шчасьце». А і праўда – так адразу і не скажаш, ці на шчасьце.

Пра гэты ж – і намёк у нядаўнім інтэрвію расейскаму журналісту Сяргей Брылёву, што Брексіты, наогул кажучы, у розных саюзах могуць здарацца.

Уколы, публічная спрэчка – складана сказаць, ці дасьць гэта эфэкт. Прыёмы «дыпляматыя скандалу» Лукашэнка выкарыстоўвае ў адносінах з Расеяй даўно і часта. Але ў публічным дыялёгу – мабыць упершыню.

Ёсьць некаторыя паказчыкі, што адбылося гэта невыпадкова. Зьвяртае на сябе ўвагу дзіўная заява галоўнай прапагандысткі Расеі Маргарыты Сіманян, якая прапанавала ўвесьці для Беларусі такі ж спрошчаны рэжым атрыманьня расійскага грамадзянства, як для ўкраінцаў, паколькі, паводле яе слоў, чакаюцца «кропкі напружаньня» у адносінах з Беларусьсю.

Што яна мела на ўвазе, сказаць складана. Але яна – не вольны блогер, а частка расейскай улады. Ну а на дэклярацыі аб чаканым абвастрэньні адбываецца востры ход насустрач. Асымэтрычны, зусім у іншай плашчыні, па іншым пытаньні.

І «газавая атака» на саміце ЭАЭС у гэтым сьвятле выглядае як рэалізацыя старога прынцыпу: лепшая абарона – гэта напад.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG